Мальдзіс Адам
Шрифт:
Апрануўшыся ў казахскі халат, нястомны падарожнік дабраўся да хрыбтоў Алатау, з захапленнем апісаў іх прыгажосць, расказаў пра гістарычную ўрачыстасць (байгу), арганізаваную ў гонар далучэння да Расіі пяці плямён Вялікай арды, захаваў для будучыні многія легенды, якія яму ля падножжа гор расказала сляпая дзяўчына Джазык. Казахі палюбілі Янушкевіча і лічылі яго сваім. «Бачна,— пісаў наш зямляк,— я пакрысе ператвараюся ў кіргіза, і юрта становіцца для мяне звычайным жыллём». І ўсё ж Янушкевіч сумаваў па Беларусі, па «берагах радзімага Нёмана», спадзяваўся на памілаванне. Ды дарэмна. «Адольф меў гонар застацца ў памяці і сэрцы векапомнага цара Мікалая І,— іранізаваў у 1861 годзе Ф. Вратноўскі.— Гэты няўмольны вораг кожны раз, сустрэўшы ў спісе сібірскіх ссыльных, якіх збіраліся адпусціць на волю, прозвішча Янушкевіча, хапаўся за аловак і са злосцю выкрэсліваў радок».
Доўгачаканае памілаванне прыйшло толькі пасля таго, як на трон уступіў Аляксандр ІІ. Янушкевіч вярнуўся да сваякоў, у Дзягільню. Але здароўе было падарвана. Рэвалюцыянер і паэт, падарожнік і вучоны, Адольф Янушкевіч памёр 19 чэрвеня 1857 года. Мясцовыя сяляне, з якімі ён любіў размаўляць на беларускай мове, праводзілі труну на дзягільнянскія могілкі.
Цяжка нават пералічыць усе галіны навукі, у якіх сказаў сваё важкае слова наш выдатны зямляк Бенедыкт Дыбоўскі. Як і Дамейка, ён быў здзіўляюча адукаваным чалавекам. Географ і заолаг, медык і антраполаг, літаратуразнаўца і лінгвіст, ён з'яўляўся таксама відным грамадскім дзеячам, адважным рэвалюцыянерам, якога царскія ўлады прыгаворвалі да павешання, а потым саслалі на катаргу ў Сібір. Дзённікі Дыбоўскага, яго апісанні падарожжаў па Сібіры і Далёкім Усходзе, чытаюцца як захапляючы мастацкі твор. Выдатны вучоны прайшоў доўгі і зайздросны жыццёвы шлях: ён пражыў без малога сто год і за гэты час напісаў 130 навуковых даследаванняў на самыя розныя тэмы. У глыбокай старасці прыйшло заслужанае прызнанне: незадоўга да смерці, у 1927 годзе, Дыбоўскі быў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР.
Адносна даты і месца нараджэння Бенедыкт Іванавіча Дыбоўскага біёграфы разыходзяцца. Некаторыя з іх лічаць, што вучоны нарадзіўся 12 мая 1833 года ў маёнтку Тонвы Мінскага павета. Аднак сам Дыбоўскі ў сваіх дзённіках называе маёнтак Адамарын таго ж павета. Тут жа аўтар прызнае, што нарадзіўся ў 1830 годзе.
Бацькі будучага вучонага з'яўляліся дваранамі сярэдняй заможнасці, вельмі адукаванымі і прагрэсіўнымі людзьмі. Яны далі сваім дзецям добрую хатнюю падрыхтоўку. Старэйшы з іх, Бенедыкт, адрабіўшы пад кіраўніцтвам гувернёра ўрокі, звычайна бег да невялікага стаўка ў садзе і гадзінамі нерухома глядзеў на дзівоснае жыццё рыб і іншых жыхароў воднага царства. Часта хлопчыка брала з сабой бабуля. Яны разам ішлі на луг збіраць зелле, а затым неслі яго хворым прыгонным сялянам. Ужо тады, бачачы народныя пакуты, хлопчык цвёрда рашыў, што стане ўрачом, каб дапамагаць абяздоленым землякам.
Сярэднюю адукацыю Бенедыкт Дыбоўскі атрымаў у Мінскай гімназіі, дзе тады выкладалі людзі, вельмі далёкія ад навукі. Вось што піша аб іх сам Дыбоўскі: «Настаўнікі не мелі на нас уплыву. Дзяжурныя педагогі — француз Жако і немец Шмэль — адбывалі свае абавязкі, бы селянін паншчыну, навучанню моў тут не прыдавалі ніякага значэння; хто не ведаў іх з дому, той у гімназіі вывучыць не мог. Рускую мову ў малодшых класах выкладаў Багаўленскі, які не ўмеў ні заахвочваць да вучобы, ні ўтрымаць хлопчыкаў у дысцыпліне. Урокі нямецкай мовы там жа вёў нехта Шуман, здаецца булачнік па прафесіі. Настаўнік гісторыі Катанскі — гэта п'яніца і фанатычны прыхільнік праваслаўя. Апрача падручніка, ён нічога не ведаў і загадваў завучваць яго механічна. Прысланы з Полацка настаўнік рускай мовы і літаратуры Грабеншчыкаў праследаваў усіх і ўсё. Не ведаючы ні літаратуры, ні мовы, ён мучыў вучняў дзіўнымі патрабаваннямі і гэтым адштурхоўваў ад вучобы. Для паўнаты малюнка трэба ўспомніць і пра выкладчыка лацінскай мовы, п'яніцу, грубіяна і хабарніка Анраеўскага. Божаму закону нас навучалі невукі, цынікі і п'яніцы ксяндзы Бейнаровіч і Навіцкі. Апошні звычайна расказваў нясціплыя анекдоты. Адзінай светлай асобай, якая адрознівалася ад іншых настаўнікаў, быў Радзевіч. Выпускнік Маскоўскага універсітэта, былы асістэнт пры кафедры фізікі ў Маскве, ён захапляў нас усебаковымі ведамі, тактоўнасцю і выдатным выкладаннем. Адразу ж, пасля прыезду ў Мінск, ён арганізаваў у гімназіі метэаралагічную станцыю, вучыў нас запісваць назіранні: у кабінеце фізікі мы самі рабілі розныя доследы. Радзевіч пакрысе знаёміў нас нават з неабавязковымі прадметамі, напрыклад з пачаткамі хіміі».
Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, схільнасць да дакладных навук, у прыватнасці да прыродазнаўства, пачала праяўляцца ў Дыбоўскага менавіта ў Мінскай гімназіі. Без кіраўнікоў і без падручнікаў, успамінае вучоны, «мы разводзілі млекакормячых жывёлін, птушак, рыб, заклалі ў агародзе Падалінскіх маленькі акварыум. Жыхароў для яго дастаўляў нам Піліп Кунцэвіч, рыбак, які жыў над Нямігай; нярэдка мы самі лавілі рыб у рэчцы. Аднойчы я ледзь не адкрыў цікавую і важную з'яву, а менавіта метамарфозу рыб».
Закончыўшы гімназію, восенню 1853 года Бенедыкт Дыбоўскі паступіў на медыцынскі факультэт Дэрпцкага (цяпер Тартускага) універсітэта. Там ён зацікавіўся рыбамі Прыбалтыкі і прысвяціў ім некалькі навуковых прац. Дзякуючы незвычайным здольнасцям Дыбоўскі атрымаў ступень доктара медыцыны і хірургіі і застаўся пры універсітэце, каб падрыхтавацца да прафесарскай дзейнасці. Аднак удзел у дуэлі з адным нягоднікам, а затым у антыўрадавых дэманстрацыях перашкодзілі яму. Прыйшлося пакінуць Расію, выехаць у Германію. Некалькі год Дыбоўскі працаваў над вывучэннем эмбрыялогіі насякомых на кафедрах Берлінскага і Вроцлаўскага універсітэтаў.
У 1862 годзе Бенедыкт Дыбоўскага выбралі прафесарам заалогіі і параўнальнай анатоміі Галоўнай школы ў Варшаве. Лекцыі маладога вучонага захаплялі моладзь сваёй свежасцю, рэвалюцыйнасцю. Дыбоўскі адным з першых у Еўропе стаў прыхільнікам тэорыі Дарвіна аб эвалюцыйным развіцці расліннага і жывёльнага свету. Вучоны даказваў, што ніякага бога няма, што ўсе расліны і жывёлы ўзніклі шляхам натуральнага развіцця. Дыбоўскі зблізіўся з падпольнай арганізацыяй, якая рыхтавала паўстанне супраць царызму, і стаў выконваць яе даручэнні. У пісьме да прафесара Талька-Грынцэвіча вучоны ўспамінае: «З 1862 года я належаў да тайнага Віленскага таварыства ў Варшаве. У сакратарыяце Літвы і Беларусі я выконваў абавязкі надзвычайнага камісара. Напярэдадні паўстання 1863 года мяне паслалі ў Беларусь, каб даведацца аб праведзенай падрыхтоўцы; вясной, у час паўстання, мяне накіравалі з такой жа мэтай у Літву». У час гэтых паездак Дыбоўскі мог пазнаёміцца з палымяным беларускім рэвалюцыянерам Кастусём Каліноўскім.
Царскія жандары не даравалі вучонаму ўдзелу ў паўстанні. Вясной 1864 года Львоўскага арыштавалі і пасадзілі ў славуты Х павільён варшаўскай цытадэлі. Толькі ўмяшанне нямецкіх вучоных выратавала адважнага патрыёта ад пакарання смерцю, якая была заменена бестэрміновай катаргай у Сібіры. «У вагоне,— прыгадваў тыя цяжкія хвіліны Дыбоўскі,— калі цягнік крануўся, я вярнуўся да раўнавагі, зноў адчуў сябе моцным і ўпэўненым у будучыні. Тады прыйшлі на памяць пушкінскія радкі:
У глыбіні сібірскіх руд Хавайце гордае цярпенне...»