Пашкевіч Алесь
Шрифт:
Маніфестам кожнага сапраўднага беларуса з’яўляўся і верш Каруся Каганца «Наш сымболь» (напісаны ў тым жа, што і «Наш покліч», .), у якім перадаваліся пажаданні-зычанні сваім братам па справе змагання-барацьбы за Бацькаўшчыну:
Адважна, брацця, наперад ідзіце Цвёрдай і правай ступою! Кожнаму ў вочы смела глядзіце, Праўду нясіце з сабою! За родну краіну, звычай і мову, За веру груддзю ставайце! Ды будзьце верныя сваему слову, З Богам заўсёды трывайце! Тады вы усякую зможаце сілу, Ворагам прыйдзе скаранне! Правым дасць Бог наградачку мілу, Шчасце і радасць настане!Не выпадкова захацелася працытаваць гэты верш цалкам і ўзнавіць яго менавіта па першапублікацыях — у «Велікоднай пісанцы» ., у «Календары “Нашай Нівы” за 1911 год», бо нялёгкі лёс «рэдагавання» і лакіроўкі выпаў яму. Таму ў адзіным зборы твораў пісьменніка (Каганец К. Творы. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1979) на месцы падкрэсленых вышэй слоў мы знаходзім нейтральныя, завуаляваныя: «За гонар груддзю ставайце», «З праўдай заўсёды трывайце»…
Жыццё i лёс Беларусі патрабавалі разнаплыннай i разнажанравай працы, i ён ужо зрыхтаваўся да гэтага...
I яшчэ пад адной найяркай зоркай трэба разглядаць легенду Каруся Каганца. Імя ёй — Любоў.
Лёс падараваў яму велічнае каханне да жанчыны, i гэта ўнесла ў творчасць новую магічную цеплыню лірычнасці, пачуццёвасці i шчырай сентыментальнасці.
Пачуццё гэтае — шырэй — было асвечана любоўю творцы да роднай зямлі, да маці-прыроды, i ад aпoшнix i ўзрастала, бо хто, як нi тыя радзіма i прырода, уклалі ў калекаватае, сціснутае цяжарам вакольнай цямрэчы цела здольнасць так высока, чыста і адухоўлена (напрыканцы жыццёвага шляху Карусь Каганец прыйдзе да ўсеахопнага спасціжэння вобразу Маці Боскай) адчуваць сусветную прыгажосць i прыгажосць адзінкавую... А да ўсяго — i ўнутраную.
Вялікая i чароўная сіла кахання надала Каганцоваму полымю якасна новыя адценні i афарбоўкі, пяшчоту й кунегу. Таму i нараджаліся разам з названымі вышэй абуджальна-асветніцкімі вершамі лірычна-інтымныя творы. У перыяд з 1894 па 1896 гг. Карусём Каганцом быў створаны асобны вершаваны цыкл, з якім, на жаль, цалкам чытач азнаёміцца пакуль што не можа...
Поўная назва цыкла — «Спяваннi мілосныя “Каханне Каганца”», а самі тэксты захоўваюцца ў рукапісным apxiвe пісьменніка (Аддзел рэдкай кнігі i старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ф. 1, вып. 1.). У складзены далёка не поўны збор твораў Каруся Каганца (Каганец К. Творы. — Мн., 1979) увайшлі два вершы гэтага цыкла, аб чым, верагодна, не здагадваўся i сам складальнік — Сцяпан Александровіч. У прадмове да кнігі ён зазначыў: «Шкада, што не захаваўся своеасаблівы прыродаапісальны (? — А. П.) цыкл вершаў паэта “Каханне Каганца”».
Цыкл складаецца з шасці вершаў, знітаваных узвышаным i чыстым пачуццём, насычаных лірычна-псіхалагічнымі роздумамі. З народна-песенных традыцый, дааздобленых уласнааўтарскім светабачаннем, выліваюцца найчасцей Каганцовы радкі:
Ой, у полі веце вее, Маё сэрца чагось млее. … То не кветка у траве І не птушка сэрца рве, А дзяўчына між нас е Мільша жыцця для мяне…Маючы ўражлівую душу мастака, ведаючы адгадкі вясёлкавых фарбаў i скульптурных ліній, Карусь Каганец не мог не адчуваць, не асэнсоўваць суб’ектыўна-ўласных перажыванняў, настрояў. I тут, здаецца, ён адным з першых пракладаў у нашай літаратуры (па-свойму i смела) новую сцежку імпрэсіяністычнасці. I iмпpэсіяністычнасць Каруся Каганца — адметная, фальклорная. «Першае слова яго кніжнай творчасьці было апошнім словам народнай творчасьці», — пісаў пра пісьменніка ў «Гісторыі беларускае літаратуры» Максім Гарэцкі. А Максім Багдановіч, прыйшоўшы напрыканцы жыцця да спасціжэння народнасці культуры і мастацтва, «каб стаць бліжэй да душы беларуса, лепей наталіць яе духоўную смагу, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу светавой культуры, каб уліць у нашу паэзію свежыя сокі», першым прыкладам працы ў гэтым кірунку бачыў творчую постаць Каруся Каганца. «Можна пісаць і інакш — не намагаючыся падрабіцца пад народную песню, але ў народным духу, прыклад чаго даў Карусь Каганец», — адзначаў у сваім артыкуле «Забыты шлях» М. Багдановіч. Больш за тое, ён стаў і таленавітым вучнем Каруся Каганца: згадаем «вершы беларускага складу» «Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся», «Агата» і пад.
Карусь Каганец спрабаваў «акультурыць», наблізіць да кожнага — праз сваё перажыванне і пачуццё — беларускую народнапесенную стыхію, крануцца агульных духоўных струнаў — і ў іх поліфанічнасці знайсці найбліжэйшы гук для выяўлення свайго настрою. І Карусь Каганец змог прамовіць не толькі ад імя селяніна (прыклад Ф. Багушэвіча), — вуснамі пісьменніка загаварыў сам беларускі народ. А праз колькі гадоў маладзейшыя працягнуць яго спеў, і з’явяцца ў Янкі Купалы і Якуба Коласа вершы з аднолькавай назвай «Мужык», і новай водпаведдзю прагучыць над роднай старонкай: «Што я мужык, усе тут знаюць» і «Я — мужык, бядак пахілы»…
Першымі iмя Каганцовай «кветачкi» — яго каханай абранніцы — даносяць нам лісты да Ганны Пракаповіч (.), а само знаёмства Kaзiмipa i Ганны адбылося на некалькі гадоў раней (і, як відно з лістоў, Казімір паспеў ужо пасябраваць і з маці сваёй абранніцы).
Паненка Ганна Пракаповіч гасцявала тады ў вёсцы Добасня пад Бабруйскам, дзе жыла яе радня. Туды і слаў свае пісьмы (старанна выводзячы з вялікіх літар у сваім змрочным Прымагіллі і адкрытае «Ты», і кунежныя «Галубка», «Зязюлю»), без прамаруджвання атрымліваючы прыхільныя адказы.
Усё падавалася вырашаным. «…дому сяголета, мабыць, не буду ставіць <…> , так што нам прыйдзецца ў Лісіх Норах зіму празімаваці», — пісаў Казімір у адным з сакавіцкіх лістоў. Пісаў, дарэчы, вельмі дзіўным і арыгінальным почыркам — скорапісам ажно ці не XVII ст., з неадменнымі «ерамі» і «яцямі»… Застаецца толькі з цікавасцю ўглядацца ў гэтыя роўныя — нібыта з адбітку старога летапісу — радкі, якія захаваў нам з . ліст Каруся Каганца да сваёй каханай, ці ранейшы, пазначаны «беразнем» таго ж года, аўтэнтычная частка якога дайшла да нас у ілюстрацыі часопіса «Наш Край» за . (№10): «Але Гануся хітрэнька, бытцем Амброжэя не ведае, а показываецца, што штось ведаеш…» — углядацца ў рукапісныя літары старадаўняй кірыліцы, якія не могуць сёння перадаць кампутарныя шрыфты…