Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Вялікага ўздзеяння на душы людскія дасягаюць пісьменнікі, якія карыстаюцца ў адлюстраванні вайны класічным прыёмам: паказваюць трагедыю і пакуты народа праз трагедыю і пакуты дзяцей. Дзеці вайны — апошнія яе сведкі. Да такога пакалення пісьменнікаў у нашай літаратуры належыць Віктар Казько. Яго «Хроніка дзетдомаўскага сада» — гэта хроніка і ўласнага жыцця. Большасць яго глыбока псіхалагічных твораў маюць аўтабіяграфічную аснову: «Аповесць аб беспрытульным каханні», «Суд у Слабадзе», «Высакосны год».
Філасофска-публіцыстычнае асэнсаванне жыццёвага матэрыялу вызначае аповесць «Суд у Слабадзе». Незвычайны трагізм і сіла ўздзеяння дасягаюцца не толькі тым, што ў творы апісваюцца зверствы фашыстаў у дачыненні да дзяцей (галоўны герой падлетак Коля Лецечка ў гады вайны знаходзіўся сярод дзяцей, у якіх немцы бралі кроў для раненых), а ў тым, што таленавіты Лецечка (яго адоранасць вельмі пераканаўча паказана ў творы) асуджаны на пакутніцкую павольную смерць. «Колькі талентаў звялося» ў гады вайны, а колькі, «раны не залячыўшы, рана паміралі»! I ці не ў гэтым адна з прычын нашых сённяшніх праблем, нашай бездухоўнасці?
Адной з выяў бездухоўнасці з'яўляецца бяспамяцтва, якое В. Быкаў лічыць найбольшым злом у нашым жыцці. У імя памяці, пакуль не позна, трэба засведчыць трагедыю вайны, каб зноў не стаць яе ахвярамі.
I. Шамякін у многіх сваіх творах перамяжоўвае сучаснае і мінулае. I не толькі дзеля таго, каб даследаваць вытокі ўчынкаў сваіх герояў, але і каб выпрабаваць іх памяццю, адносінамі да мінулага.
Пакуты памяці — страшней за любыя іншыя. Як страшны жар хваробы, палала памяць Івана Батрака, галоўнага героя рамана «Вазьму твой боль». Іван зразумеў, што ад памяці сваёй нікуды не дзецца. Прыезд былога паліцая Шышкі выклікаў такі ўспамін і такі боль, перадаць які блізкім людзям было страшна. Дачка Батрака не вытрымлівае выпрабавання памяццю. Для яе галоўнае — уладкаваць сваё жыццё. Яна не толькі не ведае мінулага сваіх бацькоў, але і не хоча ведаць. Памяць бацькоў для яе непатрэбнае дзівацтва, якое толькі ўскладняе жыццё, своеасаблівы эгаізм, нават жорсткасць.
Вострасюжэтная палемічная аповесць В. Быкава «Абеліск» пабудавана на спрэчцы паміж Ткачуком і Ксяндзовым пра тое, што ёсць подзвіг, што ёсць гераізм. Пісьменнік выпрабоўвае гэтых герояў памяццю і стаўленнем да мінулага, што і выяўляе высакароднасць аднаго і цынізм, бездухоўнасць другога.
Малады загадчык райана Ксяндзоў не бачыць ва ўчынку настаўніка Мароза нічога гераічнага. Былы ж загадчык райана Ткачук лічыць справай свайго жыцця дамагчыся, каб імя Мароза было на абеліску разам з імёнамі яго вучняў, з якімі і за якіх ён загінуў.
Вастрыня сюжэта ўзмацняецца тым, што герой аповесці Алесь Іванавіч Мароз свядома, наперакор угаворам не рабіць гэтага, ідзе на верную смерць, добра разумеючы, што не выратуе сваіх вучняў і загіне сам. Гэта і дае падставу некаторым, таму ж Ксяндзову, лічыць учынак Мароза не подзвігам, як таго дамагаецца Ткачук, а недарэчнасцю, глупствам, бо ніякага канкрэтнага выяўлення карысці, сэнсу ад той смерці не было.
Аповесцю «Абеліск» пісьменнік сцвярджае сілу духоўнага, хоць духоўнае нельга ні падлічыць, ні ўзважыць, ні вымераць. Фашысты выдатна разумелі сілу ўздзеяння Мароза на душы людзей, калі аб'явілі: з'явіцца настаўнік — вучняў адпусцім. Ім намнога выгодней было б, каб ён не з'явіўся, на што яны і разлічвалі, прапанаваўшы такі «выбар».
«Я перад вамі з памяццю сваёй» — так словамі лірычнага героя верша А. Вярцінскага можна выявіць сутнасць і прызначэнне таленавітых твораў пра вайну. Яны — абеліск загінуўшым, напамін жывым і памяць пра нашу нацыянальную трагедыю. Трагізм вайны ў тым, што яна забірае самых лепшых, самых таленавітых, самых любімых і дарагіх, а значыць, і вынішчае генафонд нацыі, разрывае повязь паміж вякамі і пакаленнямі, тым самым вынішчае векавую народную мараль, духоўнасць. Менавіта ў вынішчэнні векавой народнай маралі бачыць В. Быкаў адно з недаравальных злачынстваў і фашызму, і бальшавізму, пра што не раз даводзіў сам пісьменнік не толькі сілай мастацкага слова, але і «пяром аналітыка», сілай публіцыстычнага слова.
Нізка схіляючыся перад абеліскамі, ля якіх гарыць агонь, мы павінны помніць, што ён можа згаснуць навекі, калі згасне памяць нашых сэрцаў. А выявы яе — нашы канкрэтныя справы і найперш — мір і згода паміж намі. Лірычны герой верша А. Вярцінскага нагадвае ўсім нам «звычай, даўні і святы, што паўшыя на полі ратным і разам пахаваныя — браты». Стоячы «перад пагоркам горкім», ён нібы стаіць «перад пытаннем горкім: а ці па-брацку мы ў жыцці жывём?» Горкае гэта пытанне, бо калатня і варожасць запанавалі не толькі ў свеце, але і ў многіх дамах. А ва ўласным доме мір і згода залежаць толькі ад нас саміх.
«Мы лес свой самі выбіраем…» (П. Броўка)
Ты, нявольнік, вольны выбраць путы…
Р. Барадулін
…Па жыццёвай дарозе ішлі два чалавекі, несучы кожны свой крыж. Знясільваючай была тая дарога. Першы цярпліва трываў, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку даўжэйшага крыжовага канца — і ісці адразу стала лягчэй.
I падышлі яны да прорвы. I першы паклаў цераз яе свой крыж і прайшоў па ім, як па кладцы. Тое ж самае зрабіў і другі, ступіў на свой крыж і… Не хапіла якраз таго, адпілаванага раней кавалка…