Бёль Генрых
Шрифт:
Больда ўключыла святло, і адразу знікла чароўнасць, зялёная і чорная чароўнасць, збегла шчасце, і нельга больш ляжаць на Больдзінай кушэтцы, якая пахне манастырскай чакальняй, і слухаць мармытанне Больды.
— Ну, сынок, нічога не зробіш, ідзі ўніз, можаш адразу легчы ў ложак, ды ты не бойся, табе, канешне, дазволяць спаць у дзядзькі Альберта.
Больда ўсміхнулася: яна знайшла правільнае, чароўнае слова — спаць у дзядзькі Альберта.
Марцін усміхнуўся Больдзе, яна ўсміхнулася ў адказ, і ён павольна спусціўся ўніз па лесвіцы. Быццам цень вялізнага, дзіўнага звера, стаяла бабуля ў дзвярах мамінага пакоя, ён пачуў, як яна пяшчотна гаворыць сваім нізкім, гучным, як арган, голасам:
— Панове, вы толькі падумайце, у мяне кроў у мачы.
I нейкі боўдзіла адказаў ёй:
— Васпані, урачу ўжо пра ўсё паведамілі.
Але тут бабуля пачула крокі Марціна, паспешна абярнулася, кінулася да сябе ў пакой, быццам каштоўную здабычу, вынесла адтуль бутэльку з мачой, і, таму што ён стаяў на трэцяй прыступцы, бутэлька аказалася перад самым ягоным носам.
— Ты толькі падумай, мой даражэнькі, зноў у мяне тое ж самае!
I ён сказаў тое, што трэба было сказаць у гэты ўрачысты момант:
— Не так гэта ўжо і страшна, дарагая бабуля, хутка прыйдзе доктар.
Упэўніўшыся, што ён надаў цёмна-жоўтай вадкасці належную ўвагу, яна нетаропка адвяла ад яго носа бутэльку і сказала тое, што прывыкла гаварыць у татя імгненні.
— Ты ў мяне добры, шкадуеш сваю бабулю.
I яму зрабілася сорамна, таму што ён ні кроплі не шкадаваў сваёй бабулі.
Як каралева, падалася яна ў свой пакой. З кухні выскачыла маці, расцалавала яго, і па яе вачах ён убачыў, што яна не раз яшчэ паплача ў гэты вечар. Ён любіў маці, яна падабалася яму, валасы яе так хораша пахлі, але часам маці рабілася такой жа дурнаватай, як людзі, якіх яна прыводзіла з сабою ў дом.
— Шкада, што Альберт павінен быў пайсці, ён бы паабедаў з табой.
— Мяне Больда накарміла.
Маці паківала галавой і ўсміхнулася, як заўсёды, калі ён расказваў, што еў Больдзіны стравы. Другая жанчына, такая ж бялявая, як і маці, падвязаўшыся брудным Больдзіным фартухом, кружкамі наразала крутыя яйкі на кухонным стале; гэтая чужая жанчына злёгку ўсміхнулася яму, і маці сказала тое, што заўсёды гаварыла ў такіх выпадках, тое, з-за чаго ён проста ненавідзеў яе:
— Вы толькі падумайце, ён любіць грубую ежу — маргарын і да таго падобнае.
А жанчына адказала тое, што і трэба было чакаць, яна сказала:
— Гэта цудоўна!
— Цудоўна! — закрычалі і іншыя дурніцы, што з’явіліся ў дзвярах мамінага пакоя.
— Выдатна! — не пасаромеліся падхапіць гэты дурны крык два мужчыны. — Выдатна! — крычалі яны.
Усіх людзей, якія прыходзілі ўвечары да яго маці, ён лічыў вельмі дурнымі, і гэтыя два дурні вынайшлі мужчынскі варыянт слова «цудоўна». Яны закрычалі: «Выдатна!» — пацягнулі яго і пачалі карміць шакаладам, падарылі завадны аўтамабіль, а калі ён нарэшце вырваўся ад іх, яму яшчэ прыйшлося пачуць услед шэпт:
— Надзвычайнае дзіця!
Які цудоўны зялёны змрок у Больдзіным пакоі, і Больдзіна кушэтка, што пахне манастырскай чакальняй, які цудоўны пакой Глума з вялікай картай на сцяне.
Ён вярнуўся на кухню, дзе ўсё тая ж дурніца наразала кружкамі памідоры, і пачуў, што яна гаворыць: «Я абажаю імправізаваныя вячэры!» Маці адкаркоўвала бутэлькі, булькала вада ў чайніку, ружовыя кавалачкі вяндліны грувасціліся на стале і вараная курыца — белае мяса з крыху зеленаватым адлівам, — і чужая бялявая жанчына сказала:
— Салат з курыцай — гэта проста ашаламляльна, дарагая Нэла!
Ён спужаўся: тыя, што называлі маці «дарагая Нэла», прыходзілі да іх часцей, чым тыя, што называлі яе проста «фрау Бах».
— Можна, я пайду ў пакой да дзядзькі Альберта?
— Так, — адказала маці,— ідзі, я прынясу табе паесці.
— А я не галодны.
— Праўда?
— Праўда! — сказаў Марцін, і яму раптам зрабілася шкада маці,— не надта ўжо шчаслівай выглядала яна, — і ён ціха дадаў: — Дзякуй, мама, я добра паеў.
— Нэла, — сказала чужая жанчына, якая ў гэты момант здзірала нажом мяса з курыных касцей, — я ўжо чула, дарагая, што ў вас жыве Альберт Мухаў, а я проста прагну пазнаёміцца з кругам людзей, якія ведалі вашага мужа. Быць у цэнтры культурнага жыцця — незвычайная асалода.
У пакоі ў Альберта было хораша: там стаяў пах тытуню і чыстай бялізны, якая заўсёды стосікамі ляжала ў ягонай шафе. Бялюткія кашулі, у зялёную палоску і ў ружавата-рудую палоску, чыста вымытыя, з цудоўным пахам. Яны пахлі гэтак жа прыемна, як дзяўчына з пральні, якая прыносіла іх; дзяўчына была такая светлавалосая, колер яе валасоў амаль не адрозніваўся ад колеру яе скуры. Пры дзённым святле яна здавалася вельмі прыгожай, і Марцін любіў яе, таму што яна была ветлівая і не гаварыла глупства. Часта яна прыносіла яму рэкламныя паветраныя шарыкі, ён надзімаў іх і гадзінамі разам з Брылахам гуляў у мяч проста ў пакоі, не баючыся што-небудзь разбіць; вялікія тугія шары з тонкай гумы, на іх красаваліся белыя надпісы: «Буфо адмые любыя плямы». На стале ў Альберта заўсёды стосам ляжала папера для малявання, а скрынка з фарбамі стаяла ў кутку каля шкатулкі з табакай.