Вход/Регистрация
Ля аднаго вогнішча
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Прынцыповае значэнне для ідэйнага станаўлення паэта меў верш «Бацьку». Ён вельмі асабісты: паэту выпала доля расці без бацькі, бацька, Іван Рыгоравіч, не вярнуўся з вайны, і цяпер няма каму выйсці за вёску, спаткаць сына, падаць руку. Такі боль не загойваецца… У гэтым асабістым таксама выяўляўся лёс пакалення — пакалення «бязбацькавічаў», аб’яднаных агульнай доляй:

Паверыць цяжка мне таму, Што больш не прыйдзеш ты дадому. А шапку я заўжды зніму Перад магілай невядомай…

З іменем Р. Барадуліна ў беларускай паэзіі звязаны рэдкасны дар асабліва эмацыянальна, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет. Ягоны творчы шлях, — пры ўсёй неадналінейнасці развіцця — з’яўляецца пацвярджэннем таго, што рост творчых магчымасцей паэта непасрэдна звязаны з росквітам і ўзбагачэннем яго асобы. Добра памятаецца нізка вершаў «Вечар над Таболам» (якая ўвайшла ў першы зборнік) — маладая свежасць пачуццяў, радасць калектыўнай працы, камсамольскі энтузіязм, якія так поўна і непасрэдна выявіліся ў гэтым «цалінным» цыкле. Перачытваючы яго сёння, бачыш, што ў светаўспрыманні паэта пераважаў калектыўны пачатак, як быццам бы паэтычнае «я» аўтара «раствараецца ў масе», у калектыве студэнтаў, што працавалі ў цалінным саўгасе. З цягам часу ўсё часцей і часцей на першы план у вершах паэта выступае паўнакроўнае і шматзначнае «я» ў непаўторнасці свайго індывідуальнага быцця.

«Лицом к лицу лица не увидать» — гэтак сказаў С. Ясенін. Сучаснікі не заўсёды дакладныя ў вызначэнні каштоўнасці і маштабнасці тых мастацка-эстэтычных з’яў, сведкамі якіх яны з’яўляюцца. Некаторым крытыкам здалося, што пасля «Маладзіка над стэпам» малады паэт сцішыў сваю хаду. Не, гэта не так. Сёння добра відаць, што і другі зборнік «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961) быў крокам наперад. У гэтым пераконвалі вершы «Трэба дома бываць часцей», «Палата мінёраў», той жа «Вятрак» і іншыя.

Развіццё паэта — ад кнігі да кнігі — ішло натуральным чынам. Пабольшвалася матываў роздуму, радок стаў інтанацыйна больш свабодным, гнуткім.

Сонцу і ветру батрак, Стаіць на пагорку вятрак. Суседзі сваё адмахалі. Адзін сірацее. Пыльна. Дзе ж гэта падводы з мяхамі? Чакае, углядаецца пільна… («Вятрак»)

Першая кніга Р. Барадуліна, яго стылёвы код, адчуваецца і ў другой, і ў трэцяй, і ў чацвёртай… Сакавітасць, рэчыўнасць пісьма — яе мы сустракаем паўсюль.

У верасня свой, асаблівы пах: Курыць сівец — плыве дымок гаркавы. Зямлёю пахне бульба у капцах, Антонаўкамі зоры па начах І туманы — ляжалаю атавай.

Тэма Радзімы гучыць шматстайна, напорыста; эмоцыі ўзбагачаюцца ідэйна і душэўна. На грунце свайго, асабістага вопыту паэт выходзіць на шырокія абагульненні.

Трэба дома бываць часцей, Трэба дома бываць не госцем, Каб душою не ачарсцвець, Каб не страціць святое штосьці…

Верш паглыбляе свой ідэйна-маральны змест, становіцца з’явай грамадскай свядомасці.

Трэцяя кніга мела характэрна барадулінскае найменне — «Нагбом». І. Шклярэўскі ў адным з артыкулаў пра Р. Барадуліна тлумачыў: «„Нагбом“ — гэта калі бярэш у рукі заледзянелае вядро і п’еш з яго, здзьмухваючы звонкія ільдзінкі і леташняе лісце». Добра сказана! Нагбом — метафара ўсёй барадулінскай паэзіі з яе свежасцю і першароднасцю фарбаў.

Мохам зязюльчыным ідуць маладзіцы, Губы засмяглыя ў спелых суніцах — На сонцы ягады спакойна вымлелі. Холадам ногі рачулка вымыла. Ляціць над звонкімі баравінамі песня дзяўчынанькаю нявіннаю: — А я ў бару Грыбы бяру, Каля межы — Сыраежы!..

Паэзія рэчаіснасці жыве ў слове — слова гэта непаўторнае. Прынамсі, перакласці слова паэтычнае на мову празаічна-апавядальную цяжка. Аднак хіба мы не бачым у сваім уяўленні гэтых ягадніц, што ідуць — сёння, і сто, і тысячу год таму назад — тымі самымі «звонкімі баравінамі»…

Гістарычны зрок паэта станавіўся ўсё больш відушчым. Учытайцеся ў гэту баладу:

Гналі роднай зямлёй палонных. Смерць, як лёхі, калоны палола. Ля знаёмага шчырага бору, Дзе ігліца падсохла, як порах, Дзе карэннем спавіты сцежкі, Крок салдат сінявокі прыспешыў. І, сабраўшы апошнія сілы, Ірвануўся у верас сіні. Верас сіні паплыў кругамі… Дзе сасонка на горку кульгае, Птушкі цёплае лета хвалілі, Злыя кулі лічылі хваіны… За прыгоркам бацькоўская хата. Абкульгала сасонка салдата…

Гэта балада — як помнік, яна прымушае спыніцца, памаўчаць…

Паэзія Р. Барадуліна пастаянна ўзбагачаецца новымі сродкамі выразнасці, імкнецца да свежых мастацкіх форм, здольных ярчэй, эмацыянальней выявіць унутраны сэнс падзей, светаадчуванне сучасніка. У кнізе «Нагбом» узмацнілася імкненне да большай маштабнасці ўспрыняцця рэчаіснасці: «Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў, услед за сонцам доўга мне брысці». У эпоху асваення космасу гэты вобраз «сына зямлі» выглядаў не так ужо і абстрактна. Зрэшты, слову паэта хапала і канкрэтнасці, нават дакументальнасці. Яго паэзія паглыбляе разуменне духоўных каштоўнасцей чалавека — узнікае вобраз маці. Той, Акуліны Андрэеўны, пра якую ўспомніў у сваім прысвячэнні П. Панчанка. Яе вобраз упершыню ўзнікае ў цыкле вершаў «Трыпціх», у якім аўтар расказаў пра сваю зямлю і яе працавітых і гераічных людзей («Кожны мае свае Ушачы»), «Трыпціх» — гэта асэнсаванне свайго роду, прыналежнасці да роднай зямлі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: