Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Кат узвёў Кастуся Каліноўскага на эшафот. Гісторыя паставіла яго на высокі п'едэстал нацыянальнага героя Беларусі.
У часы, калі Беларусь была забраным краем царскай Расіі, рука расійскіх самадзержцаў душыла беларусаў рознымі спосабамі: турмой і пятлёй, катаргай і цемрай. Спрабавала яна прыкончыць беларусаў і «культурай чорнаю разюшаных баяр». Патопам разлілася яна па нашай зямлі пасля бурнага 1863 г. Усё ж, нягледзячы на гэта, Беларусь хоць і павольна, але няўхільна выбіралася з цемры нацыянальнага нябыту на светлую дарогу нацыянальнага адраджэння. I наша праўдзівая навука зрывала покрыва хлусні, накінутае ворагамі на нашу выдатную мінуўшчыну, збірала нашы песні і прыказкі, легенды і казкі і паказвала іх непаўторнае хараство, даследавала нашу чароўную мову і даказвала яе самабытнасць. Менавіта з часу развіцця сапраўднай аб'ектыўнай навукі пра Беларусь (а гэты час, як сведчыць М. Ермаловіч, прыпадае на 80-90-я гг. XIX ст.) пачынаецца бурны рост нацыянальнага руху. I ён хутка набраў такую сілу, што выдатны беларускі этнограф М. Нікіфароўскі змог з упэўненасцю заявіць: «Калі нас дасюль не з'елі, то і зараз не з'ядуць».
Усведамленне ролі праўдзівай навукі ў духоўным адраджэнні беларускага народа было ўласціва і У. Караткевічу. Тое ж самае, што сцвярджаў вучоны-этнограф М. Нікіфароўскі, сцвердзіць і У. Караткевіч мовай мастацкага твора, пастаўленага на трывалы падмурак гістарычнай навукі. Караткевічаўскі герой Алесь Загорскі едзе вучыцца ў Пецярбург і робіць выбар на карысць філалогіі і гісторыі, а не натуралагічных навук з тым, каб вярнуць народу гісторыю і памяць пра свае вытокі. Вельмі надзённа гучаць сёння словы Алеся, што «лінгвістыка — гэта значна больш палітыка, чым усё натуразнаўства». Менавіта гісторыя і лінгвістыка сёння адстойваюць наша права «людзьмі звацца», звацца нацыяй і народам па імені «беларусы», і першы доказ таму, што мы ёсць, былі і будзем, — наша мова.
Сцяганосцы народа, верныя сыны Беларусі на ўвесь голас гавораць, што яна «не змарнела ў прымусе, што к волі прагаю гарыць» (М. Ермаловіч), што зло асабліва лютуе перад сваім канцом. З вераю і любоўю трэба ісці да Беларусі!
«Зямля — аснова ўсёй айчыне» (якуб колас)
…Трэба грунт мець пад нагамі.
Каб не бадзяцца батракамі.
Якуб Колас
У гутарцы з журналістам Юрасем Залоскам у 1995 г. В. Быкаў гаварыў пра тое, што «камуністычны лад і камуністычная па сутнасці псіхалогія панавалі… амаль стагодцзе. У яе атмасферы сфарміраваўся пэўны менталітэт грамадства. Ліквідаваць, знішчыць гэты менталітэт за некалькі гадоў немагчыма». Страчанымі для нацыі, «гэтаксама як і для чалавечай гісторыі», назваў В. Быкаў пакаленні, якія за многа гадоў прызвычаіліся існаваць у перакуленым свеце, па той бок люстэрка і не здольны разумець і прымаць агульначалавечыя каштоўн асці.
Для сучаснага чытача, асабліва для юнага, многія творы нашай нацыянальнай літаратуры засведчылі тое каштоўнае ў менталітэце, што страціў наш народ за амаль 80-гадовае панаванне камуністычнага ладу і адпаведнай псіхалогіі. Працэс вынішчэння самага каштоўнага ў чалавеку, працэс расчалавечвання чалавека пачаўся не сёння, паскорыўся ва ўмовах таталітарнага рэжыму і імкліва працягваецца ў наш час.
I сёння ўжо многім нашым сучаснікам не ўяўляецца каштоўнасцю тое, што было першасным і лёсавызначальным для нашых продкаў. Сёння з лёгкасцю разбураюцца тыя маральныя бар'еры, пераступіць якія лічылася раней вялікім грахом. Сёння юным цяжка зразумець матывы неверагодных высілкаў у імя мэты, да якой «станоўка, ненарокам» ішлі коласаўскія героі, што жылі стагоддзе таму. Цяжка зразумець матыў «здрады» свайму каханню мележаўскім героем — Васілём…
Нашы духоўныя набыткі за мінулае стагодцзе, як сведчыць само жыццё, не такія ўжо і значныя. А каб пераканацца ў тым, што мы страцілі са спадчыны свайго народа, скарыстаем запрашэнне Якуба Коласа і
…разгорнем часау шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося.Шмат у беларускай літаратуры сапраўды нацыянальных твораў. Але па энцыклапедычнасці выяўлення нацыянальнага як вышэйшага атрыбута мастацкай вартасці шэдэўраў роўных «Новай зямлі» няма.
Калі і наканавана нам знікнуць у свеце, то новыя цывілізацыі мелі б поўнае ўяўленне пра нас, беларусаў, як нацыю, пра зямлю, на якой мы жылі, пра наш побыт, нашу культуру, традыцыі і звычаі, пра наш характар і ментальнасць, пра нашы каштоўнасці, пра нашы мары і памкненні толькі па адной кнізе — паэме «Новая зямля». Усё ў ёй — наша, роднае, нацыянальнае.
Найвялікшай каштоўнасцю для кожнага народа з'яўляецца зямля, на якой ён жыве. Для нашага народа зямля — гэта не проста тэрыторыя, а прошча, святое месца і «аснова ўсёй айчыне». Ва ўсведамленні Міхала, для якога адзіным шляхам да волі з'яўляецца «свая зямля» як аснова ўсяму, увасоблена народнае ўсведамленне зямлі як найвялікшай каштоўнасці нацыі:
Зямля не зменіць і не здрадзіць, Зямля паможа і дарадзіць, Зямля дасць волі, дасць і сілы, Зямля паслужыць да магілы, Зямля дзяцей тваіх не кіне, Зямля — аснова ўсёй айчыне.Лексічнай анафарай «зямля» паэт дасягае эфекту малітвы, бо зямля ва ўсведамленні беларуса — святыня, абяцаная Богам. I здрада ёй — вялікі грэх.
Зямля для коласаўскіх герояў — гэта і промень волі і свабоды; гэта і ўмова рэалізацыі сваіх прыродных якасцей, хлебаробскага таленту, які з усіх талентаў самы святы; гэта і гарантыя дабрабыту; гэта і залог годнага і людскага жыцця для нашчадкаў, клопат пра якіх — спрадвечная рыса характару беларуса. Сапраўды, зямля — скарб, бяздоннае багацце.
Каб узвысіць свайго героя, Колас праводзіць яго праз самыя цяжкія і страшныя, ва ўяўленні Міхала, выпрабаванні — беззямелле і як вынік яго — рабства, здзек, прыніжэнне. Але жыццёвыя калізіі («Міхал як толькі ажаніўся, тады ж ад бацькі аддзяліўся, бо стала цесна. З той прычыны пайшоў на сплаў ён, на віціны…») толькі ўмацавалі яго мару:
Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут, I там зажысь сабе нанова: Свая зямля — вось што аснова!