Вход/Регистрация
Дзве душы
вернуться

Гарэцкі Максім

Шрифт:

— Добра. Дабранач.

— Бывайце.

Яны разышлісь, не даўшы рук. Абдзіраловіч пазваніў ля дзверцаў, чакаў, пакуль адчыняць, і чуў, як патроху заціхлі гукі ад шыбкай і шырокай хадні Гарэшкі. А сонны месячык схіляўсь віжэй на свяжэючым небе.

XXI

На ўсходнім фронце чырвоная армія дужа пабіла белую армію. З гэтай прычыны ў месце N. бальшавікі назначылі свята на суботу. Бедная Іра Сакавічанка не магла ў гэты дзень пабачыцца ў вастрозе з сваімі сябрамі, бо ўсё ўсюдых было па-святочнаму зачынена. Трэба было чакаць яшчэ цэлых сем дзён… Парадзіўшысь з Абдзіраловічам, пастанавіла яна за гэты час з'ездзіць у сяло, гдзе быў Канцавы вучыцелем, і дастаць паперу ад сельскага камбеда, што арыштаваны не ёсць пэўны шкоднік для бальшавіцкай уласці, што камбед бярэць яго на свой адказ да самага суда. Спадзявалася таксама дастаць нейкую паперу і Сухавею ў Горках.

Вярнуўшыся з Зарэчча, кудой хадзіла дагаварыць сабе падводчыка-балагола, Іра сустрэла на лесвіцы ў гатэлі Абдзіраловіча. На вуліцы ўжо хадзілі з песнямі, з музыкай, насілі штандары, і куламеса з розных адарваных гукаў ляцела аж сюды на лесвіцу, і дзяўчына хацела шыбчэй забегчы ў свой пакой і схавацца ад усяго. Гэтая няўважнасць дзяўчыны пры спатканні чапнула прыкрасцю і так ужо, як самому здавалася, зчэрваваны яго настрой. Ён ішоў за ёю без той радасці, якой жадаў і на якую спадзяваўся. Думаў, што яна маўкліва вінаваціць яго ў тым, што нічога не памог ёй у вызваленні арыштаваных, і дзеля таго і з ім такая. І сам пачынаў вінаваціць яе за гэткую дзявочую легкадумнасць, з якой яна дарма так на яго думае і абніжае рознымі справамі прыемную любасць асабістых яго з ёю адносін.

— А божухна! Як замарылася за гэты дні і як зусім дарма, ні для чога, ох! — сказала-прастагнала Іра, кінуўшысь на крэсла й абшчапіўшы галаву рукамі.

— Як дарма? — з малай ахвотай перабіў ён. — Што маглі, зрабілі.

Абое подаўга маўчалі. У пакой даляталі глухаватыя гукі з вуліцы, там іграў аркестр, а шарэнгі людзей прахадзілі і пяялі. Даляталі гукі «Інтэрнацыянала». Абдзіраловіч прыслухаўся і хацеў бы пайсці на вуліцу. Яна ж зморана схілілася і паглядзелася ў люстра; і паціху адсунулась; схудзела і неяк зблажэла за гэтыя дні беганіны і непакою ў незвычайнай сфэры. Дзівавала сабе, што згубіла і не мае сваёй паўсёднай жыццярадаснасці, што выбілася з духу. Хацела б войстра а войстра адчуць усё тое, што было ў яе, калі тужыла цэлы дзень у гамаку. Няма таго. Во сядзіць той перад ёю, а яшчэ далейшы і чужэйшы, чым тады. О божухна! Гэта ж мінулася жыццё, гэта ж сіл ужо няма, зморанасць апанавала.

Яму падабаўся матыў «Інтэрнацыянала», падабалася пяянне, пабуджаў той клум, што быў на вуліцы, пабуджаў у ім сілы і некуды клікаў, і ён з прыкметнай жывейшасцю сказаў дзяўчыне:

— Што б там ні было, а мне надта падабаецца музыка «Інтэрнацыянала».

Пачуў, як паволі наплывае нез'яснёны сорам за словы «што б там ні было», і дадаў:

— Прыгожая музыка, праўда?

— Ага, прыгожая…

Яна не ведала напэўна, як разумець словы «што б там ні было», але палічыла іх за яго супярэчнасць з бальшавіцкімі крывавымі ўчынкамі і наўмысля сказала, падумаўшы:

— Прыгожы матыў «Інтэрнацыянала», але пакуль ён не пабуджае ў маёй душы ўяўлення гора або радасці абы-якой «інтэрнацыянальнай» грамады людзей, пакуль такой грамады сярод нацый на зямным клубку я не відзела й не знаю, — патуль мне больш чаго кажаць матыў нашай мужыцкай беларускай марсельезы, з матывам каторай мне ўяўляецца бясконцы, цярнёвы, крывавы шлях к інтэрнацыяналу майго няшчаснага народа…

Памаўчаўшы і трошку спакайней, але з яшчэ вялікшай тугой у голасе дзяўчына казала далей:

— Праўда, мне і з тым і з тым матывам аднолькава ўяўляецца тое трагічнае і нялепае для нас, адраджоных беларусаў, што чужыя для нас людзі, не заўважаючы на сабе яшчэ не скінутай імі сваёй нацыянальнай прапітанасці, прыйшлі да нас з інтэрнацыяналам толькі на вуснах, з яго толькі фікцыяй у сваіх мазгох, і з фанатычнай безміласэрнасцю ўзяліся рабіць з беларускай нацыі толькі гной на градкі для ўзрашчывання сваёй фікцыі інтэрнацыянала. О, будзь яны прокляты! — узварушоным голасам, з горам крыкнула яна. — Яны хочуць зрабіць адзнакі сваёй нацыянальнасці інтэрнацыяналам для нас, — дык дзякуй за ласку… Можа, трапім увайсці ў інтэрнацыянал як роўныя з усімі, без гэтай дадатковай формы развіцця!

— Іраіда Аўгенаўна! Навошта ж прыймаць усё так блізка к сэрцу. Мне здаецца, што ўсё няшчасце тут ад разладу тэорыі і практыкі. Бо, скажыце, калі ласка: тэорыя камунізму дазваляе, каб маскоўскія ці якія іншыя камуністы гвалтам абмаскалівалі беларусаў? Тэорыя інтэрнацыяналу вінавата ў тым, што беларускім народам кіруюць цяпер бальшавіцкія камісары ўсякіх нацый, апрача беларускай? Ці яна вінавата, што ў нашым знамянітым Обліскомзапе [4] ёсць армяне, латышы, жыды, палякі, маскоўцы, але няма нас, беларусаў? Што правінцыя маець толькі такіх кульгавых беларусаў, як гэты Гаршчок?

4

Па-маскоўску: «Областной Исполнительный Комитет Западной Армии и Фронта», а пакарочана: «Обл-іс-ком-зап».

— Можа, пойдзем абедаць? — паспыталася ў яго Іра.

Ён усміхнуўся, змоўк і адказаў, што «з прыемнасцю».

Калі схадзілі па лесвіцы, Іра прадэкламавала пачатак «Марсельезы»:

Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі, Сказалі, што трэба рабіць, Што трэба свабоды, зямлі чалавеку, Што трэба зладзеяў пабіць…

І сказала, патроху адпускаючысь у злосці:

— Я лічу аднакава зладзеямі як тых, што даюць замест хлеба камень як камень, так і тых, што даюць яго пад відам хлеба. І аднакава пабіла б іх, ці яны — разлад тэорыі і практыкі, ці яны — простая сваволя.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: