Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

Яна ўсміхнулася і адсунула рваную шырму ў куце і нават здрыганулася ад нечаканасці: перад ёй на падлозе стаялі знаёмыя фанерныя фігуркі — яны пакрыліся пылам і павуціннем, але яркія фарбы да гэтага часу не вылінялі. Яна стрэсла павуцінне рукой. Так, гэта былі яны, бамбергераўскія героі германскіх сагаў, менавіта такія ж, як на малюнках. Набор такіх фігурак Бамбергер выдаваў у якасці прэміі пастаянным сваім пакупнікам. Жаўтавалосы Зігфрыд у ярка-зялёным камзоле замахнуўся кап’ём на ядавіта-зялёнага дракона. Зусім як Георгій Пабеданосец! Каля яго — Крымгільда, Фолькер і Гагена і яшчэ гэты, прыгожанькі, як жа яго звалі? Так, Гізельгер! Фанерныя фігуркі былі прыбіты да шырокай рудой планкі з ярка-жоўтым надпісам: Дамашнія локшыны Бамбергера.

Яна не пачула, як у каморку зайшоў кандытар. Ён асцярожна паклаў руку ёй на плячо.

— Усё гатова! Ідзі паглядзі свой пакой. Божа ж мой, ты зноў плачаш? Што з табой?

Яна моўчкі скінула ягоную руку з пляча, падняла з падлогі планку з фанернымі фігуркамі і, нават не глянуўшы на яго, панесла яе ў свой пакой.

Кандытар ішоў услед за ёй.

— Навошта яны табе?

— Павешу на сцяну, — адказала яна праз слезы.

— Гэтую дрэнь! Кінь яе, я куплю табе добрыя карціны, сапраўдныя! — сказаў ён і, памаўчаўшы, нясмела дадаў: — Горнае возера, капліцу ў лесе або лань на лужку — усё, што ты захочаш! Не вешай ты ў сябе гэтую дрэнь!

— Пакінь мяне, — сказала яна, — мне гэта падабаецца.

У пакоі панаваў ужо поўны парадак: яе сукенкі віселі ў шафе, посуд быў акуратна расстаўлены па скрынках камоду, а скрынку з цацкамі кандытар паставіў пад ложак. У куце стаяў ложачак Вільмы.

— Хіба Вільма тут будзе спаць? — спытала яна.

— Ты мяркуеш, нязручна?

— Не ведаю, — нерашуча сказала яна, паставіла на камод планку з бамбергераўскімі фігуркамі і дадала: — Дзецям гэта спадабаецца!

— Гэта ж дзяшоўка, лубок! — сказаў ён і адвярнуўся.

Яна падсунула да сябе сваю сумку і пачала вынімаць адтуль дробныя рэчы. Перш за ўсё яна дастала фотаздымак мужа і павесіла яго над узгалоўем ложка на цвіку, на якім паблісквала, бы вяночак, меднае кольца ад ранейшай карцінкі.

— Навошта ж тут? — сказаў ён.

— Мне так хочацца, і пакінем гэта!

Яна выцягнула з сумкі старую запальнічку і рэзка, з гру катам, паставіла яе на камод; услед за запальнічкай — гадзіннік на зношаным скураным раменьчыку. Затым яна хуценька нахілілася, пакорпалася ў скрынцы з цацкамі і дастала брызентавы чахол, у якім Карл насіў свой кацялок. Чахол заняў сваё месца на камодзе каля гадзінніка і запальнічкі.

— Дзе мая шкатулка з ніткамі? — запытала яна.

— Вось яна, — адказаў кандытар і высунуў адну са скрыначак камода. Яна вырвала шкатулку ў яго з рук, знайшла ў ёй пілку для пазногцяў — памяць пра Леа, і паклала яе на камод каля брызентавага чахла.

— Ідзі,— ціха сказала яна, — я хачу пабыць адна.

— Я хацеў толькі паказаць табе ванную, а вось ключ ад дзвярэй кветніка на даху.

— Божа, — сказала яна, — пакінь ты мяне ў спакоі хоць на пяць хвілін!

— Навошта табе ўвесь гэты хлам? Я куплю табе новы гадзіннік і запальнічку — твая ж заржавела і не працуе.

— Божа мой! Сыдзі ты нарэшце!

Кандытар падаўся да дзвярэй.

Яна зашмаргнула штору, легла на ложак, нагамі да ўзгалоўя, і доўга глядзела на ўсмешлівага фельдфебеля на фотаздымку, што вісеў перад ёй. Справа на камодзе стаялі героі германскіх сагаў; іхняя яркая расфарбоўка была бачная нават у змроку. Яна адшукала вачыма свайго ўлюбёнца — мужнага і адначасова задумліва-пяшчотнага Фолькера ў чырвоным камзоле, з зялёнай лірай у руках. На планцы ён стаяў каля Гагена.

Яна думала зараз не пра Лea і нават не пра загінуўшага мужа, а пра яго, пра другога, чыя шчака на імгненне дакранулася да яе шыі. Яна спадабалася яму! Мабыць, ён зараз таксама думае пра яе! Ён усё зразумеў, ён дапамог ёй, і яна пакахала яго так, як нікога яшчэ не кахала. Там, у прыхожай, яна выпадкова абняла яго, але ён прыціснуў яе да сябе крыху мацней, чым гэта зрабіў бы іншы на яго месцы. Ён яшчэ вернецца, прывязе дадому Генрыха і Вільму, і яна зноў убачыць яго!

…Кандытар, не пастукаўшыся, зайшоў у пакой і на дыбачках падышоў да яе. Яна са злосцю закрычала на яго:

— Трэба стукацца, калі заходзіш! Ідзі прэч, пакінь мяне!

Кандытар пакорліва выйшаў з пакоя, прамармытаўшы нешта на парозе пра ванную, пра кветнік на Даху.

Яна паднялася з ложка, зачыніла дзверы на ключ і зноў легла. Усмешлівы фельдфебель быў вельмі малады. Ей нават няёмка ўспамінаць цяпер, што некалі яна спала з гэтым хлапчуком-шалапутам.

Кусты за плацам казармы, пах ваксы і схілены над ёй нахмураны, сур’ёзны твар юнага яфрэйтара. Яму першаму яна дазволіла ўсё.

Знізу пачуўся рэзкі смех кандытаркі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: