Вход/Регистрация
БНР i БССР
вернуться

Далідовіч Генрых Вацлававіч

Шрифт:

З падачы фрунзенцаў на тыя з'езд, БНК у БССР навешвалі самыя розныя ярлыкі да самага апошняга часу, толькі ў 1995-м у энцыкла-педычным даведніку "Беларусь" (галоўны рэдактар Б.Сачанка) ім далі спакойную i справядлівую ацэнку, прызнаўшы, што яны мелі станоўчае значэнне для фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці i дзяржаўнасці. Апошняму, безумоўна, паспрыяла яшчэ i тое, што тады ў Мінску пачало працаваць Першае таварыства беларускай драмы i камедыі (кіраўнік Ф.Ждановіч, 24 красавіка ў гарадскім тэатры паставілі "Паўлінку"), з'явіліся газеты "Вольная Беларусь" — орган БНК, "Грамада" — орган БСГ (з-за правакацый i рознагалоссяў гэтая партыя ледзь не развалілася, але ў чэрвені на канферэнцыі ў Петраградзе захавалася, абрала свой ЦК на чале з Зм.Жылуновічам). З'яўленне свайго друку памагло прапагандаваць гісторыю i культуру, нацыянальныя i дзяржаўныя ідэі, весці палеміку з апанентамі i ворагамі беларушчыны. У выніку паволі, але ўпэўнена мацнелі беларускія сілы (да канца лета ў іхніх шэрагах налічвалася болей як 25 тысяч свядомых асоб, здаецца, 23-х палітычных накірункаў), але расло i заўзятае сугхраціўленне ім. Часовы ўрад ужо мусіў канкрэтней звярнуць увагу на нацыянальнае пытанне, але пакуль што толькі на даволі бурнае фінляндскае, польскае, украінскае i літоўскае, на яго думку, самыя вострыя, з моцнымі незалежніцкімі тэндэнцыямі, Беларусь па-ранейшаму яго непакоіла не столькі як такая, колькі найперш як месца супрацьстаяння германскай i расійскай армій; асмакаваныя ўладай, прагныя да новых поспехаў фрунзенцы не дапускалі i думкі нават пра супрацоўніцтва, рабілі ўсё магчымае i немагчымае, каб замацаваць надмагільную пліту на беларускасці, дзеля чаго не грэбавалі ніякімі сродкамі, каб абылгаць, дарэшты знішчыць яе, за што беларускія дзеячы папікалі ix у працягу антынацыянальнай палітыкі царызму, клікалі на трацейекі суд; а тут яшчэ польскія сілы на чале з Доўбар-Мусніцкім i іншымі, якім Часовы ўрад дазволіў утварыць на нашых землях польскае войска i многія з якіх пачалі патрабаваць не проста аднаўлення польскай дзяржаўнасці, але адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, дзе, зразумелa, літоўцы, беларусы i частка ўкраінцаў бачыліся як іхнія падуладныя, a землі апошніх — як польскія абшары, "крэсы". Гэтыя, на вялікі жаль, шавіністычныя заявы прадстаўнікоў таксама прыгнечанага царызмам народа не маглі не занепакоіць: некаторыя з афіцэраў, генералаў-беларусаў, хто служыў у царскай арміі, ваяваў i цяпер адчуў сябе беларусам, таксама пачалі для падмацунку ствараць свае баявыя сілы (полк у Мінску, эскадрон пад Оршай i інш.). I ix, вайскоўцаў, за гэта тады i пазней асуджалі, але хіба самыя свядомыя, разважлівыя, клопатныя з ix за будучыню сваіх дзяцей i ўнукаў не мелі рацыю, калі лічылі, што i ім трэба абараняцца не толькі ўпрослівым словам?! Лічыліся, лічацца i будуць лічыцца i з духоўнай, i з фізічнай моцаю!

Калі стрымаўшы ў Петраградзе бальшавіцка-меншавіцкія Саветы, прыйшоў да адзінаўладдзя Часовы ўрад (некаторыя меншавікі засупрацоўнічалі з ім) i пачаў шырока дэклараваць, што будучыня ўсёй былой царскай Расіі будзе вырашацца на хуткім Устаноўчым сходзе, на які будуць абраныя прадстаўнікі ўсіх нацый, нацыянальных меншасцяў, палітычных партый i г.д., то ў Мінску беларускія дзеячы ўспрынялі гэта з надзеяй — калі не ўсе, то многія: усклалі спадзяванне на парламент i законнасць, чаго сродкамі Дзярждумы дагэтуль у Расійскай імперыі дабівацца не вельмі выпадала, бо часамі дэпутаты-палемісты ператваралі парламентарызм у агітацыйна-дыскусійны клуб прапаганды сваіх поглядаў, з-за чаго цар, бывала, i распускаў Дзярждуму. Каб удакладніць сваю пазіцыю, беларускія дзеячы ўлетку склікалі свой другі з'езд, якім таксама кіравала БСГ: левае крыло нашых землякоў (Зм.Жылуновіч з Петраграда, А. Бурбіс з Масквы), правае (Лёсік i іншыя мінчукі). Былі на з'ездзе i пасланцы ўсіх нацыянальных партый i многіх усерасійскіх. Як i раней, не абышлося без спрэчак, у асноўным па вызначэнні статуса Беларусі. Зусім нечакана саюзнікам стаў адзін з вядомых эсэраў, заявіўшы, што ім i беларускім дзечам тут замінае бальшавік Міхайлаў-Фрунзе, i заклікаў сумесна змагацца супраць таго. Урэшце прыйшлі да згоды, адхілілі ад кіраўніцтва Скірмунта i абралі Цэнтральную раду беларускіх арганізацый. I, трэба сказаць, своечасова (тлумачэнне крыху пазней). На 2-й сесіі гэтай Рады, 28.10-6.11, будзе ўтвораная Вялікая беларуская рада, якая пацвердзіць ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, развіцця нацыянальнай мовы i культуры, разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай будзе весці работу па стварэнні беларускага нацыянальнага войска, а пазней будзе рыхтаваць снежаньскі з'езд.

Часовы ўрад вырашыў працягваць вайну да "победного конца", для чаго адмяніў многія свае ж дэклараваныя "свабоды": увёў на франтах смяротную кару за "дезертирство" i "предательство", загадаў ваеннаму міністру i міністру ўнутраных спраў закрываць усе малыя, вялікія сходы i з'езды (18 ліпеня выдалі нават "Манифест о роспуске финляндского сейма"). Прыціхлыя генералы павесялелі, a Карнілаў зажадаў стаць ваенным дыктатарам Расійскай імперыі, дык ужо прыйшлося мабілізоўваць агульныя сілы супраць яго.

Ды мы — пра Мінск i Фрунзе. Увосень бальшавіцкі цэнтр адкліча яго з нашага краю для іншай дзейнасці. I трэба сказаць, пазней, у грамадзянскую вайну, ён, Фрунзе, вызначыцца яшчэ больш. Кемнасцю, загартаванасцю ў дыскусіях, ваеннымі здольнасцямі i неверагоднай жорсткасцю (было, што па яго загадзе палонных белых афіцэраў вывозілі ў мора i тапілі жывымі). Пасля адстаўкі Троцкага ён узначаліць Чырвоную Армію, выб'ецца ў вышэйшую савецка-бальшавіцкую эліту, ягоны голас будзе нямала значыць — адпаведна, ён стане небяспечны для кіруючых вярхоў, i яго без ніякай патрэбы пакладуць на аперацыйны стол i загубяць (крыху пазней нібыта ў аўтамабільнай катастрофе загіне Мяснікоў). З-за таго, што яшчэ маладога, поўнага энергіі i сіл Фрунзе подла знішчылі, яго па-чалавечаму шкада, але ўсё роўна прыкра, што i ягоным іменем не толькі названая вуліца ў Мінску, але менавіта на ёй знаходзіцца наш Дом літаратара. Справа тут не толькі ў тым, што ў пераломным, цяжкім, a ў нечым i спрыяльным 1917-м Міхайлаў-Фрунзе не даваў падняць галавы беларускаму ў Беларусі ("И что за диво?., издалека, Подобный сотням беглецов, На ловлю счастья и чинов Заброшен к нам по воле рока; Смеясь, он дерзко презирал Земли чужой язык и нравы; Не мог щадить он нашей славы; Не мог понять в сей миг кровавый, На что он руку поднимал!..", a ў тым, што ён надоўга, па сённяшні дзень, заклаў традыцыю ўсё нацыянальнае разглядаць як нацыяналізм, як штосьці самае варожае i злачыннае, даў натхненне антыбеларускасці, i гэта, апошняе, не толькі жывучае, але i па-ранейшаму для нас ядавітае.

Фрунзе з'ехаў з Мінска; цяпер тут пачне ўзвышацца роля Мяснікова, Ландара, Кнорына i іншых, i ўжо яны радасна 25 кастрычніка абвесцяць "Приказ № 1. К населению г.Минска и окрестностей" пра тое, што ў Петраградзе ўлада перайшла да Саветаў i што яе шырока прызнаюць — адпаведна, i ў Мінску ды па-за ім улада таксама пераходзіць да Саветаў. Далей аб'яўлялася, што Мінскі Савет прыняў "самые решительные меры к охране революционного порядка и установлению полезной дисциплины повсюду", а таксама ўсталёўваецца "революционная цензура" над усімі газетамі, што тут выпускаюцца ці сюды прыходзяць. Са зняволеных улетку, а цяпер вызваленых вайскоўцаў быў утвораны 1-ы рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета.

Новы (з 4 жніўня) камандуючы Заходнім фронтам (сімпатызаваў Карнілаву i яго мяцяжу) аказаўся больш рашучы за папярэдніка: 27 кастрычніка ўвёў у Мінск войскі i артылерыю. Запахла разбурэннямі i крывёю.

Як успамінаў пазней В.Кнорын, сутыкненне, а то i баі прадухілілі "героі адзінага сацыялістычнага цэнтра (?) на чале з А.Б.Штэрнам (?)". Пытальнікі, пастаўленыя ў цытату, азначаюць, што асабіста я не маю пад рукой канкрэтных фактаў, хто такія тыя выратавальнікі-штэрнаўцы. Зрэшты, ніхто з нас не шмат дакументаў, скажам, "жывых" пратаколаў знойдзе i з бальшавіцкіх пасяджэнняў, сходаў, канферэнцый, з'ездаў у Мінску i па-за ім як у 1917-м, так i пазней: ці тыя пратаколы не вяліся, ці згубіліся альбо вывезеныя i схаваныя, але цяпер ясна адно: бальшавікі заўсёды старанна засакрэчвалі сваю сапраўдную дзейнасць, на публіку, у друк давалі толькі адрэдагаванае i ім выгаднае. Асноўныя крыніцы, што раней былі даступныя, пра той час — тагачасныя газетныя публікацыі i пазнейшыя ўспаміны, дзе, зразумела, вернаадданніцкае ўсхваленне партыі, сябе i яраснае абвінавачванне ўсіх, "кто был не с нами".

Але калі набрацца цярпення i дапытліва прааналізаваць мемуары 20-30-х, а таксама ў 50-я рэдкіх ацеалелых (многія нашы гісторыкі менавіта па ix, "готовых" ацэнках, "навукова" абгрунтоўвалі перамогу бальшавікоў), то ўсё ж, як кажуць, з сотні арэхаў можна знайсці некалькі, дзе ёсць калі не захаваны плод, то хоць уяўленне, якім ён мог быць. Дык вось, калі расшчапіць тыя "арэхі" — успаміны сведак-бальшавікоў у індывідуальных i калектыўных зборніках, — то пэўным чынам вымалёўваецца тагачасная сітуацыя.

Каб прадухіліць кровапраліцце ў Мінску, на парытэтнай, г.зн. роўнай, аснове ад ваенных i палітычных партый утварылі Камітэт ратавання рэвалюцыі: па дамове штаб фронта не павінен быў умешвацца ў падзеі, займацца аператыўнай баявой дзейнасцю, a палітычныя партыі, у тым ліку i бальшавікі (яны, як i іншыя, паслалі ў Камітэт двух сваіх чалавек) павінны захоўваць спакой. Апошняе не вельмі задавальняла Ландара — старшыню Мінскага Савета, i Мяснікова. Каб замацаваць пазіцыі Саветаў i не дапусціць войскі на Петраград, яны пачалі ўтвараць свой Ваенна-рэвалюдыйны камітэт Заходняй вобласці i фронта, але пакуль што не асмельваліся з сілай ісці насуперак Камітэту ратавання.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: