Вход/Регистрация
Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

У тым салодкім шаленстве мяне трывожыў хіба адзін момант. Чым болей я нагружаў сябе мовай, тым меншым рабіўся ментальны свет, у якім я знаходзіў сябе раней. Што за трасца? Зрэшты, досыць хутка я зразумеў ў чым тут справа. Гэта мова жывасілам выцягвала мяне з неабдымнай расейскай ментальнасці ў замкнутую сама на сабе нацыянальную Беларусь.

. На тую пару я згодна з усімі лічыў, што вялікае заўсёды большае за малое. І калі з грамадзяніна свету я раптам апынуўся ўсяго толькі беларусам, мяне гэтая нечаканая метамарфоза не магла не ўстурбаваць. І ўстурбавала – аднак не моцна. Бо гэтаксама раптам я адчуў, наколькі мне утульна тут, у беларускім, і як мне было няўтульна там – у неабсяжным расейскім свеце.

Што з таго, што на табе шыкоўны гарнітур, калі ён у некалькі памераў большы, чым табе патрэбна?

Так, я пераапрануўся ў зрэбную світку, затое яна была майго памеру. Божачкі, як мне зрабілася хораша!

* * *

Мне зрабілася ой як хораша – ды не зусім. Бо хоць сам-насам я без стомы каўтаў родныя словы, але як на людзях размаўляць па беларуску – забыўся (калі яно было тое свіслацкае дзяцінства!)

І аднойчы я рашуча сказаў самому сабе: з гэтым трэба нешта рабіць. Я перастаў глядзець расейскае тэлебачанне і слухаць расейскае радыё, кінуў чытаць расейскія кнігі, часопісы ды газеты (толькі ад “Литературной газеты” не змог адмовіцца) і нават дзе не йшоў, дык расейскія надпісы на шыльдах перакладаў для сябе на беларускую мову… Нічога не дапамагала. Што і натуральна. Нельга навучыцца плаваць, не скочыўшы ў рэчку. І тады я абвясціў сваім сямейнікам: не дзівіцеся, заўтра пачну размаўляць у хаце па-беларуску.

Каб вы адно ведалі, як назаўтра яны рагаталі з маёй беларускай мовы… Але не надта доўга рагаталі. Бо адна рэч дзіцяці навучыцца хадзіць упершыню, а другая – летаргічна хвораму ўстаць на ногі. Тут галоўнае не саму хаду ўспомніць, а каб жаданне рухацца вярнулася.

Праўда, яшчэ ладны кавалак часу, я хоць ужо і гаварыў на людзях “мовай”, але насамрэч толькі перакладаў сам сябе з рускай. Напачатку гэта мяне не моцна турбавала, бо меркаваў, што жывая практыка ўласным чынам ўсё верне на свае месцы. Толькі час ішоў, а нічога не менялася, пакуль я не зразумеў, што нічога і не зменіцца, калі я не схілю сябе думаць па-беларуску.

А як схіліў – дык усё адразу і склалася.

Аднак, як высветлілася пазней, тады ў сваім аптымізме я трохі запабёг наперад. Мінула колькі год, я нязмушана думаў, пісаў, размаўляў і спрачаўся па- беларуску, і ўвогуле ўжо даўно забыўся на мову як на ўласную праблему…

І вось аднойчы я прачнуўся яшчэ да відна і ніяк не мог заснуць, бо мяне непакіў мой сон. Ён быў зусім звычайным (нічым не адметны), але спаць замінаў. Я доўга муляў бакі, спрабуючы зразумець, у чым тут прычына, пакуль не згадаў, што ў тым сне і я сам і мае інфернальныя хаўруснікі размаўлялі па-беларуску.

Я шчасліва заўсміхаўся ў цямрэчы. Вось і скончыўся твой шлях да мовы! Бо калі на ёй ужо загаварыла тваё падсвядомае – дык далей няма куды.

Я апошні раз перакуліўся на другі бок і адразу заснуў.

* * *

Тое, што мова насамрэч месціцца не на языку і нават не ў галаве, а ў спратах падсвядомага, я ў каторы раз пераканаўся, калі наноў збеларушчаны атрос ад пылу і пагартаў свае апавяданні і аповесці, напісаныя яшчэ па-руску. Навонкі тыя пісанкі мелі, здаецца, усё, што патрэбна мастацкаму твору, толькі цяпер я ўжо бачыў: яны як фанера -- штучна склееныя, шурпатыя і плоскія. Яны не дыхалі і ў іх не было глыбіні. Бо пісаліся мовай, якую засвоіла мая галава, але якой не было ў маім падсвядомым. Руская мова не мела сабе апірышча ў маёй генетычнай спадчыне, у глыбінях тых стагоддзяў, якія пералічылі мне на рахунак мае продкі. І таму ёю можна было толькі называць, але нельга было называцца. У чужой мове няма твайго імя…

Кожны з нас, хто сам сябе вучыў беларускай мове, быў пакліканы да навукі з нейкіх апрычоных матывацыяў. І ніхто за іншага не скажа, чаму ён гэтак зрабіў і што з сваёй навукі мае? Асабіста я з яе прыдбаў сабе лёс (да гэтага меў адно долю). І не толькі таму, што лёс кожнага літаратара перадусім знітаваны з мовай (ужо ж напэўна зусім іншымі былі б шляхі Купалы ці Брыля, каб яны пісалі па-польску, а Някляеў альбо Дранько-Майсюк -- па-руску?). А найперш таму, што толькі праз мову я змог пачуць, куды хіліць мяне лёс. Вядома, лёс нікога не абмінае, але калі ты у ягоным «шолаху моўчы» не расчуеш свой кон, дык табе застанецца адно доля.

Зрэшты, у апошніх маіх сказах відавочна зашмат рыторыкі, а сёння яна не ў пашане, таму хутчэй забудземся на сказанае і наўпрост вернемся да гэтай кніжыцы, якая пачалася з захаплення беларускім словам. Але слова становіцца словам адно тады, калі прыдбае сабе адпаведны кантэкст. З майстравання кантэксту для ўлюбёных слоўкаў і пачалі стварацца показкі, апавяданні, а затым і прыпавесць «Сум на тэму вяртання».

* * *

Між іншым, гэта толькі здаецца, што кантэкст для слова таксама тчэцца з словаў. Насамрэч кантэкст ствараецца з таго часу, ў якім ты спеліш словы. А час тады (канец 80-х – пачатак 90-х) быў бурапенны. Рэвалюцыі, як навальніцы ў ліпені, здараліся амаль штодня. І быццам грыбы пасля тых навальніцаў, адна за адной вырасталі на парэштках імперыі нацыянальныя дзяржавы. Была сярод іх і незалежная Беларусь.

У кантэксце паўставання айчыннай незалежнасці і распачыналася мая ўжо ўласна “беларуская проза”. І пісалася яна не столькі дзеля сябе самой, колькі з мэтай мацавання кантэксту волі, які яе ствараў. Бо ўсё, што ў тую пару ні рабілася – рабілася дзеля гэтага. Дарэчы, ніхто тады нікога не штурхаў да вызвольнай працы, вярэда свабоды і незалежнасці вырастала знутры цябе самога, як жарсць. І ўсё, што не падпадала пад пакліканне гэтай жарсці, быццам не існавала.

Мінула колькі год салодкага і вясёлага шаленства. За гэтыя гады мы змацавалі незалежнасць, але згубілі свабоду. І тады пачалася іншая эпоха… (Яна перакруціць нашыя жыцці гэткім адмысловым чынам, што іх ужо нішто і ніколі потым не выпрастуе). У адзін з пахмурных дзён той, ужо іншай эпохі, я перачытаў усе свае показкі разам з прыпавесцю і зразумеў, што яны напісаныя не столькі мною, колькі кантэкстам, і без яго (незваротна зніклага) не маюць ніякага сэнсу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: