Мальдзіс Адам
Шрифт:
Аб тым, што па сваіх перакананнях Каратынскі быў дэмакратам, дасканала сведчаць яго польскія творы, дзе мы сустракаемся з той жа сімволікай. Там паэт мог больш свабодна і паслядоўна выказаць свае сапраўдныя погляды. У розных бібліятэках нашай краіны і Польшчы аўтару гэтых радкоў удалося адшукаць сем кніжак Каратынскага. Асаблівую цікавасць маюць дзве — «Чым хата багата, тым рада» і «Таміла».
«Чым хата багата, тым рада» (Вільня, 1857) была першай кніжкай маладога паэта. Улічваючы гэта, У. Сыракомля напісаў да яе невялікую прадмову прозай і вершам. Высока ацаніўшы здольнасці пачынаючага аўтара, падкрэсліўшы народнасць вытокаў яго творчасці, Сыракомля раіць яму заўсёды плакаць у часіны народных пакут, смяяцца — у часіны вяселля.
Тваю хай спагаду бяздольны адчуе, Братам пакажы шлях да яснай зарніцы. У тлуме спявацкім твой спеў не загіне, Падзяку пачуеш ты ў роднай краіне. (Пераклад У. Дубоўкі.)Быццам бы ў адказ на парады свайго настаўніка, у вершы «Пастрыжэнне» Каратынскі піша, што ў хаце сваёй паэзіі ён можа пачаставаць чытача толькі хлебам з мякінаю: дзе ж знайсці прысмакі ў час народнага ліхалецця?! Але калі над роднай вёскай «тры сонейкі (!) заззяюць і душу агорне весялосць», тады паэт запросіць землякоў на іншую бяседу, на іншыя песні. Аб хуткіх пераменах і ўзыходзе сонца свабоды гаворка ідзе таксама ў вершах «Першы дзень вясны», «Любоў». Няхай яшчэ «ўсё ў свеце мароз сціскае ды сушыць», але ж некалі з'яднаюцца ў адно «любоў да сям'і, краіны, чалавецтва». Светлыя мары аб лепшым будучым паэт супастаўляе са змрочнай рэчаіснасцю. Вось верш «Перад новым ураджаем». У ім расказваецца пра селяніна, які адправіўся ў горад шукаць хлеба. Дарэмна герой верша спрабуе наняцца на работу, дарэмна прапануе купіць сплецены ім кошык, дарэмна просіць злоты на лякарства для жонкі. У горадзе абыякава аднесліся да чужога гора. Вяртаючыся дамоў, знясілены селянін загінуў у прыдарожнай канаве.
Аднак найбольшай творчай удачай Каратынскага з'яўляецца «абразок з народнага жыцця» «Таміла» (Вільня, 1858). Аўтарская прадмова дае падставу меркаваць, што спачатку паэма была задумана (ці нават напісана) на беларускай мове. І толькі цяжкасці з цэнзурай, з друкаваннем, відаць, прымусілі паэта звярнуцца да польскай мовы. Дарэчы, у паэме многа беларусізмаў: статак, пакалець, барыш з сябрам, гора, прэць, досвіткі і інш.
Паэма пачынаецца са звароту да «старога суседа» Нёмана, да старой наднёманскай вёскі. Паэт прыходзіць сюды, каб «адпачыць пад дахам з саломы», але які можа быць адпачынак, калі сяляне зрошваюць ніву потам, калі бачыш худую жывёлу, хаціны, бы на кастылях, і босых, напаўраздзетых дзяцей! Нялёгка жывецца галоўнаму герою паэмы старому Таміле: трэба пракарміць дзяцей, унукаў — а тут пуста ў гаршках, пачата апошняя баханка хлеба. Стараста Кандрат Луста і «добры» пан раяць Таміле прадаць на падаткі апошнюю жывёлу — пярэстага коніка. Адчай прымушае селяніна красці... Трагічны канец паэмы наводзіць чытача на думку, што далей так жыць нельга, што ў грамадстве трэба ўстанавіць такую ж гармонію, якая існуе ў прыродзе. Паэма заклікае не сядзець без справы, не азірацца на ідэалізаванае мінулае, а дзейнічаць: «Сама зямля ўраджаю не дасць, трэба яе апрацоўваць у цяжкіх клопатах».
Як вядома, беларускія пісьменнікі сярэдзіны мінулага стагоддзя тэорыяй літаратуры спецыяльна не займаліся. Аб іх поглядах на мастацтва мы можам меркаваць толькі ўскосна, па творах. У гэтай сувязі асаблівую цікавасць маюць «тлумачэнні» да паэмы «Таміла». У іх Каратынскі выказаў свае думкі аб мастацтве і яго суадносінах з жыццём. Уступаючы ў палеміку з уяўным крытыкам, які можа зганіць паэму за недасканаласць формы, паэт пераконвае, што мастацкі твор трэба перш за ўсё ацэньваць па тым, наколькі ён праўдзівы і тэндэнцыйны. «...Мастацкі твор без тэндэнцыі, — гаворыцца ў «тлумачэннях», — г. зн. без асноўнай мэтанакіраванай думкі, з'яўляецца мёртвым злепкам, фарфоравай статуэткай з ярка размаляванымі шчокамі». Тэндэнцыя — гэта «імкненне да праўды..., цэнтр, асноўная думка, душа твора». Мастаку нельга замыкацца ў «вежы» чыстага мастацтва, бо яго творчасць з'яўляецца «лінзай, якая канцэнтруе праменні, думкі сучаснага яму свету».
Патрабуючы, каб паміж мастацтвам і жыццём заўсёды былі дзейсныя, актыўныя адносіны, Каратынскі піша: «Канцэнтруючы ў сабе калектыўныя погляды грамадства на будучыню, у імя яе мастак мас права патрабаваць грамадскай рэформы там, дзе ён бачыць, што пэўныя адзінкі шкодзяць (калі так сказаць) інтарэсам будучыні, і мае права распараджацца ўсімі сродкамі заахвочвання і адштурхоўвання, абы толькі дзеля дасягнення сваёй высакароднай мэты не апускаўся да карыкатуры. Высакародная мэта з'яўляецца праўдзівай, а што праўдзівае, тое і прыгожае ў мастацкім сэнсе...» Хаця Каратынскі не ўжывае слоў «ідэйнасць», «рэалістычнасць», але, па сутнасці, змагаецца за іх. Погляды паэта на прыгожае ў мастацтве носяць на сабе адбітак эстэтыкі Чарнышэўскага, рускіх і польскіх рэвалюцыйных дэмакратаў.
А як тонка Каратынскі выказаў, наперакор цэнзуры, свае адмоўныя адносіны да тагачаснай рэчаіснасці! Вось ён заклікае збіраць фальклор, народныя песні, бо яны ўсё больш знікаюць «з-за адсутнасці пагодлівай хвіліны да спявання». Прыведзеныя словы набраны іншым шрыфтам, і таму чытач спыняў на іх увагу. Спыняў — і добра разумеў, што хацеў сказаць аўтар. Або вось яшчэ прыклад. Каратынскі асуджае паноў, якія ведаюць аб селяніне толькі тое, што ён «павінен на нас працаваць». Словы «на нас» зноў выдзелены. Яны сведчаць, што паэт разумеў сутнасць тагачасных класавых узаемаадносін у вёсцы.
Не варта падрабязна спыняцца на наступнай кнізе Каратынскага — «Выпіў Куба да Якуба» (Вільня, 1859), бо, як прызнаецца ў прадмове сам аўтар, у ёй няма паэзіі, а ёсць толькі дыдактычная проза, зарыфмаваная з мэтай адвучыць сялян ад п'янства. Трэба, аднак, падкрэсліць, што, у адрозненне ад Чачота і Дуніна-Марцінкевіча, якія вялі барацьбу з п'янствам у маральным плане, Каратынскі ўскрывае сацыяльныя прычыны гэтай з'явы. У кнізе недвухсэнсава гаворыцца, што нельга вылечыць народ ад п'янства і «маральнага здранцвення», пакуль ён знаходзіцца ў выключнай цемры і «матэрыяльнай беднасці».
Пяру В. Каратынскага належыць некалькі літаратуразнаўчых і гістарычных прац, якія спачатку друкаваліся ў перыёдыцы, а пасля выходзілі асобнымі выданнямі: «Некалькі падрабязнасцей аб сям'і, месцы нараджэння і маладосці Адама Міцкевіча» (Вільня, 1861), «Саламон Рысінскі» (Вільня, 1863), «Духоўнікі» (Варша,ва, 1866), «Цёлэк» (Варшава, 1867). У першай з іх, абапіраючыся на метрычныя запісы і іншыя крыніцы, аўтар сцвярджае (і досыць пераканаўча), што Міцкевіч нарадзіўся не ў Завоссі, а ў Навагрудку. Вельмі цікавая для беларускага чытача брашура «Саламон Рысінскі». У ёй даследуецца творчасць забытага пісьменніка XVII стагоддзя, які збіраў у Беларусі народныя прыказкі і ў 1618 годзе выдаў іх у друкарні Пятра Кміты ў мястэчку Любча над Нёманам. Каратынскі піша, што большасць прыведзеных прыказак «жыве да гэтага часу ў вуснах наднёманскага люду, у беларускай мове. Больш таго, у кнізе значная колькасць прыказак, якія ў аддаленых ваколіцах невядомы». Апошнія дзве працы Каратынскага сведчаць аб матэрыялістычных поглядах аўтара. Ён выступае супраць ідэалістаў, якія спрабавалі па-свойму растлумачыць доследы польскага оптыка XIII стагоддзя па прозвішчу Цёлэк, выкрывае модных тады спірытуалістаў.