Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Пра тое, што мы ўжо на парозе, пераступаць які нельга, што ўжо вечар, за якім будзе чорная ноч і можа не наступіць «раніца ў нядзельку», ужо білі трывогу летапісцы 60–80-х гг. Але мы не паслухаліся іх, не пачулі вечавога звону, як назваў літаратуру В. Быкаў.
Працэсы расчалавечвання чалавека, яго маральна-духоўнага здзічэння пачаліся не сёння, а шмат гадоў таму і развіваліся на ўсім працягу недзяржаўнага існавання народа і асабліва ва ўмовах таталітарнай сістэмы. Вельмі імклівыя гэтыя працэсы ў наш час.
Думка пра тое, што чалавек аднойчы, няхай сабе і ў абсурдных бесчалавечных абставінах, пайшоў супраць сумлення і тым самым загнаў сябе, фігуральна кажучы, у трубу, стаў не толькі ахвярай, але і хаўруснікам абсурду, — скразная ў апавяданні В. Быкава «Труба».
Сюжэтны каркас апавядання складае анекдатычная ў сваёй аснове гісторыя пра тое, як сельскі інтэлігент, спачатку настаўнік, а потым загадчык дома культуры Валера Сарока загінуў у газаправоднай трубе. Літаратуразнавец Дз. Бугаёў у кнізе «Спавядальнае слова» адзначае, што ў апавяданні «Труба» ўласцівыя стылю В. Быкава рэалістычныя дэталі дзякуючы асацыяцыям набываюць сімвалічны сэнс, як сімвалічная і сама назва твора. Асацыяцый у апавяданні многа. Да прыкладу, сімвалічна-шматзначная ў кантэксце твора спакуса зручна ўладкавацца ў трубе, з якой Валера потым не мог вылезці. Дз. Бугаёў піша: «У пэўным сэнсе нешта падобнае да таго, што здарылася з быкаўскім героем, адбылося і з усімі намі, з нашым грамадствам. Кіруючыся спакуслівай, але, як аказалася, утапічнай камуністычнай ідэалогіяй, яно таксама выбрала, здавалася б, надзейны і самы кароткі шлях да ўсеагульнага шчасця, а ў канчатковым выніку загнала сябе ў тупік, фігуральна кажучы — у трубу, з якой мы ўсё ніяк не можам выбрацца і пасля развалу краіны, якая з го нарам заяўляла, што пракладвае дарогу да лепшай будучыні ўсяму чалавецтву». Жыццё, разважае Валера, «здаецца, забрыло ў тупік».
Дз. Бугаёў адзначае, што ў апавяданні шмат разоў фіксуецца парадаксальнасць, якая часта даходзіць да абсурду. I такі акцэнт пісьменніка на абсурдным у нашай сучаснай рэаліі з'яўляецца адметнай рысай паэтыкі апавядання.
Нельга не пагадзіцца з Дз. Бугаевым, што пра абсурднае ў нашым жыцці напісана ў апавяданні В. Быкава «важка, змястоўна, часта з вялікай падтэкставай глыбінёй і… сімвалічнай шматзначнасцю… з высокай дакладнасцю канкрэтных рэалій і такімі дэталямі, за якімі бачыцца шмат». З падтэкставай глыбінёй і сімвалічнай шматзначнасцю выпісаны фінал апавядання. Скупая і эмацыянальна стрыманая канстатацыя: Валера «не дапоўз да газакампрэсарнай станцыі нейкіх дзвесце метраў». На той жа станцыі яго чакала выратаванне! Такой канцоўкай з адценнем прытчавай павучальнасці пісьменнік сцвярджае тое ж, што сцвярджаў і А. Камю: «вяслуй да канца!» Нават калі шансаў на выратаванне ўжо, здавалася б, няма ніякіх, нават калі цвёрда ведаеш, што загінеш, — усё роўна вяслуй!
Усё жыццё Валеры Сарокі — «нехлямяжае», як сказана ў Быкава, і жудасная смерць у трубе цалкам адпавядаюць сартраўскаму тэзісу: «існаванне папярэднічае сутнасці», што на рускай мове гучыць як «существование предшествует сущности». Дз. Бугаёў лічыць, што жыццё Валеры сталася такім па віне як яго самога, так і таго грамадскага парадку, пры якім яму давялося нарадзіцца: «Але мера віны тут вельмі розная, несупастаўная. Бо дыктавала сваю волю менавіта сістэма прымусу і падаўлення чалавека, а ён грэшны толькі ў тым, што з прымусам зжыўся, прыладзіўся да яго і стаў прымаць як належнае. З усёй брыдотаю».
Такое лагічнае балансаванне паміж «больш — менш», такое «ўзважванне» віны абставін і ахвяры ўрэшце вядзе да апраўдання героя і ўсведамлення яго трагедыі, а не спрычынення да абсурду і хаўрусу з ім.
У згаданай ужо аповесці А. Варановіча «Крыж» ёсць устаўная прытча пра двух пілігрымаў, якія ішлі па нялёгкай дарозе жыцця і неслі кожны свой крыж. Першы нёс крыж цярпліва, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку крыжовага канца — і ісці стала намнога лягчэй. Але калі падышл! да прорвы, то першы паклаў цераз яе свой крыж і па ім перайшоў, як па кладцы. Другому ж не хапіла якраз адпілаванага кавалка…
Сувымяраючы долю віны дарогі і непамерна цяжкага крыжа з доляй віны пілігрыма, што падкараціў свой крыж, неабходна помніць, аднак, пра бездань, якая наперадзе. Толькі яна з выключнай дакладнасцю вызначае долю віны і дарогі, і пілігрыма. Паводле сцверджання А. Камю, функцыя пісьменніка ў тым, каб папярэдзіць пілігрыма, што яго чакае, калі падкараціць свой крыж. В. Быкаў выбраў для гэтай мэты прыём: самааналіз зрынутага ў прорву. Прыёмам самааналізу героя раскрываецца ўнутраная механіка і, калі можна так сказаць, логіка падзення. Пісьменнік фіксуе пэўныя моманты падзення (а ў апавяданні — загону ў трубу). I тое, да прыкладу, што Валера даволі легка, без унутранага пратэсту згадзіўся стаць даносчыкам, спадзеючыся атрымаць лепшае размеркаванне на працу, наўрад ці можна аднесці да віны абставін. З гэтага ўсё і пачалося. А затым з памагатага ён паступова рабіўся «нявольнікам камуністычнай сістэмы».
Канцэпцыя пісьменніка Быкава ў вырашэнні праблемы віны і трагедыі будзе відавочней, калі згадаць ранейшыя яго творы.
Філасофскае асэнсаванне ступені адказнасці чалавека за тое, што адбываецца, праблема віны і бяды прысутнічае ва ўсіх без выключэння творах В. Быкава. Да прыкладу, мноства пытанняў не даюць спакою галоўнаму герою аповесці «Аблава» на яго пакутніцкім шляху да свайго Нядолішча. Але самым балючым пытаннем для Хведара Роўбы ў час яго лёту ў роднае гняздо было — хто вінаваты? «Божа літасцівы, чаму я такі няшчасны?..», «Чаму ён стаў тут для ўсіх страхотным чужаком, хто ў тым вінаваты? Можа, толькі ён сам, адзін? Ці яшчэ нехта іншы? А можа, і ніхто? Але як жа тады ўсё гэта стала магчымым?»
Многімі прычынамі вытлумачвае сваю трагедыю Хведар: і неразуменнем таго, што адбывалася ў свеце і ў яго Нядолішчы; і празмернай даверлівасцю (спрадвечнае наша «можа, так і трэба?»); і тым, што ім «завалодаў панічны страх»; і ўсведамленнем свайго поўнага бяссілля супрацьстаяць «сцяне абсурду» — жудаснай машыне таталітарызму. Апошняе цалкам вызначала выбар быкаўскага героя ў памежных сітуацыях, якіх у жыцці Хведара было мноства. I перш за ўсё звязаных з узаемаадносінамі з сынам.
Супрацьстаяць «чуме» Хведар, безумоўна, не мог, але ратаваць душу свайго «зачумленага» сына быў абавязаны. Вынішчэнне душы Міколкі адбывалася на вачах Хведара, і ён выдатна разумеў увесь жах гэтага вынішчэння, але нават не спрабаваў гэтаму працівіцца. Хведар суцяшаў сябе надзеямі, што сын падрасце і паразумнее. Калі ж сын падрос і яшчэ больш развар'яваўся, замахнуўся на святое і з маўклівай згоды бацькі (а маўчанне і ёсць згода) знішчыў святое, то Хведар зноў суцешыў сябе тым, «што недзе там, у Маскве ці Мінску, сядзяць разумныя людзі, адукаваныя, справядлівыя, і калі яны вырашылі, што без Бога народу лепей, то, пэўна, так і трэба. Чаму лепей — ён зразумець не мог…»