Лынькоў Міхась
Шрифт:
— Афіцэр… — ціха шапнуў Міколку дзед і замоўк.
З ямы вылезлі салдаты, кінулі ўбок лапаты, узялі вінтоўкі, што стаялі прыхіленыя да дрэва. Афіцэр падышоў да чалавека пад хвояй, выняў з кішэні нейкую паперу. Страшэнны плач раздаўся на паляне, і Міколка тут заўважыў, што з боку паляны пад зламанай бярозай стаяла жанчына з дзіцем на руках. Другое, большае, стаяла побач, трымаючыся адной рукой за матчын падол, другой расцірала слёзы на перапалоханым і запэцканым тварыку. Жанчына кінулася была да чалавека, што стаяў без шапкі, але грозна закрычаў афіцэр і, наставіўшы на яе рэвальвер, адагнаў назад.
Афіцэр, спяшаючыся, чытаў прысуд:
— «За пасягненне на маёмасць і жыццё мясцовага пана… за парушэнне закону аб уласнасці… за супраціўленне імператарскім нямецкім войскам… за падбухторванне сялян супроць падаткаў… батрак Сямён, былы матрос і член былога бальшавіцкага савета, па загаду яго імператарскага вялічаства імператара ўсяе Германіі Вільгельма ІІ прысуджаны ваенным судом да расстрэлу…»
Двое салдат кінуліся да чалавека пад хвояй і сталі надзяваць яму мяшок на галаву. Але чалавек рашуча скінуў яго і, кінуўшы мяшок у твар афіцэру, крыкнуў:
— Прэч, нягоднікі!.. Не мне баяцца смерці, як вам, сабакам… Але памятайце, нават з магілы я падыму свой кулак, як грозную перасцярогу вам… І многа яшчэ жывых…
Далейшыя словы былі не чутны. Нешта грозна крычаў афіцэр. Бразнулі затворы вінтовак. Міколка сцяўся ў халодны камяк, нібы ўліп у зямлю. Яго слых абвастрыўся да таго, што ён чуў, як шархаціць пясок на магіле, як скочваюцца каменьчыкі на дно ямы. Ён чуў, здаецца, сваё ўласнае дыханне. Ён бачыў, як непакойна стаў варушыцца дзед, дастаючы нешта з-пад пояса. І гарачыя слязінкі павіслі на расніцах. Вось-вось расплачацца Міколка, выдасць сябе і дзеда ў гэтай лесавой схованцы.
Грымнуў стрэл. Празрысты дым пасцілаўся над палянай. У ім губляліся фігуры салдатаў. Бачыў Міколка: чалавек як стаяў, так і стаіць. Вось яшчэ цэляць салдаты, але бачыць Міколка, як няўпэўнена ходзяць іх рукі, як дрыжаць вінтоўкі, паднімаючыся то задужа высока, то нізка. Яшчэ грымнуў залп, а чалавек усё стаіць пад хвояй, і вочы яго гатовы, здаецца, спапяліць усё перад сабой, да таго гараць яны палаючым бляскам. І вось бачыць Міколка, як азвярэлы афіцэр кідаецца да салдат, выхоплівае ў аднаго вінтоўку і пачынае цэліцца ў чалавека пад хвояй.
І не заўважыў Міколка, як над самым яго вухам грымнуў незвычайны стрэл. Афіцэр упаў як падкошаны, нязграбна раскінуўшы рукі на жоўтым пяску. Выразна бачыў Міколка падэшвы яго ботаў з прыстаўшай да іх зямлёй. Ды яшчэ бачыў, як кінуліся ўбок напалоханыя салдаты ды блізка каля іх шпарка прабег той чалавек, што стаяў дагэтуль пад хвояй. Чалавек, якому хацелі завязаць вочы, каб ніколі-ніколі не бачыў ён ні зары, ні яснага сонечнага ўсходу, ні чыстых зор, ні ўсяго, што ёсць на прыгожай зямлі. Гэта быў адзін толькі момант, калі, здавалася, нібы прыкуты быў да месца Міколка, не мог скрануцца, паварушыцца.
— Пойдзем хутчэй адсюль, унучак! Не варта тут доўга аставацца…
Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка, і таропка хаваў сваю зброю за пояс.
І тут не вытрымаў Міколка. Ён кінуўся дзеду на шыю, церабіў яго сівую бараду, ласкава гладзіў шурпатыя шчокі ў маршчынках і, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў:
— Які ж ты, дзед, слаўны чалавек… Які ж харошы, дзядуля… Які ж ты, мой дзеду, храбры.
Але дзед тут паморшчыўся крыху.
— Пра храбрасць ты кінь… Не ў ёй справа, унуча. Кожны павінен дапамагчы свайму чалавеку, які з мазаля жыве і якога крыўдзяць.
Міколка з дзедам, спяшаючыся, пайшлі ад таго месца, дзе вызвалілі яны ад смерці чалавека, якога нават не ведалі, пра імя якога ніколі не чулі. Вызвалілі таму, што на чалавеку было зрэбнае палатно, у чалавека былі мазалі, чалавека хацелі забіць насільнікі, прыгнятальнікі.
Міколка з дзедам трапляюць у бяду
Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам натрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Тут было некалькі дзесяткаў сялян з сем’ямі, з маёмасцю, з коньмі, з каровамі. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Стаялі калёсы з паднятымі ўгору аглоблямі. На аглоблях былі панадзяваны розныя дзяругі, коўдры. Пад гэтымі дзяругамі спалі на лахманах дзеці. Плакалі жанчыны то голасна, то ціха, наўзрыд. Плакалі па-рознаму, але словы былі адны:
— А што ж то будзе далей? Хіба жывымі ў магілу класціся?
Ля калёс гарэлі агні. Сухое вецце хвой патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Нібы раіліся залатыя пчолы, падымаліся ўсё вышэй і вышэй, аж пад самыя верхавіны маўклівых сосен, ялін. Ад сядзеўшых ля агню сялян мітусіліся навокал палахлівыя цені, яны скакалі па дрэвах, па кустах і знікалі, праглынутыя чорнымі змрокамі ночы. Усюды было трывожна. Гэта відаць было і па плачу жанчын, і па гутарках сялян, па іх трывожных позірках навокал. Некалькі чалавек было з старымі паляўнічымі стрэльбамі. Яны вартавалі жывёлу — тут жа ў лесе пасвіліся коні, каровы, свінні.