Вход/Регистрация
Дзве душы
вернуться

Гарэцкі Максім

Шрифт:

— Што шкода? Што я не ведаў усіх вартасцей Міколы ці што не працую так… каб мог адчуць…

— Усё разам, — каротка адказала Іра і падняла з дарожкі жоўты кляновы лісцік. — Вот добра, што вы наўчыліся гаварыць па-беларуску, — сказала і прыязна зірнула на яго сваімі круглымі шэрымі вачмі, — раней, здаецца, надта цяжка гаварылі, слаба ўмелі… ці не хацелі.

— Не думайце, Іраіда Аўгенаўна, што з мяне ўжо такі дрэнны беларус. Хто ведае? Каб я быў у свядома беларускай сферы, можа, й я рабіў ба нейкую карысную для бацькаўшчыны працу…

Слова «бацькаўшчыны» сказаў з павольным націсканнем, быццам набіраючыся смеласці ці часткай жартлівасці, абараняючы сваю ранейшую нядзеяльнасць.

— Я надоечы навет слоўнік маскоўска-беларускі купіў. Знайшоў выстаўлены ў вітрыне.

— Праўда? — сказала яна ціха, з працягам, нясмела-радасна, з нарастаючым чуццём уцехі і так паглядзела такім самым паглядам у самую душу яго, што пачуў незвычайную салодкасць. — Ну, то вот вам… дарую гэты кляновы лісцік! — дадала яшчэ.

І з нечаканай для яе невыгоднасцю ўтуліла вочы ў дарожку.

— Дзякую, — таксама нялоўка і ціхенька прашапацеў ён.

— Загаварылі аб бацькох… — вярнулася яна, — даруйце мне, Ігнат Восіпавіч, падняла вочы, — што не сказала адразу: не ведала, як будзе лепей: сказаць ці пачакаць… у Сухавея было пісьмо да вас ад вашага бацькі. Адзін гарэцкі вучань прыйшоў з-за дэмаркацыйнай лініі і прынёс. Пісьмо таксама невядома дзе цяпер… Бацька ваш хварэе, кліча вас да сябе.

— Божа мой! Колькі мне сянні неспадзевак і навін… — сказаў ён і мімаволі закрыў твар далонямі.

Яна моўчкі зірнула на яго і радасна, нявідна здрыганулася.

XIX

Неспадзяваныя навінкі для яго на тым, аднак, не скончылісь. Як гэта бывае часам у жыцці, яны пасыпалісь на яго і ў чародныя дні, быццам такая паласа была ўжо яму наканована.

Ён даведаўсь у «чразвычайцы», што Канцавога й Сухавея забралі па даказу за контррэвалюцыйную агітацыю і шкодную для бальшавіцкай уласці прапаганду сярод сялян, што на парукі вучыцельскаму хаўрусу або школьнай радзе іх не аддадуць, што патрэбны дзеля іх вызвалення прыгаворы камітэтаў беднаты і што пабачыцца з імі можна будзе толькі ў суботу, і то пры варце. Забегшыся да Іры, ён у мякчэйшых словах пераказаў усё гэта безнадзейнай дзяўчыне і паведаміў яе, чакаючы яе прысуду, што надумаўсь сянні ўвечары пайсці да Гаршка прасіць рады й дапамогі. Ён спадзяваўся, што да вечара пойдуць у сад, што яна згодзіцца пайсці з ім гуляць, хоць і прыкрыя навіны прынёс ёй, што навет ёй трэба троху расхадзіцца на свежым паветры ад розных прыкрых думак. Ён спадзяваўсь, што прыкрасць, накінутая падзеямі на іх гэтае пабачанне, павінна зараз мінуцца, што між ім і ёю зноў павінна быць такое ж нешта добрае, як тады ў садзе, калі дала кляновы лісцік, што прыкрасць тая навет пойдзе на карысць іх шыбчэйшаму збліжэвню і жаданай любай дружбе. Ды дзяўчына засмуцілася надоўга, у сад з ім не пайшла і ўвесь час думала і казала аб субоце, каб прыходзіла барджэй, каб пайсці з Абдзіраловічам да арыштаваных. Іра засмуцілася, што вызваліць сяброў не так лёгка, як гэта раней чамусьці здавалася, і што ў яе самой зняцейку так апалі рукі ад безнадзеіння. Было ёй смутна й прыкра так, што аж наракала на сабе й на сваю паўсёдную жыццярадаснасць, каторая вот цяпер яе пакінула, і яна чула нейкі непрыемны нялад у адносінах да яго, да Абдзіраловіча.

Выйшаўшы з гатэля, Абдзіраловіч не ведаў, куды яму дзецца да вечара, пачуў нуду і пусткі ў настрою. Перайшоў на другі бок вуліцы, задумаўсь і мімаволі застанавіўся. Падняў голаў і паглядзеў на вокны другога паверха ў гатэлі, гдзе быў яе пакой. Калі нешта варухнулась ля вакна ці яму так толькі здалося, ён засароміўсь і борзда пайшоў па вуліцы пад той канец, гдзе жыў Васіль.

Васіль быў удаму. Ён толькі што прыехаў з камандзіроўкі, ляжаў на ложку ў ботах і адпачываў. Быў нейкі надта змораны, схудзеў і здаўся Абдзіраловічу жалкім, невясёлым.

Даволі маўкліва прыняў ён даўно нябачанага госця і папрасіў выбачэння, што будзе ляжаць.

— Можа, чаю хочаце? — спытаўся ён.

— А вы самі? — адказаў той.

— І я сам хачу, — сказаў Васіль і паціху, быццам стары, устаў, схадзіў да гаспадыні і троху весялейшы сеў на канапку. — Вот змучыўся ў камандзіроўцы, каб вы ведалі, — сказаў ён, гледзячы некуды міма гасцёвай галавы.

— Хлеб у сялян рэквізавалі?

— Рэквізавалі…

Яны доўга маўчалі, і кожны думаў сабе сваё.

— Раскажыце, Васіль, што-небудзь пра вёску, — папрасіў Абдзіраловіч, — як мужыкі прымаюць рэквізыцыі?

— Як прыймаюць? — скоса ўсміхнуўся Васіль. — Вот, так сабе, як і гдзе; гдзе каламі, гдзе чым…

І зноў абодва змоўклі надоўга і думалі пра вёску кожды па-свойму.

Абдзіраловіч думаў, што вёску трэба прасвяціць, што тады яго ўспамінкі аб тым, як аднойчы ўцёк з дому на сенажаць, абедаў з касцамі пад лазовым кустом і качаўся па араматнай, трошку толькі павялай скошанай траве, што тады толькі яны нічым не засмуцяцца: ні тым, як маленькі галавасцік Таўкач даваў кукішы панскім партрэцікам, ні тым, што камбеды могуць не даць патрэбных прыгавораў Міколу й Сухавею (і будзе надта, надта неўспадзеўкі нядобра…). Трэба прасвяціць.

Васіль думаў аб тым, што, калі яго ўзноў пашлюць, ён папросіць, каб з ім паслалі не толькі смелых чырвонаармейцаў, але і добрах, добрых агітатараў.

Абодва думалі і доўга не знаходзілі пэўнасці.

Вёска… Дзярэўня…

Я ж яе люблю, але дзіўною любоўю, каторая найляпей азначаецца вядомай прыказкай: нудна ўрозні, цесна разам.

З балючай чуласцю не знашу, калі цяпер лаюць і ганяць яе за прагавітасць і папікаюць цямнотаю і дурасцю. Але ў глыбакосцях душы свае, калі з бязрадаснаю абмяжованасцю плаваюць у васпамінках яе ганебныя малюнкі, сам бязлітасна ганьбую й папікаю, складаючы ўсё ў сваім схварэлым сэрцы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: