Мальдзіс Адам
Шрифт:
Вялікую цікавасць мае вершаваная паэма «Гутарка аб Сваяку праз Беларускую дуду» (з папкі «Беларускія малюнкі», № 1), завершаная ў 1856 годзе ў Стайках. Лірычны герой адпраўляецца з родных берагоў Дзвіны і Дзісненкі ў далёкі Мінск. У горадзе юнака ўразілі яркія кантрасты: з аднаго боку — вонкавая пазалота, пышныя балі, з другога — бедныя рамеснікі, чыім потам здабыты багацці ўсіх тых, хто весела танцуе ў час народнага ліхалецця. Аўтар перасцерагае юнага героя, каб ён не меў нічога агульнага з арыстакратыяй, бо лепш быць пастухом ці бондарам, чым багатым панам, які толькі дбае пра грошы і ніколі не чытае кніжак, хоць часам і купляе іх дзеля ўяўнай культурнасці. У паэме мноства намёкаў на тое, што прадбачацца «цяжкія выпрабаванні і ахвяры», што трэба імкнуцца «да іншага, лепшага жыцця», што хутка на «гадаў»-паноў прыйдзе ліха — і тады ўся краіна ўступіць у «дэма» (так паэт называў на эзопаўскай мове дэмакратычны лад будучага).
Аб дэмакратызме і актыўнай патрыятычнай дзейнасці Вярыгі-Дарэўскага сведчыць таксама яго славуты «Альбом», які ўжо неаднаразова згадваўся раней. Арыгінал «Альбома» доўгі час лічыўся загінуўшым, але нядаўна Г. Кісялёў адшукаў яго ў фондах былога віленскага «Таварыства сяброў навукі».
«Альбом» А. Вярыгі-Дарэўскага прынцыпова адрозніваецца ад папулярных у мінулым стагоддзі сямейных альбомаў, куды заносіліся сентыментальныя вершыкі і чужыя сентэнцыі. Гэта — своеасаблівы нелегальны альманах, які пабываў у руках дзесяткаў людзей і, без сумнення, аказаў уздзеянне на іх перакананні. Запісы ў «Альбоме» зроблены жыхарамі самых розных гарадоў — Віцебска, Магілёва, Вільні, Мінска.
Адкрываецца «Альбом» вершам У. Сыракомлі «Ты клічаш мяне ў кнігу сваіх успамінаў». «Вясковы лірнік» выказвае надзею, што скромны «Альбом» аб'яднае «беларусаў з Літвой». Услед за вершам Сыракомлі ідуць творы вядомых тады польскіх пісьменнікаў І. Ходзькі, А. Адынца і іншых. Мінчанка Каміла Марцінкевіч, магіляўчанін Лявон Скрабук, віцяблянін І. Ляўданскі і нехта Леапольд Кандыба ўпісалі ноты розных песень. Сярод іх ёсць і «ўрывак падслуханай песні сумленнага і заўсёды беднага селяніна».
Найбольшую каштоўнасць у «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага для нас, вядома, маюць запісы на беларускай мове. Іх дзевяць. Гэта — кароткія вершы В. Каратанскага, Ялегіша Пранціша Вуля (Карафы-Корбута), Мамерта Рэнье, Мікалая Караткевіча, Якуба Т...кага і А. Рыпінскага, урывак з «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча ў перакладзе В. Дуніна-Марцінкевіча. Апрача таго, ёсць і запісы прозай. Так, нехта Эдвард Г. прызнаецца: «Ну, браточак! Прагукаў ты па-нашаму, і гутарку тваю спадабаў...» Аляксандр Рыпінскі ўспамінае пра нейкія даручэнні свайго суседа: «Іду, брат, па-твойму на мужыцкую свадзьбу аж у Бытрымава — так грошы табе после сам прывязу, а цяпер не маю часу. Гутаркі адсылаю, але после мне дасі». Усе гэтыя запісы сведчаць, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя беларускай мовай карысталася куды больш адукаваных людзей, чым мы гэта ўяўляем сёння.
Большасць з названых аўтараў у сваіх вершах пішуць пра Вярыгу-Дарэўскага з глыбокай павагай і ўдзячнасцю, жадаюць яму новых поспехаў на ніве роднай паэзіі. Віцяблянін Ялегіш Пранціш Вуль (Уль) у вершы «Дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» перасцерагае сябра, каб ён не зважаў на тое, што на яго «паноўе» крыкнуць «Шкоднік і місцюк»:
Грудзяй цэлай гудзі смела На увесь мужыцкі свет,— Што пасееш, будзе цэла, Будзе некалі і цвет...Сардэчна вітае наддзнінскага госця мінчанін М. Караткевіч:
Беларускі дудару, Радасна таму гаспадару, К катораму на парог Пашлець цябе гасподзь бог. Бо ты, мілы дударэнька, Так іграеш харашэнька... Як бог табе дапаможа, Дуда твая многа ўзможа, Бо голас з гасподняй рады Ад Грамады да Грамады Па зямельцы паляціць, Увесь народ развесяліць...А вось пачатак вершаванага запісу жыхара Вільні, вядомага рэвалюцыйнага дзеяча, сябра Савіча і Канарскага, Мамерта Рэнье:
Арцёмка дарагенькі, Я цябе не забуду, Дударэньку радненькі, Дружочкам тваім буду. На ад'ездным заспяваць Для цябе хацеў бы я, Да не цямлю, як зачаць, Бо баліць душа мая.Многія сябры высока ацэньваюць патрыятычную дзейнасць Вярыгі-Дарэўскага, яго імкненне згуртаваць усіх тых, хто ненавідзіць царызм. Нехта Ю. Гутковіч называе паэта «найлепшым з людзей» і дзякуе за тое, што не даў яму стаць рэнегатам. Нехта Паковіч успамінае аб заўзятых дыскусіях: што важней — слова ці справа і як ад агульных слоў перайсці да канкрэтных дзеянняў. Вядомы ўжо А. Хадэцкі піша: «Ты, брат, імкнешся да лепшага, ...марыш аб шчасці народа».
Усё сказанае вышэй Дае падставу сцвярджаць, што «наддзвінскі дудар» быў шчырым дэмакратам. У сваёй грамадскай праграме ён пайшоў значна далей, чым яго папярэднікі і сучаснікі Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, У. Сыракомля, В. Каратынскі і В. Дунін-Марцінкевіч. Пераадольваючы груз шляхецкіх забабонаў і ілюзій польскага вызваленчага руху, Вярыга-Дарэўскі імкнуўся не толькі да звяржэння царызму, але і да сацыяльных пераўтварэнняў, да аграрнай рэвалюцыі, бо, як піша ў «Альбоме» А. Адынец, узбуджаў нянавісць да багатага панства. Творы Вярыгі-Дарэўскага, паўстанца 1863 года і катаржаніна, у многім кладуць пачатак новаму, рэвалюцыйна-дэмакратычнаму перыяду ў развіцці беларускай літаратуры.
Яшчэ большай рэвалюцыйнасцю вызначаліся погляды ўраджэнца Смаргоншчыны Юльяна Бакшанскага. Хаця яго публіцыстычныя творы напісаны на польскай мове, але тым не менш імя Бакшанскага таксама варта, каб мы яго памяталі, бо рэвалюцыйная дзейнасць нашага земляка — адна са слаўных старонак шматпакутнай беларускай гісторыі.
...8 красавіка 1847 года на імя смаргонскага войта Ключэўскага прынеслі загадкавае пісьмо. Войт ведаў, што такога почырку з буйнымі друкаванымі літарамі не было ні ў кога з яго непасрэдных начальнікаў. Сургучная пячатка на канверце таксама выклікала недаўменне, бо на ёй вензелем спляліся зусім незнаёмыя ініцыялы. Разарваўшы канверт, войт знайшоў у ім тры лісточкі тонкай паперы, спісаныя тым жа буйным почыркам. Але паколькі за ўсю сваю службу Кучэўскі не навучыўся чытаць нават друкаванае, ён тут жа панёс пісьмо валасному пісару.