Вход/Регистрация
Мадэмуазэль дэ Скюдэры
вернуться

Гофман Эрнст Тэадор Амадэй

Шрифт:

— Уга! — выгукнуў незнаёмец. — Вы маеце рацыю, Марціньер! Я выглядаю і ўзброены як апошні злодзей і забойца, але мае хаўруснікі яшчэ не пакараныя… так, яшчэ не пакараныя.

І кінуўшы знішчальны позірк на спалоханую да смерці жанчыну, ён выцягнуў стылет.

— Божа мой! — усклікнула тая, чакаючы смяротнага ўдару, але тут з вуліцы данесліся бразгат зброі і цокат капытоў. — Варта! Варта! Памажыце! — закрычала Марціньер.

— Жахлівая кабета, ты хочаш маёй пагібелі! Ну вось і ўсё, вось і ўсё!.. Вазьмі, вазьмі, аддай гэта гаспадыні яшчэ сёння — ці заўтра, калі хочаш, — ціха мармычучы так, незнаёмец вырваў у Марціньер падсвечнік, патушыў свечкі і сунуў ёй у рукі нейкую скрыначку. — Дзеля ўратавання сваёй душы аддай гэта гаспадыні, — крыкнуў ён і выскачыў за парог.

Марціньер з цяжкасцю ўзнялася з падлогі і ў цемры пасунулася назад у свой пакой, дзе, цалкам знясіленая, не ў стане вымавіць ані слова, апусцілася на крэсла. І тут яна пачула бразгат ключоў, пакінутых у замку ўваходных дзвярэй. Нехта замкнуў дом і ціхімі няпэўнымі крокамі набліжаўся да пакоя. Скамянелая, не маючы сілы паварушыцца, яна чакала чагосьці страшнага. Якое ж было яе здзіўленне, калі дзверы адчыніліся, і ў святле начной лямпы яна з першага ж погляду пазнала добрага Батыста; ён быў збялелы, бы мярцвяк, і выглядаў зусім разгубленым.

— Дзеля ўсіх святых, — пачаў ён, — дзеля ўсіх святых, скажыце мне, пані Марціньер, што здарылася? Ах, які жах, які жах! Не ведаю, што гэта было, але нейкая сіла літаральна прагнала мяне прэч з вяселля ўчора ўвечары! І вось я ўваходжу на нашую вуліцу… У пані Марціньер, думаю я, чуйны сон, яна, пэўна, пачуе, калі я ціхенька і асцярожна пастукаю ў дзверы, і пусціць мяне ў дом. І тут перада мной з’яўляецца патруль, вершнікі і пешыя, узброеныя да зубоў, яны спыняюць мяне і не хочуць адпускаць. Але на шчасце, сярод іх апынуўся Дэгрэ, лейтэнант гвардыі, які мяне добра ведае. Ён і кажа, пакуль іншыя трымаюць мне пад носам ліхтар: «Гэй, Батыст, адкуль ідзеш сярод ночы? Ты ж мусіш заставацца ў доме і ахоўваць яго. Тут быць непамысна, мы разлічваем на добрую здабычу ў гэтую ноч». Вы не паверыце, пані Марціньер, як цяжка мне стала на сэрцы ад гэтых словаў. І вось я пераступаю наш парог, ажно нейкі захутаны чалавек вылятае з дома, голы стылет у руцэ, і аббягае вакол мяне — дом адчынены, ключы тырчаць у замку… скажыце ж, што гэта ўсё мае значыць?

Марціньер, пазбыўшыся смяротнага страху, пра ўсё расказала. Абодва, яна і Батыст, выйшлі ў калідор і знайшлі на падлозе падсвечнік, які кінуў, збягаючы, чужынец.

— Відавочна, — прамовіў Батыст, — што нашую гаспадыню хацелі абрабаваць, а можа, нават і забіць. Той чалавек ведаў, як вы кажаце, што вы засталіся ўдзвюх з пані, і нават пра тое, што яна яшчэ сядзела над сваімі рукапісамі; напэўна ж гэта быў адзін з тых клятых прайдзісветаў і махляроў, якія пранікаюць у дом і хітра выведваюць усё, што можа паслужыць іхным д’ябальскім планам. А гэтую скрыначку, пані Марціньер, мне думаецца, лепей кінуць у Сену, туды, дзе найглыбей. Хто можа паручыцца, што нейкі гнюсны ліхадзей не імкнецца адабраць жыццё ў нашай добрай гаспадыні, што яна, адчыняючы скрыначку, не ўпадзе мёртвай, як стары маркіз дэ Турнэй, які ўскрыў ліст, атрыманы з рук невядомага!

Пасля доўгай нарады верныя слугі ўрэшце вырашылі нараніцу расказаць усё гаспадыні і перадаць ёй загадкавую скрыначку, якую, канечне ж, трэба адчыняць з належнай асцярожнасцю. Яны дэталёва абмеркавалі ўсе абставіны з’яўлення падазронага незнаёмца і прыйшлі да высновы, што тут напэўна не абышлося без нейкай таямніцы, якую яны не рызыкавалі раскрыць самавольна, а мусілі пакінуць гэта сваёй гаспадыні.

Для непакою Батыста былі ўсе падставы. Якраз у той час Парыж стаў месцам дзеяння найстрашнейшых злачынстваў, якраз тады пякельнае, д’ябальскае вынаходніцтва адкрывала самыя лёгкія шляхі для гэтага.

Глазер, аптэкар-немец, найлепшы хімік свайго часу, займаўся, як гэта нярэдка бывае з людзьмі яго роду дзейнасці, алхімічнымі доследамі. Ён мерыўся знайсці філасофскі камень. Да яго далучыўся адзін італьянец на імя Экзілі. Але апошняму алхімія служыла адно для адводу вачэй. Толькі змешванню, гатаванню, сублімаванню атрутных рэчываў, у якіх Глазер спадзяваўся знайсці свае шчасце, хацеў ён навучыцца, і ўрэшце ў яго атрымалася вынайсці такую тонкую атруту, якая, не маючы ані паху, ані смаку, забівала альбо на месцы, альбо павольна, не пакідала якіх-кольвечы слядоў у чалавечым целе і ашуквала лекараў з усім іхным майстэрствам і вучонасцю, якія, не падазраючы смерці ад атруты, былі вымушаныя тлумачыць яе нейкай натуральнай прычынай. Як ні сцярогся Экзілі падчас сваіх заняткаў, яго ўсё адно запасочылі ў продажы атруты і кінулі ў Бастылію. У тую ж камеру неўзабаве пасадзілі і капітана Гадэна дэ Сэнт-Круа. Ён доўгі час жыў у пазашлюбнай сувязі з маркізай дэ Брэнвілье, ганьбячы тым гонар усёй сям’і, і нарэшце, паколькі маркіз не зважаў на бздуры сваёй жонкі, гэта прымусіла яе бацьку, Дрэ д’Абрэя, важнага чыноўніка Парыжскага суду, разлучыць злачынную парачку з дапамогаю ордэра на арышт, які быў здзейснены насуперак волі капітана. Для жарснага, бесхарактарнага, па-ханжаску пабожнага, але схільнага з юнацтва да ўсіх магчымых заганаў, раўнівага, помслівага да шаленства капітана нішто не магло быць больш дарэчы, чым д’ябальская таямніца Экзілі, што давала яму моц знішчыць усіх сваіх ворагаў. Ён стаў старанным вучнем Экзілі і ў хуткім часе ні ў чым не саступаў свайму настаўніку, так што пасля вызвалення з Бастыліі мог працягваць працу самастойна.

Дэ Брэнвілье і так была распусніцай, а праз сувязь з дэ Сэнт-Круа ўвогуле ператварылася ў пачвару. Той прымусіў яе атруціць спачатку ўласнага састарэлага бацьку, пры якім яна жыла, даглядаючы яго з рэдкай крывадушнасцю, пасля абодвух братоў і нарэшце сястру; бацьку — з помсты, астатніх — дзеля вялікай спадчыны. Гісторыі многіх атручальнікаў ёсць жудаснымі сведчаннямі таго, як гэтае злачынства робіцца непераадольнай жарсцю. Без ніякае мэты, толькі каб задаволіць сваю прагу, накшталт хіміка, што эксперыментуе дзеля забавы, атручальнікі часта забівалі людзей, жыццё і смерць якіх маглі быць ім цалкам абыякавыя. Раптоўны скон некалькіх беднякоў у шпіталі «Атэль-Д’ё» пазней абудзіў падазрэнні, што хлеб, які штотыдзень раздавала там дэ Брэнвілье, выстаўляючы сябе ўзорам пабожнасці і дабрачыннасці, быў атручаны. Але дакладна вядома, што яна труціла галубіныя пірагі і частавала імі запрошаных гасцей. Шэвалье дзю Ге і шэраг іншых асобаў сталі ахвярамі гэтых д’ябальскіх абедаў. Сэнт-Круа, яго памочнік ля Шасэ і сама Брэнвілье доўгі час паспяхова хавалі свае жахлівыя ўчынкі пад шчыльнай завесай таямнічасці, але як бы ні хітравалі гэтыя ліхадзеі, адвечная нябесная сіла вырашыла пакараць грэшнікаў ужо тут, на зямлі! Атрута, якую гатаваў Сэнт-Круа (парыжане называлі яе «спадчынным парашком»), была настолькі моцнай, што калі яна ляжала адкрытая, досыць было адзінага ўдыху, каб сканаць у той жа момант. Таму Сэнт-Круа праводзіў свае маніпуляцыі ў масцы з тонкага шкла. І вось аднойчы, калі ён якраз збіраўся засыпаць гатовы парашок у колбу, маска ўпала, і Сэнт-Круа, удыхнуўшы тонкі пылок атруты, імгненна аддаў Богу душу. Паколькі ён не пакінуў нашчадкаў, судовыя ўлады паспяшаліся ў ягоны дом, каб апячатаць спадчыну, і там натрапілі на замкнёную скрыню, дзе змяшчаўся ўвесь д’ябальскі атрутны арсенал, якім карыстаўся гнюсны Сэнт-Круа, а таксама знайшлі лісты дэ Брэнвілье, якія не пакідалі сумневу ў яе злачынствах. Яна збегла ў кляштар у Льежы. Наўздагон быў пасланы Дэгрэ, афіцэр жандармерыі. Пераапрануты святаром, ён з’явіўся ў кляштары, дзе хавалася жанчына. Дэгрэ здолеў завязаць з жахлівай кабетай любоўную інтрыжку і завабіць яе на таемную сустрэчу ў закінутым садзе за горадам. Ледзь толькі яна ўвайшла ў сад, яе ўмомант абкружылі шпегі Дэгрэ, святар-каханак раптам ператварыўся ў афіцэра жандармерыі і прымусіў жанчыну сесці ў вазок, які ўжо стаяў напагатове і адразу ж накіраваўся ў Парыж. Ля Шасэ адсеклі галаву яшчэ раней, дэ Брэнвілье пакаралі гэтак жа, пасля чаго яе цела спалілі і развеялі попел у паветры.

Парыжане ўздыхнулі з палёгкай, калі монстр, здольны беспакарана выкарыстоўваць таемную знішчальную зброю супраць сваіх і чужых, знік са свету. Але неўзабаве высветлілася, што страшнае майстэрства праклятага Сэнт-Круа знайшло пераемнікаў. Як нябачная падступная здань, смерць праточвалася ў найцяснейшыя колы, якія толькі могуць утварыць сваяцтва, каханне і сяброўства, і ўпэўнена й хутка выхоплівала адтуль няшчасных ахвяраў. Той, каго сёння бачылі ў цудоўным здароўі, заўтра хістаўся ад хваробы і чэзнуў, і ніякае ўмельства лекараў не магло ўратаваць яго ад смерці. Багацце, прыбытковая пасада, прыгожая і, магчыма, занадта маладая жонка — гэтага было дастаткова, каб стаць мэтай смяротнага пераследу. Самы страшны недавер ірваў найсвяцейшыя повязі. Муж дрыжэў ад страху перад жонкай, бацька — перад сынам, сястра — перад братам. Некранутымі заставаліся стравы і віно на бяседных сталах, накрытых сябрамі для сяброў, і там, дзе звычайна панавалі жарты і весялосць, здзічэлыя позіркі высочвалі патаемных забойцаў. Можна было ўбачыць таго ці іншага бацьку сямейства, які спалохана набываў у аддаленых раёнах прадукты і сваімі рукамі гатаваў іх у якім-небудзь брудным шынку, баючыся д’ябальскай здрады ва ўласным доме. І ўсё-такі час ад часу нават найбольшая перасцярога аказвалася дарэмнай.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: