Вход/Регистрация
Падарожжа ў XIX стагоддзе
вернуться

Мальдзіс Адам

Шрифт:

Трэба адзначыць, што Агінскі быў буйным магнатам. Толькі ў Беларусі яму належалі дзесяткі маёнткаў, у тым ліку Ракаў, Іўе, Бялынічы, Гаўя. Але, як адукаваны і перадавы чалавек свайго часу, Агінскі адразу ж зразумеў усё значэнне касцюшкаўскага паўстання і стаў адным з важакоў гэтага народнага руху, накіраванага супраць царскага самадзяржаўя, ён заявіў Нацыянальнаму савету, што «прыносіць у дар радзіме сваю маёмасць, працу і жыццё». У Вільні ён зблізіўся з прадстаўніком Касцюшкі Ясінскім, за свае грошы ўзброіў атрад у 480 чалавек і па патрабаванню гараджан узначаліў яго. Тады ж Агінскі выступіў перад жыхарамі Вільні з палымянай прамовай, якая заканчвалася словамі: «Няхай жыве свабода, няхай жыве радзіма, няхай загінуць здраднікі!»

Цікавай для нас з'яўляецца акалічнасць, што атрад Агінскага дзейнічаў пераважна на тэрыторыі Беларусі. Першае хрышчэнне ён прыняў у баях каля Сол і Ашмян. Адсюль Агінскі хацеў падацца да Мінска. У сваіх мемуарах ён піша: «Калі б мне ўдалося бесперашкодна дабрацца туды, я наважыўся б глыбей уварвацца на Белую Русь, каб там узняць на паўстанне 12 тысяч сялян, якія знаходзіліся ва ўладаннях маёй сям'і, і даць ім свабоду».

Свае намеры Агінскі ажыццявіў толькі часткова. Разам з атрадам, абыходзячы варожыя групоўкі Цыцянава і Кнорынга, ён рушыў праз Вішнева на Валожын. Узяўшы амаль без бою гарадок, паўстанцы знайшлі там багатыя трафеі і тут жа раздалі іх мясцоваму насельніцтву. З Валожына Агінскі накіраваўся ў Івянец. Але там паўстанцы даведаліся, што Мінск добра ўмацаваны, і рашылі павярнуць назад. Сяляне, якія якраз з'ехаліся ў Івянец на святочны кірмаш, далі Агінскаму фурманкі для абозаў.

І вось атрад пачаў адступаць у напрамку да сяла Бакшта. Дарога была вельмі забалочана, перагароджана заваламі з дрэў. Каля вёскі Сакаўшчына ззаду раптам пачулася галёканне казакоў. Паўстанцаў акружалі царскія войскі. Каб спыніць пагоню, Агінскі загадаў спаліць мост цераз Заходнюю Бярэзіну, аднак казакі фарсіравалі раку ўброд і дагналі паўстанцаў ля Вішнева. Як успамінае ў сваіх мемуарах Агінскі, варожая куля прабіла яму ў баі капялюш. Загінуў бы і сам Агінскі, але яго выратаваў афіцэр Паўловіч, які ў крытычную хвіліну стрымаў за цуглі ашалелага каня свайго камандзіра. Пасля жорсткай сутычкі кудысьці зніклі каса паўстанцаў і асабістыя паперы кампазітара. Але асноўныя сілы атрада былі ўсё ж выратаваны. З-пад Вішнева Агінскі адступіў у Ашмяны, дзе злучыўся з асноўнай арміяй Ясінскага.

Затым Агінскі стаў камандаваць усімі літоўска-беларускімі паўстанцкімі войскамі. Як спецыяльны кур'ер ён ездзіў у Варшаву да нацыянальнага польскага героя Тадэвуша Касцюшкі. Размова двух патрыётаў была выключна сардэчнай. Вярнуўшыся ў Літву, Агінскі ўзначаліў некалькі паходаў да берагоў Дзвіны, на Браслаўшчыну. За яго галаву царскія ўлады ўстанавілі вялікую ўзнагароду. І калі паўстанне пацярпела паражэнне, Агінскі мусіў пакінуць радзіму. Разам з корпусам Дамброўскага ён перайшоў прускую граніцу, а затым з чужым пашпартам на імя Міхайлоўскага дабраўся да Вены. Пачалося васьмігадовае блуканне па чужыне: Парыж, Венецыя, Канстанцінопаль, Бухарэст, Ясы... Царскія ўлады наклалі руку на маёнткі Агінскага.

Вядомым кампазітарам Агінскі стаў яшчэ да паўстання 1794 года. Яго паланез фа-мажор, які мае таксама назву «Падзел Польшчы», з'явіўся цэлай падзеяй у гісторыі польскай музыкі. Яго ігралі ў Варшаве і Пецярбурзе. Варта заўважыць, што да гэтага паланез быў толькі бытавым танцам. Агінскі ж надаў яму жанравую завершанасць, увёў чаргаванне дзвюх тэм — мінорнай і мажорнай. У 1794 годзе ў творчасці кампазітара ўзнікаюць новыя, рэвалюцыйныя матывы. Ён піша паўстанцкія песні і маршы. У сваёй кнізе Ігар Бэлза выказвае здагадку, што Агінскаму належыць таксама вядомая «Мазурка Дамброўскага», якая пачынаецца са слоў «Яшчэ Польшча не загінула». Гэтая здагадка пацвярджаецца тымі радкамі мемуараў Агінскага, дзе ён успамінае, што пісаў маршы для легіянераў Дамброўскага і адзін з іх іграў у 1797 годзе для Напалеона. Потым, калі кампазітар вярнуўся ў царскую Расію, у яго былі ўсе падставы не прызнаваць аўтарства гэтага твора.

Як ужо гаварылася, Агінскі здолеў вярнуцца на радзіму толькі пасля таго, як на рускі трон уступіў Аляксандр І. 5 лютага 1802 года кампазітар прыехаў у Пецярбург. Агінскаму вярнулі ўсе маёнткі, якія, праўда, былі ў вялікіх даўгах. І тут на дапамогу прыйшоў састарэлы маладзечанскі граф Францішак Ксаверы Агінскі. Ён падараваў свайму пляменніку яшчэ адзін маёнтак - Залессе. У трэцім томе сваіх успамінаў аўтар элегічнага паланеза ўдакладніў, дзе знаходзілася тое Залессе: у 14 мілях ад Вільні, па дарозе на Мінск, непадалёку ад Маладзечна. Значыць, не памыляўся стары калгаснік, які казаў, што Залессе калісьці належала Агінскаму...

Калі не лічыць паездак у Пецярбург, Вільню і за граніцу, Агінскі пражыў у Залессі каля 20 год. Аднак у мемуарах аб іх гаворыцца вельмі і вельмі скупа. Не сказана нават, дзе быў напісаны паланез «Развітанне з радзімай». І гэта зразумела. Агінскі глядзеў на сваё захапленне музыкай як на дапаўненне да грамадскай дзейнасці і таму пра сваю кампазітарскую творчасць амаль нічога не пісаў.

Дзе ж тады знайсці матэрыялы пра залескі перыяд жыцця Агінскага? Пачаліся новыя пошукі, але яны доўгі час не давалі вынікаў. Давялося зрабіць запытанне ў Нацыянальную бібліятэку ў Варшаву. Неўзабаве адтуль прыйшоў адказ, што гэты перыяд асветлены ў другім томе манаграфіі Часлава Янкоўскага «Ашмянскі павет».

З даследавання Янкоўскага, які ў многім ішоў услед за кнігай Я. Тышкевіча «Вілія і яе берагі», відаць, што, стаўшы гаспадаром Залесся, Агінскі ператварыў яго ў буйны культурны цэнтр. На музычна-літаратурныя вечары сюды з'язджалася дваранская інтэлігенцыя амаль з усёй Беларусі і Літвы. На гэтых вечарах Агінскі звычайна іграў на першай скрыпцы, іспанец Эскундэра — на другой. Віяланчэль браў у рукі былы настаўнік — кампазітар Казлоўскі. Кожны з гасцей знаходзіў занятак па ўласнаму густу. Хто любіў музыку — той слухаў выступленне струннага квартэта або арыі з опер у выкананні італьянскага спевака Паліяні. Хто любіў жывапіс — той разглядаў карціны або альбомы. Аматары палітыкі акружалі спецыяльнага фельд'егера, які курсіраваў паміж Залессем і Пецярбургам, дастаўляючы свежыя навіны. Слава пра Залессе разносілася далёка навокал, і неўзабаве яго сталі называць «паўночнымі Афінамі». Польскі паэт Л. Ходзька напісаў у 1821 годзе паэму «Залессе», у якой праславіў прыгажосць навакольных мясцін і таленавітасць гаспадара. У князёў Агінскіх, успамінае мемуарыстка Г. Пузына, «былі тры прыгожыя дачкі, перапоўнены ж настаўніцамі і чужаземнымі гувернёрамі вясёлы і ажыўлены дом ператвараў цудоўнае Залессе ў зямны рай».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: