Вход/Регистрация
Мадэмуазэль дэ Скюдэры
вернуться

Гофман Эрнст Тэадор Амадэй

Шрифт:

Ёй здавалася найбольш слушным, перш чым заклікаць да літасці самога караля, звярнуцца да ля Рэньі, выклаўшы ўсе абставіны, што мусілі б сведчыць пра невінаватасць Аліўе, і, быць можа, абудзіць у душы старшыні Вогненнай палаты ўнутранае перакананне, спрыяльнае для падсуднага, якое затым дабратворна перадалося б суддзям.

Ля Рэньі прыняў Скюдэры з глыбокай пашанай, на якую годная дама, якую высока цаніў сам кароль, справядліва магла разлічваць. Ён спакойна выслухаў аповед пра жахлівае здарэнне, пра жыццё Аліўе і яго характар, і тонкая, амаль з’едлівая ўсмешка была адзінай прыкметай таго, што запэўненні і часта перарываныя слязьмі напаміны, што кожны суддзя не вораг падсуднаму, а мусіць браць пад увагу ўсе абставіны, якія сведчаць на яго карысць, увогуле даходзілі да вушэй суразмоўцы. Калі ж нарэшце цалкам знясіленая Скюдэры, выціраючы слёзы, змоўкла, ля Рэньі вырашыў адказаць:

— Гэта ўласціва вашаму высакароднаму сэрцу, шаноўная пані: кранутая слязьмі юнай закаханай дзяўчыны, вы верыце кожнаму яе слову і нават дапусціць не можаце думкі пра жудаснае злачынства. Але зусім іншае — суддзя, які прызвычаіўся выкрываць нахабнае прытворства. Думаю, маёй пасадзе не вельмі пасуе тлумачыць кожнаму, хто пытаецца, сутнасць крымінальнага працэсу. Мадэмуазэль, паверце, я толькі выконваю свой абавязак, мяне мала трывожыць суд гэтага свету. Усе ліхадзеі павінныя дрыжаць ад страху перад Вогненнай палатай, якая не ведае іншых пакаранняў, апрача крыві і агню. Але ў вашых вачах, вялебная пані, я не хачу выглядаць грубай і жахлівай пачварай, таму дазвольце мне ў некалькіх словах ясна сфармуляваць крывавую правіну маладога злачынца, якога, дзякаваць Небу, напаткала помста. Тады ваш востры розум сам адкіне прэч добразычлівасць, якая робіць гонар вам, але мне зусім не да твару. Дык вось. На золку Рэнэ Кардыльяка знаходзяць забітым ударам кінжала. Побач з ім няма нікога, апрача яго вучня Аліўе Брусона і дачкі. У пакоі Аліўе, апроч іншага, натрапляюць на кінжал, афарбаваны свежай крывёю, вастрыё якога дакладна паўтарае форму раны. «Кардыльяка, — кажа Аліўе, — зарэзалі ўначы на маіх вачах». — «Яго хацелі абрабаваць?» — «Не ведаю». — «Ты ішоў разам з ім і не здолеў абараніць ад забойцы, затрымаць яго, паклікаць на дапамогу?» — «Майстар ішоў за пятнаццаць ці, можа, дваццаць крокаў ад мяне, я рухаўся за ім». — «А чаму так далёка?» — «Так захацеў майстар». — «Што ўвогуле майстар Кардыльяк мог рабіць так позна на вуліцы?» — «Не магу сказаць». — «Але ж звычайна ён ніколі не выходзіў з дому пасля дзевяці гадзін вечара». І тут Аліўе бянтэжыцца, пачынае запінацца, цяжка ўздыхае, плача і клянецца ўсімі святымі, што Кардыльяк напраўду выходзіў з дому тае ночы і напаткаў сваю смерць. А цяпер, пані, падумайце вось пра што. Абсалютна дакладна высветлена, што ў тую ноч Кардыльяк не пакідаў дому, таму сцверджанне Аліўе пра тое, што ён выходзіў разам з гаспадаром, — дзёрзкая мана. На дзвярах вісіць цяжкі замок, які падчас адмыкання і замыкання пранізліва скрыгоча, а потым так агідна рыпяць і выюць завесы, што шум (гэта пацверджана неаднаразовымі спробамі) чуваць на апошнім паверсе. Унізе ж, то бок непасрэдна перад уваходнымі дзвярыма, жыве стары мэтр Клод Патру са сваёй пакаёўкай, асобай амаль васьмідзесяці гадоў, але ўсё яшчэ бадзёрай і рухавай. Яны абодва чулі, як у той вечар Кардыльяк, паводле сваёй завядзёнкі, роўна а дзявятай спусціўся па лесвіцы, з вялікім шумам зачыніў і заваліў дзверы, пасля ізноў падняўся, гучна прачытаў вечаровую малітву і, як можна было меркаваць з грукату дзвярэй, пайшоў да сябе ў спальню. Мэтр Клод пакутуе на бяссонніцу, як гэта нярэдка здараецца са старымі, і ў тую ноч ён таксама не мог заплюшчыць вочы. Таму пакаёўка — была, мусіць, палова дзясятай — запаліла святло на кухні, куды яна трапляе праз агульны калідор, і прысела за стол да мэтра Клода са старой хронікай, з якой нешта чытала ўголас, пакуль гаспадар, занураны ў думкі, то сядаў у фатэль, то зноўку падымаўся і, каб нарэшце стаміцца і заснуць, паціху хадзіў па пакоі туды-сюды. Усё было ціха і мірна да паўночы. І тут жанчына пачула наверсе хуткія крокі, потым удар, нібы нешта цяжкае павалілася на падлогу, і адразу за гэтым — глухі стогн. Абодва адчулі дзіўны страх і неспакой, трымценне ад толькі што здзейсненага жудаснага злачынства. З надыходам ранку праяснілася тое, што адбылося ў цемры.

— Але, — прамовіла Скюдэры, — дзеля ўсяго святога, ці можаце вы, з улікам акалічнасцяў, пра якія я вам так падрабязна расказала, прывесці хоць адзін матыў гэтага д’ябальскага ўчынку?

— Гм… — адказаў ля Рэньі. — Кардыльяк быў нябедны чалавек, меў цудоўныя камяні.

— Ці ж не дачка атрымлівала ўсё ў спадчыну? — стаяла на сваім Скюдэры. — Не забывайцеся, што Аліўе мусіў стаць зяцем Кардыльяка.

— Імаверна, ён павінен быў дзяліцца ці ўвогуле забіваць толькі дзеля іншых, — выказаў здагадку ля Рэньі.

— Дзяліцца? Забіваць дзеля іншых? — вельмі здзіўлена перапытала Скюдэры.

— Ведайце ж, — сказаў старшыня палаты, — ведайце, мая пані, што Аліўе ўжо даўно сплыў бы крывёю на Грэўскай плошчы, калі б яго ўчынак не меў сувязі з глыбока схаванай таямніцай, што дагэтуль трымала ў страху Парыж. Аліўе, мяркуючы з усяго, належыць да той сумнавядомай хеўры, якая, нібы цвелячыся з увагі, высілкаў і росшукаў судовых інстанцый, патрапляла чыніць свавольствы нахабна і беспакарана. З яго дапамогай мы высветлім — мусім высветліць — усё дарэшты. Рана Кардыльяка вельмі падобная да тых, што мелі на сабе ўсе забітыя і абрабаваныя на вуліцах і ў сваіх дамах. Але галоўнае ў тым, што з часу зняволення Аліўе Брусона забойствы і рабаванні спыніліся. Цяпер начныя вуліцы такія ж бяспечныя, як і ўдзень. Дастатковы доказ таго, што Аліўе, імаверна, стаяў на чале хеўры. Ён пакуль не хоча прызнавацца, але ёсць сродкі прымусіць яго гаварыць супраць волі.

— А як жа Мадлон? — ускрыкнула Скюдэры, — Мадлон, адданая, бязвінная галубка?

— О, — адказаў ля Рэньі, з’едліва ўсміхаючыся, — ды хто паручыцца, што яна таксама не ўваходзіць у хеўру? Якая ёй справа да ўласнага бацькі, яна пралівае слёзы толькі па ягоным забойцу.

— Што вы такое кажаце! — абурылася Скюдэры. — Гэта проста немагчыма! Уласнага бацьку! Гэтае дзяўчо!

— Эге! — ля Рэньі не збіраўся адступаць. — Прыгадайце Брэнвілье! Папрашу вас дараваць мне, калі ў хуткім часе я буду змушаны забраць ад вас вашую падапечную і кінуць яе ў турму Кансьержэры.

Ад такога вусцішнага падазрэння Скюдэры ахапіў жах. Ёй падалося, што для гэтага жудаснага чалавека не існуе вернасць ці цнота, што ён быццам высочвае ў самых інтымных, самых патаемных думках прагу забойства і крыві. Яна ўстала.

— Будзьце чалавечным, — гэта было ўсё, што яна здолела пакутліва, цяжка дыхаючы, выціснуць у адказ.

Ужо пачаўшы спускацца лесвіцай, да якой старшыня палаты праводзіў яе з цырымоннай ветлівасцю, яна злавіла сябе на дзіўнаватай думцы, што невядома як прыйшла ёй у галаву.

— Ці не будзе мне ласкава дазволена пабачыць няшчаснага Аліўе Брусона? — спытала яна ў ля Рэньі, рэзка павярнуўшыся да яго.

Той скептычна паглядзеў на жанчыну, і на яго твары з’явілася характэрная непрыемная ўсмешка.

— Зразумела, — сказаў ён, — што вы, шаноўная пані, больш давяраючы свайму пачуццю, свайму ўнутранаму голасу, чым таму, што дзеецца ў вас на вачах, хочаце асабіста вызначыць вінаватасць ці бязвіннасць Аліўе. Калі вас не палохае думка ўбачыць змрочны прыстанак злачынства, малюнкі маральнага заняпаду на ўсіх яго прыступках, для вас на дзве гадзіны адчыніцца брама Кансьержэры, і вас адвядуць да гэтага Аліўе, чый лёс выклікае ў вас такую спагаду.

Мадэмуазэль Скюдэры сапраўды не паверыла ў вінаватасць юнака. Так, усё сведчыла супраць яго, і ніводзін суддзя, маючы такія пераканаўчыя доказы, не змог бы дзейнічаць іначай, чым ля Рэньі, Але карціна сямейнага шчасця, у самых жывых фарбах намаляваная Мадлон, пераўзыходзіла нядобрыя падазрэнні, таму Скюдэры хутчэй была гатовая пагадзіцца з нераскрытай таямніцай, чым паверыць у тое, супраць чаго пратэставалі ўсе яе пачуцці.

Яна разлічвала пачуць ад Аліўе аповед пра ўсё, што адбылося ў тую фатальную ноч, і, наколькі гэта будзе магчыма, заглыбіцца ў таямніцу, якая, імаверна, засталася схаванай ад суддзяў, бо справа здавалася ім не вартай далейшых высілкаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: