Далідовіч Генрых Вацлававіч
Шрифт:
У Смаленску i Маскве ажно чырванелі ад гарачыні тэлеграфныя апараты: Мяснікоў — са скаргай на Жылуновіча Сталіну; Сталін — са сваімі парадамі яму; Жылуновіч — з крыўдай, папрокамі Сталіну; Сталін — з угаворамі, з пагрозамі Жылуновічу..: Калі сталінскае "не деритесь, а то будет плохо" не спрацавала таксама, то Сталін меўся прыехаць i сам ва ўсім "разабрацца". Разабрадца ў тым, што падрыхтаваў з Мясніковым i што ішло па іхнім сцэнарыі. Але не прыехаў ні ў Смаленск, ні ў Мінск. Жылуновіч мусіў здацца, усё дзеля яе, Беларусі, аддаў пераможцам "Маніхфэст", скарыўшыся, што "Белорусское правительство получает директивы непосредственно от ЦеКа партии через Мясникова как представителя последнего..."
Зм. Жылуновіч пабыў старшынёй Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі з месяц, у тых цяжкіх умовах ды пад кантролем Мяснікова не мог шмат чаго зрабіць. Але важнае, нават гістарычнае іншае: у сцверджаннях як БНР, так i БСР былі БР — Беларуская Рэспубліка; БСР праіснавала нядоўга, да 27 лютага 1919 года, да ўсяго ва ўсечаным аб'ёме, бо на I Усебеларускім з'ездзе Саветаў мяснікоўцы Віцебскую, Магілёўскую i Смаленскую губерні перадалі РСФСР; 27 лютага абрэзкі Беларусі па загадзе ЦК РКП(б) штучна злілі з Літвой i ўтварылі Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку са сталіцай у Вільні i на чале з В.Міцкевічам-Капсукасам. Другі раз БССР абвясцілі 31 ліпеня 1920-га ў Мінску. Але з якім фарсам, здзекам! Новая БССР складалася з... шасці паветаў Мінскай губерні!!! A ў 1921-м на перамовах з палякамі ў Рызе нікога з беларусаў туды не дапусцяць, а Заходняй Беларуссю адкупяцца!!! Мабыць, толькі з аднымі беларусамі можна паводзіцца вось так! Добрыя, цярплівыя, непатрабавальныя, усё сцерпяць!
Яшчэ раз ведайма пакутлівы, жудасны лёс амаль усіх, хто ўтвараў i БНР, i БССР: за вельмі рэдкім выключэннем, амаль усіх спачатку зганьбілі, зрабілі ворагамі сваіх жа дзядоў i бацькоў, свайго народа, а затым перастралялі. Мяснікоўцаў — у тым ліку. Зм. Жылуновіча — першага старшыню беларускага савецкага ўрада — зневажалі, білі так, што ён па-чалавечы не вытрываў маральных, фізічных здзекаў i звар'яцеў. Звар'яцелага, яго, мабыць, па-садысцку забілі.
БР... Вось як давалася яна нам у 1917-1921 - я гады i вось якая вялікая, наскрозь набрынялая крывёю была за яе плата. Зразумела, тыя лепшыя сыны нашага народа дзеля яе, Бацькаўшчыны, пайшлі на пакуты, а то, як i Хрыстос, на крыж. Хрыстос стаў прарокам, настаўнікам, заснавальнікам новага сусветнага вучэння. А нашы пакутнікі-настаўнікі, заснавальнікі нашай дзяржавы? Хоць крыху ведаем мы ix, шануем?
БНР... Хто так ці гэтак заявіў яе, аддаў сваё маладое жыццё за святую справу, былі: А.Аўсянік, П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, З.Верас, А.Гарун, Т.Грыб, К.Езавітаў, В.Захарка, Ус.Ігнатоўскі, П.Крашэўскі, Я.Мамонька, B.Лaстоўскі, Я.Лёсік, браты Луцкевічы, С.Рак- Міхайлоўскі, А.Смоліч, І.Серада, Б.Тарашкевіч, А.Цвікевіч, У.Фальскі i яшчэ тысячы-тысячы іншых. З ix, амаль усіх рэабілітаваных у 50-я i 90-я (праўда, было i такое: рэабілітоўвалі, але пра гэта маўчалі, каб i далей імя было пад забаронаю), толькі лічаныя ўпамінаюцца ў энцыклапедыях i падручніках; помнікаў, назваў вуліц у іхні гонар асабіста я не ведаю.
БССР... Вялікі, вельмі вялікі спіс пакутнікаў, ахвяр i за яе. У 50-я аднавілі добрае імя некаторых з ix, найбольш ушанавалі А.Чарвякова (назвай вуліцы ў Мінску, выбраным артыкулаў i прамоў, успамінамі пра яго); Зм.Жылуновіча доўга прызнавалі толькі як пісьменніка Цішку Гартнага, як палітычнага i дзяржаўнага дзеяча поўнасцю рэабілітавалі... толькі ў 90-я i ягоным імем таксама назвалі вуліцу... на мінскай ускраіне i паставілі сціплы помнік на радзіме.
Зм. Жылуновіч i А. Чарвякоў — бясспрэчна, буйныя асобы, без іхняга аўтарытэту, без іхняй кіпучай дзейнасці было б нялёгка дабіцца БССР, але i ім адным гэта было б не па сіле, за імі былі Белнацкам, беларускія камуністычныя секцыі, розныя грамадскія i культурна-асветныя суполкі з дзесяткамі тысяч актывістаў, з сотнямі тысяч спачуваючых.
Сёння нямногія могуць ясна i выразна сказаць, хто такія i Жылуновіч, i Чарвякоў, а пра тых маладых, адукаваных, шчырых i сумленных, што памаглі ім здзейсніць патрыятычны подзвіг, бадай, мала хто ўвогуле што чуў. А яны ж дбалі пра нас, за што ix дачасна звялі ў магілу альбо як бяспраўных рабоў нелітасціва мучылі ў лагерах. Гэта — Балбека (на жаль, i я не ведаю імён некаторых), Баркоўскі, Бяганскі, Дзедзя, Я.Дыла (загадчык мануфактурнага аддзела Цэнтрсаюза, рэкамендаваўся Жылуновічам на пасаду наркама фінансаў), М. Драка-Дракон (паліткамісар 1-га Поладкага беларускага савецкага палка, рэкамендаваўся наркамам па ваенных справах), Жукоўскі, I.Зыбко (яго альбо Найдзёнава з мяснікоўскіх шэрагаў бачылі на пасадзе наркама дзяржкантролю, але Мяснікоў зажадаў мець для сябе больш надзейнага), А. Квачанюк (ад мінскай беларускай секцыі РКП(б), рэкамендаваўся на пасаду наркама замежных спраў), Клыш, Крыцкі, Я.Лагун (адзін з бліжэйшых паплечнікаў Жылуновіча i відных дзеячаў Белнацкама, рэкамендаваўся на пасаду наркама ўнутраных спраў, дзядзька адной нашай пісьменніцы, але яна па нейкіх прычынах рашуча адмовілася даць пра яго якія-небудзь звесткі: "Пішыце тое, што ведаеце"), І.Мазур (мой зямляк па Стаўбцоўшчыне, сакратар Белнацкама, рэкамендаваўся на пасаду наркама земляробства. Яго сын-выкладчык спадабаўся мне, але, на вялікі жаль, мала што мог расказаць пра бацьку, яго сяброў i іхнія добрыя справы ў маладосці: быў яшчэ малы ў 30-я, калі бацьку "схапілі". Помніць сам ды з матчыных аповедаў, што ў ix былі i А. Чарвякоў, i Зм. Жылуновіч, i зямляк Якуб Колас (ён, Колас, пэўны час нават даваў ім i прытулак у сваім доме), былі i іншыя i вялі сур'ёзныя, цёплыя, a часамі i занепакоеныя размовы пра. трагедьпо беларускай пацыі), Макарэвіч, Я.Нёманскі (разам з Жылуновічам рэдагаваў "Дзянніцу", да 1937-га пісьменнік, акадэмік, нейкі час быў намеснікам старшыні Дзяржплана БССР), І.Няцэцкі, ІО.Памецкі (Памейка?), Пратакоўскі, І.Пузыроў (быў адзін з лідэраў РКП(б) у Тамбове, рэкамендаваўся на пасаду наркама працы), Русецкі, Я.Рыбак (механік маскоўскага галоўпаштамта, рэкамендаваўся на пасаду наркама поштаў i тэлеграфаў), Свуніц, Салтанаў, У.Скарынка, А.Усціловіч (той, хто разам з Жылуновічам, Чарвяковым вёў цяжкія, гнятлівыя перамовы з Мясніковым i Сталіным, захоўваючы жалезную вытрымку), У.Фальскі (актор, спрыяў справе БНР, рэкамендаваўся на пасаду наркама сацыяльнага забеспячэння i аховы здароўя), В.Ханін, Хрэнаў, Зм.Чарнушэвіч, Ф.Шантыр (чарвонаармеец, не раз i не два па-хамску прыніжаны Мясніковым, рэкамендаваўся на пасаду наркама юстыцыі, быў камісарам па нацыянальных справах, пісаў прозу, "памёр" яшчэ ў 1920 годзе)... Магу назваць яшчэ дзесяткі прозвішчаў, а ix, паўтару, маладых, адукаваных, здольных, таленавітых, шчырых, сумленных, верных сыноў беларускага народа, было дзесяткі тысяч, як i было сотні тысяч спачуваючых!
Хочаш ці не хочаш, але трэба прызнаць: люта ненавідзячы i бэсцячы БНР, усімі д'ябальскімі сіламі супраціўляючыся, каб не было i БССР, ды ўсё ж па загадзе мусячы сцвярджаць БР — Беларускую Рэспубліку, — бралі ўдзел у беларускай справе i мяснікоўцы. Я не хачу, болей за тое — мне прыкра пералічваць іхнія імёны, хоць як літаратар з гістарычным ухілам павінен быць аб'ектыўны. Прабачце, але вялікая неаб'ектыўнасць у тым, што мяснікоўцы, якія з 1917-га закладвалі ў нас свае ідэі, сваё вяршынства, нецярпімасць да іншых думак i поглядаў, дэмагогію, фальш, хлусню, фальсіфікацыю, тэрор i, яшчэ, яшчэ, яшчэ раз паўторым, дзіка-пячэрную нянавісць да ўсяго беларускага, — во жах: у нас, ва ўсіх нашых гарадах i вёсках ушанаваныя як героі. Таксама няшчасныя (знішчаныя ў 30-я), тым не менш яны з таго свету нахабна паказваюць кожны дзень, кожную хвіліну нам хвігі, красуючыся з шыльдаў, назваў i з розных кніг-брашур i па-ранейшаму бессаромна, груба, па-сатанінску насміхаючыся з нас, даверлівых i ўгодлівых. Тыя ж, хто любіў родны край, яго мову i культуру, дбаў пра ўвесь наш народ, плачуць з магіл: мы аддалі за вас самае каштоўнае — сваё жыццё i жыццё нашых самых блізкіх, а вы!.. Эх, вы!.. Дзе ваша гістарычная памяць, нацыянальная i чалавечая годнасць?! Няўжо назваць вас, жывых, нібыта людзей, таўкачамі з таўкачоў у свеце?!
Неабальшавікі, у першую чаргу неамяснікоўцы, бывае, i цяпер казыраюць: усе мы выйшлі з 1919-га! Нядобра, але паколькі мне i ў сне не даюць спакою тыя беларусы, героі маіх раманаў, мушу закончыць сваю гаворку на горкай ноце: так, у XX стагоддзі мы выйшлі з 1917-га, але не далека, мы застылі ў ім...
2000-2001