Далідовіч Генрых
Шрифт:
Мне вельмі хацелася ўбачыць Камцю, я перасіліў свой страх i пабег у Крычаты.
Гаптар, паголены, у вычышчаных старых хромавых ботах, у белай кашулі, зашпіленай на верхні гузік, выносіў з хаты клункі i лажыў на воз. Там ужо ляжалі мяхі з мукою, цабэркі, стаяў куфар, абвязаны вяроўкаю. На мяне Гаптар нават не глянуў.
Заплаканая, папраўляючы на галаве хустку, выйшла з хаты невысокая, гарбаценькая гаспадыня, абаперлася на частакол i загаласіла.
— Сціхні! Горш не будзе. Такое ўжо дабро пакідаем i славу… — абураўся Гаптар.
— Што не было, а свой куточак, — плакала жанчына.
— А ты дзе там? — крыкнуў гаспадар. — Ідзі, са сваім кавалерам развітайся, бо паедзем ужо. Не развітацца няможна: местачковы кавалер!
— Зусім здурэў,— папракнула яго жонка.
— Хіба няпраўду гавару? — незалюбіў Гаптар, са злосцю глянуў на жонку. — Даўся мне іхні гонар!
— Калі што было…
З сенцаў выйшла Камця. Падышла да мяне i нічога не магла сказаць. Сёння яна зноў была бледная, худзенькая, зусім нямоглая. Стаяла i плакала.
З-за сенцаў выбег рудаваты сабачка, жаласна скуголіў i цёрся гаспадыні аб ногі. Тая дастала з кішэні акраец хлеба i падала яму. Шчанюк нават не нагнуўся да куска, глядзеў на кабету i скуголіў.
— I шчаня ростань чуе… — зноў заплакала жанчына.
— Ну, скарэй… — ужо не са злосцю, а спакойна сказаў Гаптар, адвярнуўся, нацягнуў брылёўку на вочы.
— На, на памяць, — прамовіла Камця i падала мне невялікі, загорнуты ў паперу ад шпалераў, пакуначак.
Я ўзяў падарунак i не мог сказаць ні слова. Маўчала i Камця, толькі з яе вока выкацілася i паплыла па шчацэ празрыстая, як расінка, слязіна. Нешта ў душы маёй перавярнулася, заныла, i я не вытрымаў, заплакаў. Яшчэ мацней загаласіла i Камця.
— Ну, пайшлі, дачка, на воз, — падышоў і ціха сказаў Гаптар. — Усё роўна ехаць трэба…
— Камця i вы, цёця, я ніколі нічога благога не скажу на Крычаты, — прамовіў я.
— Дзякуй, сынок, — пацалавала мяне ў лоб гаспадыня. — Будзь шчаслівы i не забывай нас. I будзь заўсёды такі разумны… Дасць бог, яшчэ ўбачымся… — яна ўзяла Камцю за руку i павяла да воза.
Нечакана падышоў да мяне Гаптар, падаў моўчкі руку, моцна паціснуў маю, не прамовіў i слова, зноў хутка-хутка пайшоў да калёс. Я зусім разгубіўся, стаяў i глядзеў, як яны паселі — гаспадар уперадзе, спіною да мяне, а жанчыны прымасціліся ззаду, тварам сюды.
Гаспадар цмокнуў, махнуў лейцамі, i конь крануўся. Заляскалі на возе цабэркі, зацерлася аб атосу пярэдняе кола, правае задняе кола было зусім крывое, ківалася ў бакі i шмаравала па лястцы.
Жанчыны сталі махаць рукамі — сваёй хаце і, відаць, мне. Следам за імі бег i шчанюк.
Я, разгублены i заплаканы, стаяў на чужым пустым двары i адчуваў, як штосьці вялікае, дарагое, моцнае выплывае з маёй душы, імкнецца туды, за лес, у якім схаваўся нагружаны клункамі воз…
Касцюм
— Ідзі, мурза, вымыйся, — зласнавата сказала мне маці,— такога бруднага з сабою не вазьму, не хачу, каб чужыя людзі смяяліся ды пальцамі паказвалі.
Я даўно ведаў, куды збіраецца ісці сёння мама, вельмі хацеў пайсці з ёю i цяпер моўчкі выслухаў, як яна папракала мяне. Я знаў, што другім разам дасталося б ад маці матуза па спіне ці яна прыстрашыла б: калі я такі непаслухмяны, неахайны, то пакараюць — абстрыгуць маю чупрыну, будзе галава голая, як бубен, i ніколі мне новага, людскага чаго не купяць. Словам, з гэтай часіны возьмуцца за мяне, бо далі неразумную патолю, i я стаў вялікім раздуронцам…
Але маці цяпер не напомніла гэтага, не пастрашыла, i я ўзрадаваўся, пабег да студні, выцягнуў вядро вады. Выліў яе ў доўгае i глыбокае карыта, адарваў галінку палыну i адагнаў пчол, якія пачулі вільгаць i прагнулі асвяжыцца, лезлі да вады, тады намыліў «запушчаныя» рукі, «чорныя, з куранятамі» ногі i пачаў церці ix пяском i сухадзяроўкаю, заплюшчваючы ад болю вочы.
Калі рукі мае i ногі не так пачысцелі, як пачырванелі, зайшліся ад сцюдзёнай вады, я пакінуў драць ix і, ступаючы на пятках, вярнуўся ў хату.
— Людское дзіця адзенуць, i яно дзень чысценькае ходзіць, а ты ды Ганя… Не цэніце вы маёй працы, не шкадуеце рук маіх, — гневалася маці i здзірала праз галаву маю брудную кашулю, — толькі ведаю — дзянёчак цэлы ля вас таптацца: карміць, абмываць ды пераадзяваць.
Я стаяў, моўчкі нацягваў свежыя штонікі, апусціўшы галаву, слухаў маці: праўда была яе. Перад полуднем я ўжо мяняў майку, скідаў брудную i надзяваў чысценькую, але нядаўна, як прагнаў карову на пашу, сустрэўся ca сваім лепшым сябруком, суседам Антонікам, капаў з ім «акопы», добра прапацеў, пасля мы не паладзілі i абсыпалі адзін аднаго пяском…