Мальдзіс Адам
Шрифт:
Такі цяжкі лёс выпаў на долю не толькі М. Валовіча і паўстанцаў з яго атрада. У Воранаве быў арыштаваны М. Шыманскі. У ссылку пайшлі Навумовіч, Яцкевіч, Шабанскі і іншыя патрыёты, звязаныя з экспедыцыяй Заліўскага. Самому Заліўскаму ўдалося ўцячы за граніцу. Рух, накіраваны супраць царскага самаўладства і прыгонніцтва, пацярпеў паражэнне. Але, як піша польскі гісторык Сідаровіч-Чарнеўская, кроў, пралітая паўстанцамі, не прапала дарэмна. Прыклад Валовіча і яго сяброў натхняў на барацьбу наступныя пакаленні.
У заключэнне хочацца расказаць аб вельмі цікавай бібліяграфічнай знаходцы, звязанай з імем Янкі Лучыны.
У аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве захоўваюцца пісьмы Янкі Лучыны да польскага паэта і рэдактара часопіса «Жыце» Зянона Пшэсмыцкага (Мірыяма), датаваныя самым канцом 80-х гадоў XIX стагоддзя. У адным з пісем беларускі паэт паведамляе, што напісаў твор аб паўстанні 1863 года ў Беларусі і хацеў бы яго ананімна выдаць за межамі Расійскай імперыі — у Кракаве. «Я стварыў,— гаворыцца ў пісьме,— абразок аб выпадках 1863 года і задаў столькі перцу і імбіру, што напэўна адбыў бы падарожжа за кошт урада, калі б маё пісанне трапіла ў адпаведныя рукі... Аднак я нічога не меў бы супраць, каб гэтыя некалькі прыязных слоў нашым дабрадзеям (г. зн. царскім уладам.— А. М.) пусціць у свет за кардонам. Апавяданне заснавана на сапраўдных падзеях.
Як шавецкая смала, ліпну да вас, дарагі пане Зяноне... Калі вы лічыце, што рукапіс можна бяспечна пераслаць на Вавель (г. зн. у Кракаў.— А. М.), я прасіў бы вас зрабіць гэта. У такім выпадку ўручыце яго, калі ласка, Ал. Валіцкаму ў друкарні Анчыца. Можа слушна, можа і няслушна, мы баімся пасылаць адсюль поштай. Вы атрымалі б рэкамендацыйнае пісьмо, у якім утрымлівалася б названае апавяданне, перапісанае праз кагосьці іншага, не з Мінска. Чакаю панскага адказу». І подпіс: І. Неслухоўскі.
Паколькі асабісты архіў Лучыны не захаваўся, мы не ведаем, што адказаў Пшэсмыцкі. Пойдзем лепш следам названых у пісьме імён. У. Анчыц — гэта кракаўскі друкар, які ў пачатку 90-х гадоў выдаў «Дудку беларускую» і «Тралялёначку» Ф. Багушэвіча. Аляксандр Валіцкі, былы мінчанін, аўтар манаграфіі пра Манюшку, прытрымліваўся радыкальных поглядаў і таксама перапісваўся з Лучынам. Дарэчы, дачка Валіцкага, Зоф'я Савіцкая, трымала ў 80-х гадах адзіную ў Мінску польскую кнігарню, куды наведваўся за сваёй карэспандэнцыяй беларускі паэт. Значыць, Валіцкі, чалавек спрактыкаваны, сапраўды мог аказаць паслугу свайму сябру, добраму знаёмаму сваёй дачкі, і выдаць «за кардонам» крамольны «абразок». Толькі ці выдаў? Ці атрымаў ён рукапіс ад Пшэсмыцкага? А што, калі пагартаць летапіс тагачаснага польскага друку — «Пшэводнік бібліёграфічны»? Канцом 80-х гадоў у ім памечана толькі адно выданне аналагічнага тыпу — «Літва напярэдадні 1863 года», напісанае Літвінам. А можа, Літвін — адзін з псеўданімаў Неслухоўскага? Не, са слоўніка псеўданімаў А. Бара высвятляецца, што пад Літвінам хаваўся Якуб Гейштар. Значыць, трэба шукаць з іншага канца, ад шматтомнай бібліяграфіі К. Эстрайхера. Пад крыптанімам «S» у ёй знаходжу такое выданне: «З крывавых дзён. Эпізод паўстання 1863 года на Міншчыне» (Кракаў, 1889). Пад тым жа крыптанімам у Эстрайхера ўказаны яшчэ дзве кніжачкі — «Руская кніжка пра Літву і Беларусь» (Кракаў, 1883) і «Каралева балю» (Кракаў, 1894). Слоўнікі псеўданімаў і крыптанімаў не расшыфроўвалі, хто ж хаваўся за літарай «S». Можа, той жа Янка Лучына? Даць пэўны адказ на гэта пытанне можна было толькі пасля знаёмства з загадкавымі кніжкамі.
Аднак пошукі ў бібліятэках Вільнюса і Львова не далі ніякіх вынікаў. На нейкі момант з'явілася нават сумненне: ці не памыліўся тут звычайна дакладны Эстрэйхер? Заставалася толькі пашукаць там, дзе гэтыя кніжкі ўбачылі свет,— у Кракаве.
У бібліятэцы Ягелонскага універсітэта сапраўды знайшліся ўсе тры рэдкія выданні. Вывучэнне іх прывяло да вываду, што навела «Каралева балю» не можа належаць Лучыне. Па-першае, напісана яна ў саладжавай, не ўласцівай беларускаму паэту манеры; па-другое, аўтарам яе быў, відаць, сталы жыхар Кракава, які добра арыентаваўся ў мясцовых рэаліях; па-трэцяе, услед за лацінскай літарай «S» ён паставіў чатыры кропкі, крыптанімы ж у іншых выданнях не маюць гэтага шматкроп'я. Адкрытым застаецца пытанне і аб аўтарстве выдання «Руская кніга аб Літве і Беларусі» (уласна кажучы, гэта асобны адбітак артыкула з кракаўскай газеты «Час»), Праўда, рэцэнзуючы працу, выкананую А. Кіркорам для ПІ тома «Живописной России», невядомы нам аўтар высока адклікаецца пра «багатую скарбніцу» беларускага фальклору, пра скарынінскае выданне бібліі, удакладняе многія факты. Але Лучына наўрад ці папракаў бы Кіркора за насаджэнне «спецыфічнага літвінізму» (г. зн. беларусізму), наўрад ці сцвярджаў бы, што ўсе жыхары Беларусі — палякі.
Такім чынам, толькі пра «абразок» «З крывавых дзён» можна з упэўненасцю сказаць, што ён належыць пяру Янкі Лучыны. Аб гэтым у першую чаргу сведчыць тое, што па часу выданне супадае з цытаваным вышэй пісьмом да Пшэсмыцкага, дзе даволі трапна ўказана ідэйная накіраванасць «абразка». І сапраўды, калі б кніга трапіла ў рукі царскіх улад, калі б аўтар не схаваўся за крыптанімам і не дадаў яшчэ для надзейнасці, што пісаў ён кнігу ў Кракаве,— не пазбегнуць Лучыне «падарожжа за кошт урада» ў сібірскую ссылку. «З крывавых дзён» — гэта ўсхваляваны расказ аб падзеях 1863 года ў Мінскай губерні. Аўтар хоча, каб землякі не забылі ніводнага подзвігу мясцовых патрыётаў, якія са зброяй у руках паўсталі супраць самаўладства.
У пачатку «абразка» Лучына коратка расказвае аб прабыванні ў Мінску цара Аляксандра ІІ, аб тых водгуках, якія выклікала ў Беларусі італьянскае вызваленчае паўстанне. Са шчырай сімпатыяй сустракалі і праводзілі ў Мінску палітычных ссыльных. Урэшце, 1 мая 1863 года каля 50 найбольш адважных мінчан сабраліся ў лесе ля Камароўкі і, абыходзячы ваенныя пікеты, рушылі праз Сляпянку да Смалявіч. Тры гадзіны працягвалася першая баявая сутычка паўстанцаў пад Пятровічамі. Трапіў у палон і памёр у шпіталі ад ран камандзір атрада Вярбіцкі. Многіх паўстанцаў выдалі ўладам сяляне вёскі Каралішчавічы. Затым аўтар пераказвае ўспаміны сведкаў аб трагічным лёсе іншых паўстанцкіх важакоў — Свентажэцкага, Анцыпы, Сніткі, Ляскоўскага. Усе гэтыя імёны варты таго, каб узнавіць іх у народнай памяці.
У заключэнне Лучына падрабязна расказвае пра тыя меры, якія былі прыняты рэакцыяй у Беларусі пасля паражэння паўстання. Асаблівую ролю царызм адводзіў духавенству, праваслаўнаму і каталіцкаму. З абурэннем піша аўтар пра жорсткасць юрэвіцкага папа — замест вады ён даваў цяжка параненаму паўстанцу гарачы пясок. Бабруйскі ксёндз Сянчыкоўскі адкрыта ашукваў веруючых, абвясціўшы святымі «мошчамі» выкапаныя ля ракі косці маманта. Часам антыклерыкалізм аўтара мяжуе з атэізмам.
«З крывавых дзён» — яскравае сведчанне таго, з якімі цяжкасцямі прыходзілася сустракацца беларускім пісьменнікам XIX стагоддзя. Каб выдаць свае творы, данесці да чытача свабодалюбівыя думкі, ім прыходзілася нелегальна перапраўляць рукапісы за граніцу, хаваць сапраўднае імя. Але ўсе забароны маглі толькі часова замарудзіць развіццё беларускай літаратуры. У цяжкіх умовах яна гартавалася, набіралася моцы, каб пасля рэвалюцыі 1905 года, з прыходам Купалы, Коласа, Багдановіча, узняцца да сапраўдных мастацкіх вышынь і «несці свой дар» усяму чалавецтву.
Александровіч, Сцяпан. Старонкі братняй дружбы. Мінск, 1960.
Бандарчык, В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мінск, 1964.
Барысенка, В. В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX ст. Мінск, 1957.
Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX стагоддзя. Зборнік тэкстаў. Мінск, 1956.
Бэндэ, Л. Аб літаратуры XIX века. «Полымя рэвалюцыі», 1935, № 4.