Вход/Регистрация
Ля аднаго вогнішча
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Многія, многія вершы спыняюць нашу ўвагу. Шукаем такія, якія маглі б больш расказаць пра яго індывідуальнасць. Ну вось хоць бы гэты:

Адвяснуе восень на зазіміны, Бакены зашыюцца пад гаць. Сінія асеннія асіннікі У смузе марознай зазіхцяць. Ёсць ў іх Журба неверагодная, Саладжавы і гаркавы пах, Ад якога — усё такое роднае, Што аж слёзы, Слёзы на вачах.

Ён, думаецца, вельмі характэрны для А. Грачанікава, бо сведчыць пра талент тонка адчуваць жыццё, «прапускаць» яго праз уласнае сэрца і лёс, рабіць яго і нашым духоўным набыткам. Не шмат паэтаў, якія ўмелі б звычайную, так сказаць, тэму (у дадзеным выпадку агульную для ўсіх тэму патрыятызму) ператварыць у нешта глыбока ўнутранае, інтымнае… С. Гаўрусёў тонка адчуў індывідуальнаць А. Грачанікава: «Чытаючы вершы паэта, празрыстыя і як бы асветленыя праменнямі знутры, можна падумаць, што яны даюцца яму лёгка. Гэта ўяўленне памылковае. Нікому і ніколі прастата не давалася проста. Праблематыка яго твораў пераконвае, што сёння, відаць, немагчыма паспяхова пісаць пра зямлю, не ведаючы таго, што адбываецца ў космасе» (Літаратура і мастацтва, 1979, 19 кастрычніка).

Як паэт ён даўно — магчыма, з самай першай сваёй кнігі «Магістраль» (1964) — прызнаны і грамадскасцю, і крытыкай. Яго зборнікі не паўтараюць адзін аднаго, а паказваюць відавочную лінію росту. Маюць поспех — я сам таму сведка — яго выступленні на літаратурных вечарах, сустрэчах з чытачамі, аматарамі паэзіі. Па ўсім відаць, што радок паэта крануў чалавечыя сэрцы і знайшоў сваё месца ў літаратуры.

Якое ж яно — месца А. Грачанікава ў сучаснай паэзіі?

У першых жа сваіх вершах ён пайшоў, як гэта і павінна быць уласціва паэту-лірыку, ад уласнай біяграфіі чалавека, які запомніў гераізм і мужнасць народа ў вайну («На фронце бацька. Маці — партызанка»), нягоды цяжкай пасляваеннай пары (паэма «Сонечны звон»), армейскія будні, вучобу, працу на чыгунцы, зноў вучобу і зноў працу…

«Няма замены паэтам!» — гаворыць ён у адным з вершаў, прысвечаным Максіму Багдановічу. І гэта праўда: кожны чалавек — непаўторны і незамянімы. іТым больш паэт — яго асоба павінна быць бачна здалёк. Нездарма нават узнікненне лірыкі як роду літаратуры звязваюць з тым момантам, калі чалавек усвядоміў сваю асобу. Лірыка і пачала даследаванне і сцвярджэнне чалавечай індывідуальнасці і непаўторнасці, у якой адлюстравалася грамадскае жыццё. Зрэшты, наколькі помніцца, А. Грачанікаў ніколі асабліва не гнаўся за «індывідуальным» стылем. Проста ён быў праўдзівы, адкрыта і непасрэдна выяўляючы сябе ў вершы. Найбольшыя ўдачы першых кніг (вершы «Вера», «Лашак», «Гарадская ўскраіна», «От каб быў я такі, як цень!..», «Калодзеж капаюць», «Поле», «Над Белай Руссю…», «Той танец» і іншыя) з’явіліся непасрэдным вынікам яго жыццёвага вопыту і вельмі асаблівага ўспрыняцця і асэнсавання рэчаіснасці. Яны былі звязаны са шчырасцю героя, з устаноўкай на справядлівасць. Словам, у цэнтры пераважнай большасці яго твораў аказалася рэальнае чалавечае «я», што і абумовіла цікавасць да іх з боку крытыкі і чытача.

Нездарма многія пералічаныя вершы і шмат якія неназваныя па праву ўвайшлі ў сучасныя анталогіі беларускай паэзіі на розных мовах. Дарэчы, сёння іх выдаюць усё больш і больш.

Некалі Іван Мележ, якому, дарэчы, вельмі падабалася паэзія яго земляка (Грачанікаў таксама нарадзіўся на Палессі), адкрыў для сябе «простую», як ён казаў, ісціну: «калі „стыль — гэта чалавек“, то каб стыль мастака праявіўся больш выразна, своеасабліва, трэба, каб выразна праявілася асоба чалавека, яго светаадчуванне, яго погляды, яго матэрыяльны і духоўны вопыт. Чалавек не толькі не павінен хаваць сябе, а, наадварот, адкрывацца ва ўсёй шырыні, глыбіні і шчырасці. Не трэба здавацца ні горшым, ні лепшым, чым ты ёсць, трэба быць самім сабою. Усякая штучнасць будзе ў шкоду. Ніякі фальш не пройдзе без следу».

Так вось, прыкладна, і зрабіў А. Грачанікаў. Нават у самай першай кнізе ён здолеў застацца сам сабою.

На фронце бацька. Маці — партызанка. Цяпла у хаце нашай не стае. І я з’язджаў з гары крутой на санках, Каб усцягнуць ламачча на яе. Гарэў агонь. Агонь цяпла і веры. У грубцы і ў вачах братоў маіх. Мы нанач шчыльна зачынялі дзверы, Але на ключ не замыкалі іх.

Некаторыя паэты робяць упор на яркую, пукатую вобразнасць. У А. Грачанікава яна выглядала досыць сціпла, «неэфектна», нават крыху заземлена, але затое рэалістычна, праўдзіва. З яго вершаў паўставаў цудоўны край — Палессе са сваімі людзьмі (сімпатычныя вясковыя дзядзькі і цёткі), прыродай, звычаямі. Ён давярае жыццю, людзям, зямлі…

Там, паміж Гомелем — Кіевам, Над Сожам крылы ўскінула І кліча мяне, нібы кнігаўка, Вёска мая — Шарпілаўка. Стоміцца сэрца, здарожыцца, Ды ноччу і днём трывожыцца: Як там бацькі і родзічы, Дубровы і курганы? Жыву, іх усюды помнячы? Ці помняць мяне яны?

«Успамін машыніста», «На перагоне», «Завадскі аркестр» — А. Грачанікаў мог «выкрасаць» паэзію з фактаў даволі звычайных, будзённых, знаходзячы ў іх незвычайнае, па-чалавечы вельмі прывабнае. Індывідуальнасць яго апладнялася сацыяльна значнымі, грамадзянскімі адчуваннямі паэта, і гэта кампенсавала запаволенасць, некаторы недахоп тэмпераменту.

Літаратура, як вядома, толькі тады ставіцца жывой справай, калі імкнецца асэнсаваць жыццё грамадства, усвядоміць сваё месца ў кантэксце з ім. Мастак — можна сказаць — чалавек з сацыяльным сумленнем, ён павінен быць у творчасці на ўзроўні грамадскага дзеяча.

Што складае аснову творчай індывідуальнасці? На мой погляд, наяўнасць таленту і выразнае пачуццё асобы, шырыня грамадзянскіх даляглядаў. Уласна кажучы, асоба — гэта і ёсць сукупнасць сацыяльных грамадскіх адносін.

Наступныя кнігі («Круглая плошча» — 1971, «Грыбная пара» — 1973) узмацнілі адчуванне сучаснасці. Зрэшты, у кожнага паэта адчуванне сучаснасці — сваё. У Грачанікава яно звязана з глыбінёй светапогляду, ён не ўспрымае сучаснага без мінулага, без яго героікі і ахвяр, якія выхоўваюць пачуццё адказнасці, фарміруюць маральны свет паэта.

Зборнік «Круглая плошча» адкрываўся вершам «На Палессі…»

На Палессі — спрадвеку, як быццам званы, Несціхана сівыя звіняць курганы…

Гэта падаюць свой голас продкі: «Добры дзень вам, нашчадкі! Добры дзень вам, зямляне!»

Паглыбляецца і ўзбагачаецца пачуццё патрыятызму, абвастраючы праніклівы лірызм, шчырасць і непасрэднасць паэтычнага выяўлення.

Краю мой родны і мілы! Чую ў світальнай цішы, Як твае стогнуць магілы, Як твае плачуць крыжы. Маеш і долю і волю Не анямеў, не аглух. Твайго ж незагойнага болю Жыве ў маім сэрцы дух.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: