Вход/Регистрация
Рэвізор
вернуться

Гогаль Мікалай

Шрифт:

Амос Хведаравіч. Што-ж самі маеце, Антоне Антонавічу, грашкамі? Грашкі на грашкі ня выходзяць. Я кажу ўсім прылюдна, што бяру хабары, але чым хабары? Хартовымі шчанюкамі. Гэта зусім што іншае.

Гараднічы. Ну, шчанюкамі ці чым іншым, усёдна хабары.

Амос Хведаравіч. Ну не, Антоне Антонавічу. А вось, прыкладам, калі ў каго хутра каштуе пяцьсот рублёў, ды жонцы шаль…

Гараднічы. Ну, а што з таго, што самі берацё хабары хартовымі шчанюкамі? Затое самі ў Бога не ўвяраеце, самі ў царкву аніколі ня ходзіце; а я, прынамсі, у веры цьвярды й што нядзелькі бываю ў царкве. О, я знаю саміх, самі калі пачняцё распраўляць пра стварэньне сьвету, дык проста валасы дуба даюць.

Амос Хведаравіч. Дык-жа сам сабою дайшоў, собскім розумам.

Гараднічы. Ну, іншым разам зашмат розуму горш, чымся-б яго ані ня было. Зрэшты, я так толькі ўспамянуў пра паветавы суд; а праўду кажучы, бадай ці хто калі-небудзь зазірне туды: гэта ўжо такая зайздросная мясьціна, сам Бог над ёй апякуецца. А вось самім, Лукашу Лукашовічу, як інспэктару навучальных установаў, трэба парупіцца, асабліва што да настаўнікаў. Яны людзі, пэўна-ж, вучоныя й гадаваліся па розных калегіях, але маюць вельмі дзіўныя абыходкі, натуральна, неразлучныя з вучонай годнасьцяй. Адзін зь іх, прыкладам, вунь гэты, што ў яго таўшчэнны твар… ня прыпамятаю ягонага прозьвішча, аніяк ня можа абыцца без таго, каб, узышоўшы на катэдру, ня скрывеліцца во гэтак (паказвае), і пасьля пачне рукою з-пад гальштуку прасаваць сваю бараду. Ведама, калі ён вучню зробіць такую крывелю, дык яно йшчэ дарма, можа, яно там і трэба гэтак, аб гэтым я не магу меркаваць; але памяркуйце самі, калі ён зробіць гэта гасьцю — гэта можа быць вельмі пагана: спадар рэвізор ці іншы хто можа ўзяць гэта на сябе. З гэтага ліха ведае што можа выкрывіцца.

Лукаш Лукашовіч. Што-ж мне, праўдачка, зь ім рабіць? Я ўжо колькі разоў яму казаў. Вось яшчэ надовечы, як зайшоўся быў у клясу наш маршалак, ён скроіў такую крывеліну, што я ніколі йшчэ не аглядаў. Дык-жа ён зрабіў ад добрага сэрца, а мне нагонка: навошта вальнадумныя ідэі натхняюцца моладзі.

Гараднічы. Тое-ж мушу зазначыць самім і пра настаўніка гістарычнай часткі. Ён вучоная галава — гэта знаць, і ведаў нахапаўся процьму, але толькі выкладае з гэткім запалам, што сябе ня памятае. Я аднойчы слухаў яго: ну, пакулечы распраўляў пра асырыйцаў і бабілёнцаў — яшчэ дарма, а як дабраўся да Аляксандры Македонскага, дык я не магу вам сказаць, што зь ім зрабілася. Я думаў, што пажар, далібог! Зьбег із катэдры, і, як дужы, трэсь крэслам аб памост! Яно, пэўна-ж, Аляксандра Македонскі гэрой, ды навошта-ж крэслы крышыць! Ад гэтага дзяржаве страта.

Лукаш Лукашовіч. Але-ж, ён гарачы! Я гэта яму ўжо колькі разоў зазначаў… Кажа: «Як хочаце, дзеля навукі я жыцьця не пашкадую».

Гараднічы. Але-ж, такі ўжо незьясьнёны закон лёсу: разумны чалавек — або п’яніца, альбо крывелю такую строіць, што хоць абразы вынось.

Лукаш Лукашовіч. Ня дай Божачка служыць у вучонай галіне, усяго-ўсенькага чалавека баішся! Кажны мяшаецца, кажнаму хочацца паказаць, што ён таксама разумны чалавек.

Гараднічы. Гэта-б яшчэ дарма — інконгіта проклятае! Раптам зазірне: «Га, вы тутака, галубочкі! А хто, — скажа, — тут за судзьдзю?» — «Ляпкін-Цяпкін!» — «А давайце сюды Ляпкіна-Цяпкіна! А хто за апякуна богугодных установаў?» — «Земляніка». — «А давайце сюды Земляніку!» — Вось што пагана.

Зьява ІІ

Тыя самыя й паштмайстар.

Паштмайстар. Растлумачце, спадары, што, які чыноўнік едзе?

Гараднічы. А самі хіба ня чулі?

Паштмайстар. Чуў ад Пётры Іванавіча Бобчынскага. Ён кагадзе быў у мяне ў паштовай канторы.

Гараднічы. Ну, што? Як самі думаеце на гэта?

Паштмайстар. А што думаю? Вайна з туркамі будзе.

Амос Хведаравіч. У вадно слоўца! Я сам тое самае думаў.

Гараднічы. Але-ж, абодва пальцам у неба поркнулі.

Паштмайстар. Праўда-ж, із туркамі. Гэта ўсё француз паскудзіць.

Гараднічы. Якая вайна з туркамі! Проста нам блага будзе, а ня туркам. Гэта ўжо ведама: у мяне ліст.

Паштмайстар. А, калі гэтак, дык ня будзе вайны з туркамі.

Гараднічы. Ну, што-ж, як самі, Іване Кузьмовічу?

Паштмайстар. Ды што я? Як самі, Антоне Антонавічу?

Гараднічы. Ды што я! Дык-жа страху няма, а так, крышачку. Купецтва ды грамадзянства мяне сумяціць. Кажуць, што я ім салона даўся; а я, вось далібог, калі і ўзяў з каго, дык, праўда-ж, без усялякае нянавісьці. Я навет думаю (бярэць яго пад руку і адводзіць набок). Я навет думаю, ці ня было на мяне якога даносу. Навошта-ж, запраўды, да нас рэвізор? Слухайце адно, Іване Кузьмовічу, ці нельга самім, дзеля агульнае нашае карысьці, кажны ліст, што прыбывае да саміх у паштовую кантору, уваходны ці выходны, ведаеце, гэтак крышку расьпячатваць і прачытаць, ці нямашака ў ім якога данашэньня ці проста ліставаньня? Калі-ж няма, дык можна зноў запячатваць; зрэшты, можна й так аддаць ліст, расьпячатваны.

Паштмайстар. Ведаю, ведаю… Гэтага ня вучэце, гэта я раблю ня тое каб дзеля перасьцярогі, а больш дзеля цікаўнасьці, — да сьмерці люблю даведацца, што ёсьць новага на сьвеце. Я самім скажу, што гэта страх як цікавае чытаньне! Іншы ліст з асалодаю прачытае чалавек, гэтак апісваюцца розныя пасажы… а паўчальнасьць такая… лепш, чымся ў «Маскоўскіх ведамасьцях»!

Гараднічы. Ну, што-ж, скажэце, нічога ня вычытвалі пра якога чыноўніка зь Пецярбургу?

Паштмайстар. Не, пра пецярбурскага нічагуткі няма, а пра кастрамскіх ды саратаўскіх шмат гаворыцца. Шкада, аднак-жа, што самі ня чытаеце лістоў. Ёсьць дасканалыя мясьціны. Вось нядаўна адзін паручнік піша да прыяцеля й апісаў баляваньне ў самагульлівым… вельмі, вельмі добра. «Жыцьё маё, любы сябру, плыве, — кажа, — у эмпірэях: паненкаў шмат, музыка грае, штандарт скача…» — зь вялікім, зь вялікім пачуцьцём апісаў. Я знарок пакінуў яго ў сябе. Хочаце, прачытаю?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: