Вход/Регистрация
Станаўленне
вернуться

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Я сам здзіўляюся, чаму гэтае лета думаю многа пра ежу, ці таму, што ў нас даўно выйшла сала i мы не ядзім скваранага, ці таму, што працую, трачу многа сілы, ці таму, што ўсё лепшае — смятану, тварог — берагуць для сястрычкі. Забыўся я ўжо, калі ўволю з’еў i чорнага хлеба — адрэжа маці лусту, дасць, а бохан загорне ў белы ручнік i пакладзе на паліцу, напамяне, каб без яе не чапалі…

На ганку нас сустрэла маці, усміхнулася: «Ах, мае вы работнікі!»— але чамусьці абняла ды пацалавала толькі мяне, хоць я цяпер вельмі хацеў, каб мама прылашчыла i бацьку: ён многа працуе — цэлы дзянёчак махае молатам, адпускае мяне паляжаць на траве, пакупацца ў рэчцы, а сам не выходзіць з кузні, стукае, пацее ля агню, а ноччу глуха i цяжка кашляе…

— Ну, што вы сёння зрабілі? — пытаецца маці i палівае нам на рукі халодную ваду.

Мы з бацькам намыльваем рукі, крэкчам i не спяшаемся адказваць. Другім часам я не вытрымаў бы, адразу пахваліўся б, але сёння маўчу, чакаю, што скажа бацька.

— Мы заробім скора Стасю на боты, — кажа ён.

— Малайцы! — радуецца маці.— I я вас сёння нечым пачастую…

Мы заходзім у хату, садзімся за стол. Маці высыпае ў глыбокую місу гарачую бульбу, пара з якой валіць пад столь, i ставіць маласольныя гуркі. Як убачыў я картоплю, у мяне так пацяклі з рота слінкі, што я перастаў стрымлівацца, быць «сталым», напоўніцу набіў рот бульбаю, толькі зяхаў: была яна надта гарачая, апякала рот. Дасюль я, здаецца, не ведаў, што бульба такая смачная.

— Гэта вам, мужчынам, — усміхнулася маці, узяла з паліцы невялікі кавалак сала, адрэзала два роўныя кусочкі, падала мне i бацьку.

Я добра ведаю, што ў нас ужо няма свайго сала, кончылі яшчэ вясною, хрэсьбінамі. Сама мама i бабуля сала не ўзялі, хрумстаюць гуркі i запіваюць бульбу расолам, i хоць часта гавораць, што посная гэта яда, некалі будзе лепшая, але сёння маўчаць, i, здаецца, усе задаволеныя. Толькі наша Ганька не радуецца, не засмучаецца, спіць сабе — сапе ў носік i цмокае губкамі…

— Мама, дзе вы ўзялі сала? — спытаў я, калі крыху збіў голад.

— Вы зарабілі,— кажа яна. — Занесла сёння Пётрыкавым серп, што вы змайстравалі, вось i далі. Так што i ты ўжо наш карміцель…

Я ўсміхаюся, нават бянтэжуся: так мне добра. I тут жа думаю, што, відаць, i бабуля, i маці гэтаксама хацелі б пакаштаваць сала, i я ўзяў нож, адрэзаў ад свайго кусочка i ім па скрыліку.

— Еш сам, сынок, — адмаўляецца бабуля. — Мы тут пры доме… А вы ж у кузні…

I бацька, як толькі цяпер я заўважыў, не еў сала, глядзеў на мяне i пасміхаўся, адрэзаў два кусочкі, падаў ix кабетам, хоць тыя нізавошта не хацелі браць. Узялі толькі тады свае долі, калі сказаў, што i ён не будзе есці.

Крычаты

1

Чуў я раней у сваім налібоцкім краі, як знаёмяцца чужыя людзі:

— Адкуль самі будзеце?

— З Налібак.

— А я з Хлябовіч, з Янковіч…

Толькі не помню, каб пахваліўся хто, што ён з Крычатоў — за вярсту якую схаваўся за нашым мястэчкам, за Шабуневым лесам, такі невялікі хутарок, хат дзесяць, не болей. Спытаюць незнаёмыя крычатоўца, дзе жыве, — нiколi не прызнаецца, скажа: стаіць яго хата «непадалёку Рудні, Янковіч ці Пільніцы»…

Месца, на якім аселі Крычаты, i добрае, i нядобрае: жывуць людзі на беразе шырокай ракі. У ёй многа шчупакоў, ментузоў, плотак — хапае круглы год i свежай рыбы, i сушанай, самі ўволю ядуць i прадаюць, добрую капейку бяруць. Не ведаюць людзі гopa i на сена: месца ля ix нізкае, мокрае, не скора высушваецца — расце трава ў пояс, пахкая, ядкая. I коні ахвотна ядуць i каровы.

Але ў крычатоўцаў мала ворыўнай зямлі: вясною выходзіць з берагоў рака, залівае поле; вада стаіць да чэрвеня, не дае ні араць, ні што лапатаю пасадзіць. А то ворыва забірае лес — ля самага хутарка накідваецца, прыжываецца самасейка, а воддаль уросся, укамліўся бор Налібоцкай пушчы. Дровы, ягады, грыбы блізенька, хоць лапатаю грабі, a зямлі, каб зрабіць добрыя грады ці пасадзіць бульбу, няма.

З-за гэтай зямлі яшчэ раней, за панамі, не хацелі нашы местачкоўцы браць крычатовак, a дзяўчат з вёскі нельга было зацягнуць да ix на хутар. Удавалася ў мястэчку якая бедная ці брыдкая дзяўчына, пасміхаліся: «Табе толькі за крычатоўца ісці…»

Вось так гадамі чужыя людзі абнеслаўлялі гэты лапік зямлі, пасміхаліся, забываліся пра яго, успаміналі, калі выходзіла сваё сена i трэ было дакупіць, ці ўзяць у ix рыбы, мёду або піва, якое ўмелі рабіць толькі на гэтым хутарку. Бралі i стараліся, каб ніхто пра гэта не ведаў… I благая слава трымалася, ліпла да крычатоўцаў, як смала…

Як i я помню ўжо, у Крычатах да самага калгаса не было ні школы, ні магазіна, з ix хутара ніхто не вывучыўся за настаўніка, урача, самае вялікае— налоўчваліся хлопцы рабіць бочкі, шыць касцюмы ды кажухі, век цягаліся па свеце па заработках, прыставалі ў прымы, каб пакінуць меншым кусок зямлі, a самім сесці на жончын.

Праўда, казінцы (так яшчэ завуць крычатоўцаў) амаль усе ўмелі добра спяваць i іграць на цымбалах, гармоніках. Калі паблізу бывала якое вяселле ці вечарынка, казінцы тады хадзілі каралямі: ігралі іхнія баяністы i цымбалісты, i тады ix паважалі, нават зайздросцілі, бо i танцоры былі яны спраўныя, люба глянуць было, як яны танцуюць. Вальсамі ды полькамі іхнія хлопцы знясільвалі дзяўчат, танцавалі падоўгу, прыпеўвалі, скакалі, траслі валасамі, грукалі ботамі, i ніхто з імі не мог параўнацца.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: