Вход/Регистрация
Міколка-паравоз
вернуться

Лынькоў Міхась

Шрифт:

— Палкоўнік нямецкі… — шапнуў нехта збоку і замоўк пад суровым позіркам канваіра.

Памешчык з палкоўнікам падышлі да сялян. Спешыліся коннікі, пад’ехала яшчэ адна каламажка, і з яе таропка вылез поп, няўклюдна апраўляючы падраснік, з-пад якога відаць былі наваксаваныя папоўскія боты.

— А гэты сіваграк чаго тут? — гучна запытаў дзед Астап у стаяўшага побач з ім селяніна. Але той не паспеў адказаць, бо загаварыў памешчык. Ён стаяў перад народам, важна выставіўшы ўперад немалы свой жывот, ленавата пакручваючы вус, і нібы ўсміхаўся сялянам самай мірнай, лагоднай усмешкай:

— Ну вось, мужычкі, ізноў мы з вамі сустрэліся… А вы думалі, што мы рассталіся навекі… Ну што ж, мала з вас ласкі імператара Вільгельма? — І ён паказаў рукой на абгарэлыя коміны сялянскіх хат, на сумныя папялішчы. — Вы думалі, што вам пройдуць так, даруюцца грабяжы над маім маёнткам? Што вам даруецца бальшавіцкае свавольства? Не, не чакайце, мае мілыя, гэта вам не свабода… Гэта вам не бальшавікі… Гэта войска вялікага імператара Германіі, якое стаіць за закон, за законную ўладу, за маю зямлю, за маё дабро.

Ён гаварыў і гаварыў, і словы яго перайшлі ўжо ў шалёны крык. Ён захліпаўся словамі, пырскаў пенай, пагражаў, лаяўся.

— За кожную маю карову я вазьму цяпер тры каровы, за кожнае зярно вы будзеце расплачвацца са мной сваёй крывёю і потам… Я згнаю ў турмах… Я расстраляю.

Яго спыніў чамусьці палкоўнік, запытаў нешта. Тады памешчык пачаў гаварыць больш спакойна:

— Палкоўнік ставіць перад вамі ўмову: калі хочаце яшчэ пабачыць свету, гаварыце, хто забіў нямецкага афіцэра і вызваліў Сёмку-бальшавіка?

Народ глуха маўчаў. Толькі відны былі сцятыя ў бяссіллі кулакі, суровыя твары былі ў цяжкай задуме. Ужо бегаў памешчык сярод людзей, ярасна трос кулакамі, грозна падступаў да некаторых.

— Гавары, дзе Сёмка? Хто яго вызваліў?

Але маўчаў народ. Толькі ўсхліпвалі жанчыны, выціраючы слёзы ражкамі хусцінак, ды плакалі дзеці.

Адышоўся памешчык, пачаў нешта раіцца з палкоўнікам. Той махнуў рукой аднаму з афіцэраў. Двух хлапцоў, якіх узялі з лесу са зброяй, падвялі да абгарэлай грушы, паставілі пад ёй. Да іх падышоў поп, нешта гаварыў ім, паказваючы на крыж. Але бачыў Міколка, як плюнулі хлопцы на крыж папу, на яго грудзі. Як пабіты сабака, адышоў поп убок. Загаласілі жанчыны, хапіўшыся за галовы. Глуха шапталі старыя:

— Калі ж кончацца гэтыя здзекі? Ці доўга цярпець яшчэ будзем?

Грымнулі стрэлы… Міколка не глядзеў туды. Ён бачыў толькі, як узняліся над папялішчам стаі чорных крумкачоў, як з абгарэлай грушы пасыпалася сухое лісце і ціха-ціха кружылася, ападаючы ўніз. Яму насустрач віліся шызыя клубы дыму ад стрэлаў.

Доўга яшчэ здзекаваліся над людзьмі, усё выпытвалі пра Сёмку, пра тых, хто падбухторваў не здаваць немцам хлеб і жывёлу, хто быў у батрацкім камітэце.

Але колькі ні настаўлялі на людзей кулямётаў, колькі ні спрабавалі страляць паверх галоў у народ, нічога не дапамагала. Людзі маўчалі. Тады памешчык з афіцэрамі падышлі бліжэй да людзей. Некаторых бралі і адводзілі ўбок. Вось і да дзеда з Міколкам падышоў памешчык, сурова паглядзеў:

— Ты хто, нешта цябе я не памятаю?

— Я таксама з табой незнаёмы… не даводзілася сустракацца… — працадзіў дзед скрозь зубы.

— А ты, чорт стары, адказвай, калі з табой гавораць… Жарты ў мяне кароткія… Хто і адкуль? — усё пытаў расчырванелы ад злосці пан.

— Чалавек я… Вось хто я.

Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Кастлявыя былі гэтыя рукі, з шырокімі пляскатымі далонямі, з вечнымі мазалямі, з незмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамі ад мазуту. Зірнуў на іх пан і затросся аж.

— Недарма ты аціраешся тут сярод мужыкоў… Відаць, з рабочага кодла, пракляты… — засіпеў ён і, заўважыўшы Міколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: — Гавары, хто гэта такі?

— Гэта мой дзед… — адказаў напалоханы Міколка.

— Які дзед?

— А дзед… вось проста дзед, і ўсё тут.

— А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?

Хацелася Міколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што ні на ёсць бальшавікоў сын, але, зірнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў ціха:

— А я дзедаў унук.

— А фамілія твая?

Зірнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовіў: «Не ведаю…» Як уджалены, падскочыў пан.

— У склеп іх! — грымнуў ён на ўсё горла.

Міколку з дзедам адвялі ўбок да купкі людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганяліся за каровамі, за іншай жывёлай. Частку гналі ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралі для нямецкага войска. Сяляне аставаліся на дымных папялішчах. Над папялішчамі кружыліся крумкачы. Дыміліся платы і дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалі два забітыя чалавекі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: