Гашак Яраслаў
Шрифт:
— 11-й маршавай роце.
— «Ротнаму камандзіру…» Ёсьць?.. Паўтары!
— Ротнаму камандзіру.
— «Зьявіцца заўтра рана на нараду…» Гатоў?.. Паўтары!
— Зьявіцца заўтра рана на нараду.
— «У дзевяць гадзін». Цяпер подпіс, Малпа! Паўтары!
— У дзевяць гадзін. Цяпер подпіс. Малпа…
— Дурань! Подпіс: «палкоўнік Шрэдэр». Жывёліна! Ёсьць?.. Паўтары!
— Палкоўнік Шрэдэр жывёліна…
— Нарэшце такі, дубіна! Хто прыняў тэлефонограму?
— Я.
— А каб цябе чэрці ўзялі! Хто гэта «я»?
— Швэйк. Што яшчэ?
— Дзякуй богу, больш нічога. Цябе варта-б назваць Дубінскім. Якія ў вас там навіны?
— Нічога няма. Усё па-старому.
— Табе, мусіць, усё гэта падабаецца? У вас сягоньня некага, кажуць, прывязвалі.
— Усяго толькі дзяншчыка пана обэр-лейтэнанта: ён у яго абед зжор. Ня ведаеш, калі мы ад‘яжджаем?
— Так, брат, гэта пытаньне?.. Сам стары балбатун гэтага ня ведае. Дабранач! Скакукоў у вас там шмат?
Швэйк палажыў трубку і пачаў будзіць старшага пісара Ванэка, які разьюшана лаяўся, а калі Швэйк пачаў яго катурхаць, заехаў яму па носе. Потым перавярнуўся на жывот і пачаў брыкацца на пасьцелі.
Швэйку ўсё такі ўдалося яго пабудзіць, і той, праціраючы вочы, павярнуўся да яго тварам і спужана запытаўся.
— Што здарылася?
— Асаблівага нічога, — адказаў Швэйк, я хацеў бы з вамі параіцца. Толькі што мы атрымалі тэлефонограму, што пан обэр-лэйтэнант Лукаш заўтра ў дзевяць гадзін павінен зьявіцца на нараду да пана палкоўніка. Я цяпер ня ведаю, як мне зрабіць. Ці павінен я ісьці перадаць яму гэта зараз-жа, ці заўтра раніцою. Я доўга думаў: ці варта мне вас будзіць, гэта-ж вы так добра храплі… А потым надумаўся, дзе наша не прападала; адзін розум добра, а два яшчэ лепш…
— Зьмілуйцеся, прашу вас, не перашкаджайце мне спаць, — закрычаў Ванэк, пазяхаючы на ўвесь рот, — ідзеце туды раніцою і ня будзеце мяне.
Ён перавярнуўся на другі бок і зараз-жа зноў заснуў.
Швэйк сеў зноў каля тэлефону, і палажыў галаву на стол. Яго пабудзіў тэлефонны званок.
— Алё! 11 я маршавая рота?
— Так, 11-я маршавая рота. Хто там?
— 13-я маршавая рота. Алё! Якая гадзіна? Я не магу ніяк сазваніцца з тэлефоннай станцыяй. Нешта доўга ня ідуць мяне зьменьваць.
— У нас гадзіньнік стаіць.
— Значыць як і ў нас. Ня ведаеш, калі кранёмся? He гаварыў ты ў палкавой канцылярыі?
— Там ні храна ня ведаюць, як і мы. Ня грубеце, паненка. Вы ўжо атрымалі консэрвы? Ад нас туды хадзілі і нічога ня прынесьлі. Харчовы магазын быў зачынены.
— Нашы таксама прышлі з пустымі рукамі. Дарэмна толькі паніку падымаюць. Куды думаеш мы паедзем?
— У Расію.
— А я думаю, што хутчэй у Сэрбію. Гэта мы ўбачым, калі будзем у Будапэшце. Калі нас павязуць направа — дык Сэрбія, а налева — Расія. Ёсьць у вас ужо рэчавыя мяшкі? Кажуць, што пэнсіі прыбавяць. Гуляеш у тры лісьцікі? Гуляеш — дык прыходзь заўтра. Мы рэжамся кожны вечар. Колькі вас сядзіць пры тэлефоне? Адзін? Дык наплюй на ўсё гэта ды ідзі храпі. Дзіўныя ў вас парадкі! Ты, нябось, папаў на пасаду, як баран на ражон. Ну, нарэшце прышлі зьменьваць мяне. Дрыхні на здороўе!
Швэйк сапраўды соладка заснуў на стале пры тэлефоне, забыўшыся павесіць трубку, так што ніхто ня мог патурбаваць яго сну, а тэлефоніст у палкавой канцылярыі ўсю ноч лаяўся, што ня можа дазваніцца 11-й маршавай роты, каб перадаць новую тэлефонограму пра тое, што заўтра да дванаццаці гадзін дня павінен быць пададзены ў палкавую канцылярыю сьпісак салдат, якім ня была зроблена супроцьтыфусная прышчэпка.
Паручнік Лукаш усё яшчэ сядзеў у афіцэрскім сабраньні з вайсковым доктарам Шаяцлерам, які седзячы на крэсьле мерна стукаў більярдным кіем аб падлогу і пры гэтым гаварыў наступныя фразы:
— «Сарацынскі султан Салах-Эдын першы прызнаў нэўтральнасьць санітарнага пэрсоналу.
Трэба даваць дапамогу параненым назалежна ад таго, да якога лягеру яны належаць.
Кожны бок павінен пакрыць выдаткі за лякарства і лекі другога боку.
Трэба дазваляць пасылаць дактароў і фэльчароў з генэральскімі пасьведчаньнямі для падачы дапамогі няпрыяцельскім параненым ворагам.
Таксама параненых, якія трапілі ў палон, трэба пад вартаю і паручыцельствам генэралаў адсылаць назад ці абменьваць. Потым яны могуць служыць далей.
Хворых з абодвых бакоў не дазваляецца ні браць у палон, ні забіваць, іх трэба адпраўляць у бясьпечнае месца ў шпіталі. Дазваляецца пакідаць пры іх варту, якая, як і хворыя, павінна вярнуцца з генэральскімі пасьведчаньнямі. Усё гэта пашыраецца і на фронтавых духоўных асоб, на дактароў, хірургаў, аптэкароў, фэльчароў, санітараў і інш. асоб, прызначаных даглядаць хворых. Усе яны ня могуць быць узяты ў палон, але тым-жа самым парадкам павінны пасылацца назад».
Доктар Шанцлер пераламаў пры гэтым два кіі і ўсё яшчэ ня скончыў свае дзіўнай прамовы пра ахову параненых на вайне, скрозь ублытваючы ў сваю прамову нейкія незразумемыя генэральскія пасьведчаньні.