Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

Увесь час Генрых думаў пра тое, што ягоная маці сужыцельствуе зараз з кандытарам. Гэта было вельмі дрэнна, і яму здавалася гэта значна больш распусным, чым сужыцельства з Леа.

Званы зноў зазванілі размерана і ўрачыста, святар зараз бласлаўляе паству. Затым кураць ладан і спяваюць «Tantum ergo». Ён пашкадаваў, што не пайшоў з Марцінам, яны стаялі б адзін каля аднаго ў паўзмроку між спавядальняй і дзвярыма.

Генрых хутка засвоіў, што мяч трэба падаваць рэзкім і модным ударам. Некалькі разоў яму ўжо ўдалося падаць мяч так, што маці Марціна не змагла яго адбіць. Яна засмяялася, але пачала гуляць з ім сур’ёзна, твар яе набыў засяроджаны выраз.

Цяжка было сачыць за лётам мяча і своечасова адбіваць яго. Генрых думаў зусім пра іншае: пра бацьку, пра дзядзькаў, пра кандытара, які зараз сужыцельствуе з ягонай мамай. А ў Марціна мама прыгожая, высокая, стройная, бялявая. Цяпер яна вельмі падабалася яму, асабліва калі, не перарываючы гульні, раптам паварочвалася да Вільмы і ласкава ўсміхалася ёй. Вільма ззяла, ёй таксама гэта вельмі падабалася.

Усмешка ў мамы Марціна была светлая, такая ж добрая, як і ўсё тут, — як звон званоў, як пах здобнага цеста. Усё гэта яму тут дарылі — і ўсмешку і звон званоў,— і ўсё ж падарунак заставаўся чужым. Яму зноў прыйшоў на памяць пах Леа — пах туалетнай вады і памады, успомнілася і ягоная пілачка для пазногцяў. Яна застанецца цяпер назаўсёды ў мамы ў шкатулцы з ніткамі.

Ён пачаў гуляць больш уважліва, стараўся падаваць мячы рэзка і моцна. Мячы праляталі нізка над сеткай, і мама Марціна ледзь паспявала адбіваць іх.

— З табой, дружок, не пажартуеш! — сказала яна.

Але неўзабаве ўсе вярнуліся з царквы, і ім давялося спыніць гульню. Марцін кінуўся да маці і моцна абняў яе. Глум ссунуў сталы на верандзе, а Больда накрыла іх вялікім зялёным абрусам і расставіла талеркі.

Свежае, толькі што збітае масла вільготна паблісквала ў маслёнцы.

— А пра слівавае варэнне ты і забылася! — сказаў Віль сястры. — Дзеці яго вельмі любяць!

— Прынясу, прынясу, — адгукнулася старая. — Што ўжо там дзеці, ты і сам да яго вельмі ласы!

Віль пачырванеў, усе засмяяліся. Глум ляпнуў яго па спіне і з ухмылкаю прахрыпеў: «Не бянтэжся, сябрук!» I ўсе зноў засмяяліся. Вільме пара было спаць, але ёй дазволілі яшчэ крыху пасядзець. Усе заспрачаліся, дзе яе пакласці. Усе, акрамя маці Марціна, наперабой загаманілі: «Са мной!», «У мяне!» — але калі нарэшце пра гэта запыталі Вільму, яна адразу ж падбегла да брата. Генрых нават пачырванеў ад радасці.

У рэстаране было шумна. Людзі прыходзілі, адыходзілі. За столікамі клікалі кельнерку, патрабавалі піва. Больда паднялася, адсунула крэсла і сказала: «Пайду дапамагу на кухні». Глум узяў пусты мех і пайшоў на двор — напхаць у яго саломы; успацелы Віль насіўся па доме, збіраў коўдры, а Генрых з Марцінам падняліся наверх у пакой над верандай, дзе для іх паслалі вялікі двухспальны ложак. Там паклалі і Вільму.

Сцямнела. На кухні Больда з кельнеркай мылі посуд, гаманілі, смяяліся. Маці Альберта пайшла ў залу за стойку, з рэстарана чуліся воклікі, смех. Генрых выглянуў у акно. У двары мігцелі два цьмяныя агеньчыкі: Глум і Віль, пакурваючы люлькі, сядзелі на лаўцы каля паветкі. На верандзе засталася толькі маці Марціна. Яна сядзела каля стала, курыла і задумліва глядзела ў цемру.

— Дзеці, тушыце святло і ў ложак, хуценька! — пачулі яны яе голас.

I тут толькі Марцін успомніў, што ён увесь вечар не бачыў Альберта. Ён крыкнуў у акно:

— Мама, а дзе дзядзька Альберт?

— Ён хутка вернецца. Яны паехалі з бабуляй.

— А куды?

— У Брэрніх.

— А навошта?

Маці памаўчала. Затым зноў пачуўся яе голас:

— Там Гезелер. Ён павінен з ім пагаварыць.

Марцін замоўк. Абапёршыся на падаконнік, ён глядзеў уніз на цёмную веранду. За яго спінай шчоўкнуў выключальнік, зарыпелі спружыны. Генрых залез на ложак.

— Гезелер? — крыкнуў у цемру Марцін. — Значыцца, Гезелер жывы?

Маці не адказала, і Марцін здзіўлена падумаў, што ніколькі не ўсхваляваны з’яўленнем Гезелера. Ён ніколі не гаварыў з Генрыхам пра смерць бацькі. Гісторыя з Гезелерам здавалася яму занадта заблытанай і сумніўнай, як і ўся бабуліна прамудрасць. Імя Гезелера так настойліва ўбівалі яму ў галаву і так настойліва прымушалі паўтараць, што яно перастала страшыць яго. Значна больш страшным было тое, што здарылася там, у падзямеллі, дзе вырошчвалі грыбы. Там было ўсё страшней і прасцей. У гэтым падзямеллі забілі чалавека, які напісаў партрэт таты. Там білі і катавалі тату і дзядзьку Альберта. Праўда, нацы, якія зрабілі ўсё гэта, ён уяўляў сабе даволі цьмяна. Магчыма, яны і сапраўды не такія ўжо і страшныя? Але склеп ён бачыў сам, на ўласныя вочы! Смярдзючыя цёмныя калідоры, пюпітры з пачварнымі кнопкамі, пастарэлы твар дзядзькі Альберта, які заўсёды гаварыў праўду. А вось пра Гезелера Альберт гаварыў з ім вельмі рэдка. Унізе зацягнулі новую песню:

На лясным ускрайку, дзе блукаюць лані, У малой хацінцы нарадзіўся я. Помніцца юнацтва, першае каханне, Назаўсёды ў сэрцы ты — зямля мая.

Марцін выпрастаўся, адышоўся ад акна і асцярожна залез у ложак. Вільма ўткнулася галоўкай яму ў плячо. Марцін павярнуўся да Генрыха і ціха спытаў:

— Ты спіш?

I Генрых адразу ж гэтак жа ціха, але выразна адказаў:

— Не, не сплю.

«У малой хацінцы нарадзіўся я», — спявалі ўнізе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: