Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Аднак гэтае ўсведамленне ніколькі не вызваляе нас ад адказнасці за ўласныя грахі. I вучыцца нам усё ж ёсць у каго. Законы вечнасці, памяць пра мінулае, пра ўсё добрае і ліхое ў ім засведчаны нашымі прарокамі і нам пакінуты як запавет.
У хвіліны душэўнага мітушэння, калі не самыя лепшыя чалавечыя страсці наведаюць і нас, у нас ёсць магчымасць «паслухаць» парады захавальнікаў вечнасці. Магчыма, парада аднаго з герояў кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…» здольна лекаваць і нашы душы, суняць непакой і марнае мітушэнне: «Пакінь памылкі свае, вер так, як верылі твае бацькі. Яны жылі шчасліва і спакойна; іх простая вера заслужыла ўзнагароду. Якая ж праўда вышэйшая за праўду веры?
…Здароўе, пачцівая праца — гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка».
Усведамленне Янам Баршчэўскім ролі духоўнікаў, сувязных, паслоў вякоў і пакаленняў, праз якіх мінулае вучыць кожнага з нас, як жыць сёння, засведчана ўжо самой назвай яго твора — «Шляхціц Завальня…». Магчыма, некага можа здзівіць, чаму менавіта іменем гэтага героя названы твор: ён жа толькі з асалодай слухае, а не прыдумвае і не расказвае паданні, як, да прыкладу, Шахерызада казкі. Так, шляхціц Завальня ўвасабляе лепшыя нацыянальныя якасці нашага народа, але тыя ж самыя якасці не ў меншай меры ўвасабляюць і многія іншыя героі твора.
I ўсё ж шляхціц Завальня валодае такой якасцю, што вылучае яго і ставіць вышэй над усімі носьбітамі дабра і мудрасці ў творы. Гэтая якасць — цікавасць да мінулага, усведамленне велічы і духоўнага багацця народа, выяўленых у казках, паданнях, песнях, прыказках і прымаўках.
Завальня лепш за іншых усведамляе, што «шмат праўды ў гэтых паданнях», што «мінулае вучыць нас, як жыць сёння», што, жывучы на гэтым свеце, трэба слухаць «адно загады Божыя». I яго ўсведамленне — не ў словах (многія афарыстычныя выразы належаць нават не яму, а іншым героям), а найперш у справах. Ён — апякун духоўнасці, ахоўнік тых, хто яшчэ збярог гэтыя скарбы народныя ў сваёй памяці і душы. Шляхціц Завальня — захавальнік вечнасці. Без такіх людзей парвецца повязь вякоў і мы станем манкуртамі Пра гэта толькі і мараць «асташкаўцы», якія, паводле аднаго з фантастычных апавяданняў, запаланілі нашу прыгожую зямлю, прынеслі сюды свае брыдкія, бесчалавечныя норавы і звычкі, разбэсцілі сваімі непрыстойнымі песнямі нашу моладзь, павынішчалі багацце нашых лясоў і азёр…
У кожнага народа і кожнага пакалення павінны быць свае захавальнікі вечнасці. Маем іх і мы. Гэта — і Язэп Драздовіч, і летапісец Віцебшчыны А. Сапуноў, і М. Каспяровіч, і В. Ластоўскі, і Ф. М. Янкоўскі і шмат іншых. Яны сабралі і аддалі нам скарбы вечныя, а як мы іх скарыстаем і ці скарыстаем наогул, — залежыць толькі ад нас.
«Гарыць агонь нязгасны ля граніту, як памяць сэрцаў аб сваіх сынах» (А. Астрэйка)
Жыць трэба, сябры мае, помнячы…
А. Вярцінскі.
Шчаслівы той народ, у мінулым якога не было трагічных момантаў, што вымагалі б ад яго масавага гераізму. Нават калі народ і вытрымлівае гэтае выпрабаванне, то ўсё роўна нясе вялікія страты. Гэтыя страты — знак бяды і для будучых пакаленняў, бо войны, стыхіі, эпідэміі вынішчаюць генафонд нацыі.
Трагічны лес нашага народа, бо ў апошняй, самай жудаснай у гісторыі чалавецтва вайне ніякі народ не напакутаваўся больш за беларусаў. Не кожны чацвёрты, як доўгі час даводзілася прапагандай таталітарнай сістэмы, а кожны трэці беларус загінуў у страшным полымі вайны. Гэтым і вытлумачвае выдатны пісьменнік сучаснасці В. Астаф'еў тое, што «беларусы стварылі самую таленавітую і хвалюючую літаратуру пра вайну».
Беларусамі створана не толькі мастацкая, але і дакументальная літаратура пра вайну, бо з'явілася неабходнасць, каб пра ўсенародную трагедыю на «свет цэлы» сказаў сам народ, бо ніхто лепш не здолее расказачь пра яго пакуты, чым ён сам.
Дакументальныя кнігі А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…», А. Адамовіча «Карнікі», С. Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сведкі» сапраўды пацвярджаюць выказванне К. Сіманава, што ўсю праўду пра вайну «ведае толькі народ». У гэтых кнігах сабраны маналогі і пакутнікаў, якія цудам уратаваліся ў тым пякельным полымі вайны і сталі апошнімі яе сведкамі, і барацьбітоў са смерцю дзеля жыцця, і нават тых, як паказана ў кнізе «Карнікі», хто пераступіў праз запавет «не забі!».
Беларуская літаратура пра вайну не толькі засведчыла трагедыю народа і ўславіла яго подзвіг у выратаванні чалавецтва ад фашызму, але і даследавала прычыны сусветнай трагедыі. Тым самым яна папярэджвае ўсіх нас пра наступствы таталітарнай сістэмы, пра тое, што лёс беларускіх Хатыняў мае ўсечалавечае значэнне, што мінулае можа паўтарыцца, толькі ў горшым варыянце.
Вялікая заслуга ў мастацкім і філасофскім даследаванні прыроды таталітарных рэжымаў і вайны як нацыянальнай трагедыі беларускага народа належыць А. Адамовічу і В. Быкаву. «Апошняя пастараль» А. Адамовіча — твор папярэджанне пра апакаліпсіс, які чакае ўсё чалавецтва, калі яно не пераасэнсуе свае адносіны да жыцця. Безыменныя героі твора Ён і Яна перажываюць шчасце кахання і гармоніі, але ў іх жыццё ўрываецца катастрофа, і свет гіне ў апошніх канвульсіях нянавісці і варожасці. Камандзір савецкай падлодкі, якая ўжо выпусціла ядзерны зарад у адказ на атамную атаку ворага, з жахам зразумеў згубнасць ваеннага супрацьстаяння ў сучасным свеце. Але ўжо позна…
Не фантастычны, а рэалістычны сюжэт у адным з найноўшых твораў пра вайну — аповесці В. Быкава «Пакахай мяне, салдацік». Галоўныя яе героі — таксама ён і яна: камандзір узвода лейтэнант Змітрок Барэйка, ад імя якога вядзецца апавяданне, і яго зямлячка Франя. I гэтыя двое сярод пекла вайны зведалі шчасце кахання і гармоніі. Аднак шчасце было кароткім: забойства Франі і яе нямоглых гаспадароў — прафесара біялогіі Шарфа і яго жонкі фрау Сабіны, якіх Франя паспела палюбіць як родных, — абарвала надзеі на шчасце ў душы Змітрака. Усё можна змяніць і паправіць, нельга толькі вярнуць загубленае жыццё. Змітрок праклінае забойцаў: «Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Балшавікі ці фашысты!» Небяспечнасць і фашызму, і бальшавізму, ва ўсведамленні В. Быкава, у тым, што яны непазбежна вядуць да вайны, вынішчаючы ўсё людскае ў чалавеку, сеючы помслівасць і жорсткасць, пакідаючы на сваім полі нявінныя ахвяры.