Шрифт:
Зьява ІІ
Хлестакоў. Маеш, прыймі гэта. (Аддае шапку й кіёк.) А, зноў качаўся на ложку?
Восіп. Ды навошта-ж мне качацца? Ня бачыў я хіба ложка, ці што?
Хлестакоў. Хлусіш, качаўся; бачыш, усё склычана.
Восіп. Ды навошта мне ён? Хіба я ня ведаю, што гэта за ложак? У мяне ногі ёсьцека; я й пастаю. Навошта мне саміх ложак?
Хлестакоў (ходзіць па пакоі). Глянь там, у капшуку, тытуну няма?
Восіп. Ды дзе-ж ён будзе, тытун? Самі папазаўчора апошняе скурылі.
Хлестакоў (ходзіць і па-рознаму сьціскае свае вусны; нарэшце гаворыць голасна й станоўка). Слухай, гэй, Восіп!
Восіп. Чаго ласка?
Хлестакоў (голасна, ды ня так станоўка). Ты пайшоў туды.
Восіп. Куды?
Хлестакоў (зусім нестаноўка й ня голасна, вельмі блізка да просьбы). Наніз у буфэт… Тамака скажы… каб мне далі паабеду.
Восіп. Ды не, я й хадзіць ня хочу.
Хлестакоў. Як ты важышся, дурню?
Восіп. Ды так, усёдна, хоць і пайду, анічога з гэтага ня будзе. Гаспадар сказаў, што больш ня дасьць абеду.
Хлестакоў. Як ён паважыцца ня даць? Во йшчэ дурніна!
Восіп. Яшчэ кажа: і да гараднічага пайду; трэйці тыдзень пан грошай ня плаціць. Вы, пыні, з панам, кажа, зладзюгі, і пан твой — чмут. Мы, пыні, кажа, гэткіх прайдзісьветаў і падлюгаў бачылі.
Хлестакоў. А ты ўжо і рады, скаціна, зараз-жа пераказваць мне ўсё гэта.
Восіп. Кажа: «Гэтак кажны прыедзе, абжывецца, запазычыцца, пасьля й вытурыць нельга». Я, кажа, «жартаў строіць ня буду, я проста з жальбаю, каб на зьежджую, ды ў турму».
Хлестакоў. Ну, ну, дурніла, годзе! Пайшоў, пайшоў, скажы яму! Такая грубіянская жывёліна!
Восіп. Ды лепш я самога гаспадара да саміх паклічу.
Хлестакоў. Навошта-ж гаспадара? Ты схадзі сам скажы.
Восіп. Ды праўда-ж, спадару…
Хлестакоў. Ну, пайшоў, ліха з табой! пакліч гаспадара.
Зьява ІІІ
Хлестакоў. Страшэнна як хочацца есьці! Гэтак крышку прайшоўся! думаў, ці ня сыйдзець апэтыт — не, на яго ліха, ня сыходзіць! Але-ж, каб у Пензе я не пагуляў, стала-б грошай даехаць дадому. Пяхотны капітан ёмка падчапіў мяне: штосы на дзіва, гадава пара, зразае. Усяго якую з чвэрць гадзінкі пасядзеў — і ўсё аблатошыў. А пры ўсім тым, страх хацелася-б зь ім яшчэ раз зрэзацца. Нагоды толькі не прывядзе. Які паганы гарадзец! У крамах анічога не даюць напавер. Гэта ўжо проста подласьць. (Высьвіствае спачатку з «Рабэрта», тады: «Ня шый ты мне, матухна», а нарэшце ні тое, ні сёе.) Ніхто ня хоча йсьці.
Зьява IV
Служка. Гаспадар загадалі спытацца, чаго саміх ласка.
Хлестакоў. Здароў, братка! Ну, што, ты здаровы?
Служка. Дзякуй Богу!
Хлестакоў. Ну што, як у вас у гасьціньніцы? ці добра ўсё йдзе?
Служка. Але-ж, дзякуй Богу, усё добра.
Хлестакоў. Шмат праежджых?
Служка. Але-ж, даволі.
Хлестакоў. Слухай адно, даражэнькі, там мне дасюль абеду не нясуць, дык, калі ласка, падгані, каб хутчэй… бачыш, мне зараз па абедзе трэба сім-тым заняцца.
Служка. Ды гаспадар сказаў, што ня будзе больш даваць. Ён, няйначай, хацеў ісьці сяньня-ж жаліцца гараднічаму.
Хлестакоў. Ды што-ж жаліцца? Памяркуй сам, даражэнькі, як жа? Мне ж трэба есьці. Гэтак я магу зусім зьнясілець. Мне вельмі есьці хочацца: я ня жартам гэта кажу.