Аляшкевіч Маргарыта
Шрифт:
— Нічога ты не тоўстая, — Агата нарэшце кідаецца прабіваць сцяну непрыязнага маўчання. — Яны проста самі не ведаюць, чаго хочуць. Ты ж бачыла ў іх на кампутары — яны ўжо чалавек дзесяць перабралі.
— Ай, маўчы ўжо лепей! — У Яначкі няма ахвоты не толькі гаварыць, але і слухаць гэтую здыхлю. — Хіба не бачна?
Яначка кладзе руку побач з Агацінай. Смуглая рука вылепленая гожа, ладна, і побач з ёй Агацін дроцік глядзіцца страх як негарманічна — локаць выпірае, праз бледную скуру ўсе жылкі відаць, не рука, а дапаможнік па анатоміі. І каму такое можа падабацца?
— Яначка, я табе сто разоў казала і вось сто першы кажу — ты вельмі прыгожая! А гэтая дызайнерка проста ненармальная. Яна мне прапаноўвала іхныя гэтыя спадніцы і ўсё майно, калі я буду з ёй гёрлфрэнд, — далібог, яна ненармальная! Так, так, прапаноўвала, і не глядзі на мяне, ну канечне, я не згаджуся… Ну, хочаш, угаворым Масу, зараз жа пазвонім ім ды скажам, што я не буду здымацца далей? Глядзі, я папрасіла ў іх для цябе таго труса, у яго, праўда, галава адвальваецца, але я падшыю…
Вось так пакрысе настае мір і спакой. Агата яшчэ не ведае, што яе чакае замест чыпсаў і чарговага кіна ў ложку.
А Яначка ў акно глядзіць, маршрут прыкідвае і абдумвае. Дзверы ў бусіку адкрываюцца лёгка, нават вельмі лёгка. Маса неяк казаў, што трэба ўпор паставіць, на ўсялякі выпадак, а то яшчэ адкрыюцца самі на якім павароце. А там жа трафік, жах проста, гэты вялікі горад — самая сапраўдная мясарубка. Агатка, не абапірайся так на дзверы! Вой, мушу цябе папярэдзіць, там паварот наперадзе, рэзкі!
Шчоўк. Ускрык. Візгат тармазоў. Удаём жах. Супакойваем Масу.
Ах, місі, які страшны выпадак! Ах, місі, так шкада тваю сяброўку! Доўбня ты доўбня, Маса, трэба было ўпор паставіць. Але мы нікому не скажам, што ты вінаваты, праўда? Ну, хто яе будзе шукаць, яе ж, нелегалку, ніхто не ведае. Кладзі яе хутчэй і едзем, пакуль паліцыю не прынесла. Скажы таму чмыру, што ў бальніцу, — і едзем хутчэй, пакуль яна мне тут усе апраткі сваімі мазгамі не запэцкала. Я ведаю добрую гару, там глыбокую нару. Не-не, там ніхто не ходзіць, толькі я на прабежкі выбіраюся. Ну, канечне, ведаю. Не бывае, кажу табе, нікога, ужо месяц бегаю, прыглядаюся, нікога не сустракаю. І пазвані каханай, яна, напэўна, злуецца. Давай купім ёй тофу, тут на рагу вуліцы. М-м, смачна.
Але больш нельга, я цяпер на дыеце.
Агата і Яначка дзеляць хлопца. Падсвядома, натуральна ж. Але ўжо лепш бы яны яго адлавілі, звязалі ды пасеклі. Агаце, скажам, лыткі, а Яначцы кумпячок, і кожнай па сінюткаму воку ды паску чарнюшчых валасоў. Табе біцэпс і мне біцэпс, ну а што не дзеліцца, тое можна карыстаць па чарзе. Дык не. Будуць глядзець адна на адну ваўком, праз кожную дробязь гвалт усчыняць, а чаму такая пакута — самі не ведаюць. Учора Яначка на Агацін ложак села, а потым цэлую лекцыю выслухоўвала пра прыватную ўласнасць як базіс духоўнай раўнавагі. З раніцы Агата Яначкін лэптоп скарыстала, музыку паслухаць, дык такога піску было, нібыта Яначка сама на ім музыкі ніколі не слухала, і ўвогуле, атрымай назад сваю лекцыю. Потым Яначка скінула з расчоскі валасы, як звычайна, проста на падлогу. З чаго гэта Агата выбухнула, як скараварка, і ўсяляк нішчыла тыя няшчасныя валасы, быццам спадзявалася, што іхняй гаспадыні ад гэтага таксама нешта перападзе?
Вось яны і сядзяць у гасцёўні, надзьмуліся абедзве. Адна артыкул нібыта піша, другая салату крышыць. Словам не перакінуцца, не тое што раней, калі, бывала, у карты рэзаліся, ці там, ледзь не абняўшыся, кіношкі на кампутары глядзелі, ці гімнастыку рабілі — Агата паказвае, а Яначка старанна пераймае. Цяпер Яначцы калі што і хочацца пераняць, дык гэта Агаціну манеру распраўляцца з чужымі валасамі — і веды гэтыя прымяніць да самой настаўніцы. А пакуль тое, можна душу адвесці на крэветках.
І вось у гэтае напружанае маўчанне з лазенкі выходзіць Дэйв — свежы, мокры і задаволены. Ён даволі прыстойна загорнуты ў белы накрухмалены ручнік. “Ага, такі дайшло нешта”, — крыху зларадна адзначае пра сябе Агата: пасля апошняга разу, як Дэйв выйшаў з душа без ручніка і без чаго-небудзь яшчэ, яны мелі непрацяглую гутарку. Збольшага, канечне, пра тое, хто ў доме галоўны, але крыху і пра ўражлівую дзіцячую псіхіку, і пра сістэму ідыёцкіх табу, прынятых у грамадстве ханжаў, і пра тое, як можна беспакарана хаваць прыгажосць... Яначкіна крэветка так на паўдарозе з панцыра і застыла. Якая салата, калі такое дзіва перад вачыма стаіць: цела бы вытачанае з ясеню, усе цягліцы пры ім, і акурат такія, як трэба — не выпіраюць, як у культурыстаў, але ж відавочна прысутнічаюць, скура самага моднага адцення і з кропелькамі вады, хоць ты пераводзь фоцік у рэжым макра. А сама пастава? Ну, проста армані наступнага сезону. Не, лепей ёнікук, ён цяпер самы круты.
Дэйв трымае позу роўна столькі, каб прысутныя паспелі яе зафіксаваць, потым прастуе да люстэрка. Люстэрка ў лазенцы пацее, бо там зламаўся кандыцыянер (ну яшчэ б, столькі працы, падумала Агата, калі бедны апарат памёр якраз на дэйваўскім душы, трэцім у дзень). А хлопцу ж трэба фрызуру навесці. Дзеўкі і крэветка зачаравана глядзяць, як ён падладжваецца да калідорнага люстэрка, якое для ягонага росту вісіць занізка, — прысядае і горбіцца, спрабуючы пры гэтым захаваць на твары выраз “Супермэн года” і прыгладзіць чупрыну. Агата ўрэшце пырскае і хаваецца за маніторам, каб адтуль крадком цікаваць далей, Яначка ж кідае шалупінне ў місу, а крэветку ў сметніцу і бяжыць дапамагаць.
— Не-не, не трэба, я сам, — Дэйв паспешліва ўхіляецца ад дапамогі. — У цябе рукі брудныя.
— О! — Яначка ўся чырванее, кідаецца мыць рукі, але замест рукамыйніка чамусьці адкрывае кулер.
— Хіба спадар не ведае, што крэветачны сок надзвычай карысны для мужчынскіх валасоў? — гэта Агата смешачкі строіць. — Калі тым лоем галаву на ноч мазаць, дык да самае смерці не будзеш лысы.
— Ніколі пра гэта не чуў. — Хлопец намагаецца адкінуць кудзеры назад, але тыя распадаюцца на прабор.
— Пра гэта нават у “Косма” пісалі. А яшчэ пра тое, што калі, маўляў, пакінуць на тры дні, дык крэветачны сок уступіць у рэакцыю з натуральнымі мужчынскімі тлушчамі, і тады пах на дзяўчат будзе ўздзейнічаць як афрадызіяк.
— Ды не можа быць. Гэта ў якім “Косма”?
“Пойдзе шукаць”, — задаволена вырашае Агата і прыкідвае, як бы гэта, чытаўшы тое косма ўсяго двойчы, назваць што-небудзь праўдападобнае.
— Ой, ну не памятаю дакладна, але напэўна штосьці ўлетку. Ты мо пагуглі, бо я праўда не памятаю (“а ў сеціве якой толькі трасцы не знойдзеш”)…