Бяляцкі Алесь
Шрифт:
Ліст полацкага «Белорусса» заканчваўся ледзь не істэрычнай нотаю: «Было бы очень отрадно, если бы высшая власть поскорей бы обратила внимание на это ненормальное явление в жизни исстрадавшегося народа белорусского и отменила бы особым декретом насильственное введение белорусского языка в школу и учреждения, так как нет к тому решительно никаких оснований — ни исторических, ни политических, ни экономических, ни научных».
3 вышыні сёньняшніх дзён мы не будзем абвяргаць аргументы «Белорусса», адзначым толькі, што некаторыя зь іх, як, напрыклад, наўмыснае спальшчэньне беларускай мовы, «заснаванай на гаворках кулацкіх хутароў Міншчыны», словаўтварэньне на аснове ўласных моўных рэсурсаў, а не калькаваньне з расейскай, у хуткім часе будзе абвешчана шкодніцтвам нацыянал-дэмакратаў на мовазнаўчым фронце. Абвешчанае лагерам, абсалютна супрацьлеглым «Белоруссу» па ідэалогіі, барацьбітамі з нацыянал-дэмакратызмам зьлева, устаноўкі якога ў пэўнай ступені захаваліся ў нашым мовазнаўстве аж па сёньняшні дзень (як прыклад насьледаваньня гл. артыкул дырэктара Інстытута мовазнаўства АН БССР А. Жураўскага ў часопісе «Беларуская мова і літаратура ў школе» за 1988 год, № 2-3). Вось так духоўнае ўбоства, атрафацыя ўласнай нацыянальнай годнасьці аб’ядноўвае, здавалася б, несумяшчальнае. I трэба сказаць, што асноўная просьба «Белорусса», праўда, без асобых дэкрэтаў, паступова, паўзучымі мерамі на вачах у дэзарганізаванага рэпрэсіямі народа і з дапамогаю пасьвечаных згоднікаў будзе выканана амаль да канца.
Але паглядзім далей, як разгортваліся падзеі вакол надрукаванага ліста. Пакуль што адраджэньне беларускай культуры лічылася пачэснай справай і за беларускую мову пакуль што не запісвалі ў ворагі народа. Каментары «Савецкай Беларусі», якую ўзначальваў на той час гадунец Усевалада Ігнатоўскага паэт Міхась Чарот, быў недвухсэнсоўны. Пад загалоўкам «Шавінізм, які расьперазаўся» рэдакцыя разважала: «Чаго тут больш у гэтым малюнку, кашмарнага ці трогацельнага? Сутнасьць разважаньняў нашага аўтара грунтуецца на адкрыта выказаным пераконаньні: беларускі мужык тупы. Дзе ж яму, тупому і малапісьменнаму, мець сваю мову, сваю літаратуру?»
Супраць першага і самага сур’ёзнага доваду «Белорусса» рэдакцыя дае пераканальны адказ: «Усебеларускі зьезд Саветаў, людзі ад верстакоў і сахі ўхваляюць дэкрэт аб беларусізацыі... Пытаньне аб нацыянальнай палітыцы савецкай улады разглядалася і разглядаецца на многіх тысячах сялянскіх сходаў — без усякага пратэсту супроць сутнасьці гэтае палітыкі. Дзе ж яно, якое ўціскаецца, абуранае «населеньне»? — пытаецца «Савецкая Беларусь» і адказвае: — Яно ёсьць. Аўтар праў. Але яно сядзіць у савецкіх канцэлярыях, як абломак царскага дзяржаўнага апарату».
Такім чынам, скажам мы, да пытаньня беларусізацыі далучаўся і класавы, нацыянальны асьпект. Варта тут згадаць вызначэньне, дадзенае беларускім публіцыстам і крытыкам Лявонам Гмыракам, перадрэвалюцыйнай інтэлігенцыі краю, якая складалася «з памешчыкаў-палякаў і апалячэўшых, з чыноўнічэства расейскага і абруселага, ды мяшчанства, часьцю абруселага, часьцю апалячанага». Праблема існавала, і было бачна, адкуль, зь якіх слаёў грамадства зыходзіць варожасьць да беларусізацыі.
Рэдакцыя праўдзіва зазначае: «Аўтар яго (ліста. — А. Б.) меў брыдкую адвагу сказаць тое, аб чым думаюць шмат іншых... Шмат яшчэ вакол нас гэтых “белоруссов через ять”. Зьява была ацэнена з разуменьнем той небясьпекі, якую яна ўтойвала для дзяржаўнасьці беларускай нацыянальнай культуры: «Вялікадзяржаўны шавінізм выпаўзае напаверх праз дзіравыя лахмоцьці слоўных хітрыкаў».
Ліст «Белорусса» выклікаў ланцуговую рэакцыю. Некаторыя з водгукаў былі зьмешчаны ў газеце і працягнулі дыскусію. Цяпер вопыт дзяржаўнага нацыянальнага будаўніцтва ў 20-х гадах асабліва каштоўны для нас і вымагае самага ўважлівага вывучэньня.
Наступным у дыскусіі выступіў вядомы мовазнаўца прафесар П. Бузук, які напачатку сярдзіта папракнуў аўтара «Вражды из-за языка» ў некампетэнтнасьці: «Вельмі мала людзей цікавяцца вывучэньнем мовазнаўства, але гаварыць на мовазнаўчыя тэмы бярэцца кожны», а потым спакойна, па пунктах абверг асноўныя довады «Белорусса»:
1. Зьнікла сацыяльная база магчымага неўспрыманьня беларускай мовы народам. Новае пакаленьне інтэлігенцыі размаўляе па-беларуску. (Так-так, шаноўны чытач, беларуская інтэлігенцыя ў 20-х гадах пасьля заканчэньня беларускіх ВНУ размаўляла па-беларуску.)
2. Кантактаваньне моваў між сабою — натуральны працэс, дыялектаў жа хапае і ў любой іншай мове. Вялізнае адрозьненьне паміж паўночнымі архангельскімі і паўднёвымі астраханскімі рускімі гаворкамі, але іх аб’ядноўвае якраз руская літаратурная мова. «Беларуская літаратурная мова, — казаў П. Бузук, — павінна зьвязваць усе дыялекты».
3. Зноў жа, руская літаратурная мова яшчэ больш адрозьніваецца ад дыялектаў за беларускую. Такім чынам, «Белорусс» выказвае неразуменьне адносінаў дыялектнай і літаратурнай мовы.
А для авалодваньня беларускімі сялянамі літаратурнаю моваю, адзначае аўтар артыкула, выйсьце не ў спрашчэньні тэрмінаў, а ў ліквідацыі непісьменнасьці.
Ад сябе мы можам яшчэ дадаць, што беларуская тэрміналогія, утвораная на аснове ўласных рэсурсаў мовы (экватар — роўнік, фундамент — падмурак, экзамен — іспыт і г. д.), замененая пазьней на словы, узятыя жыўцом з рускай мовы, а туды з замежных моваў, была больш зразумелай і блізкай народу за такія, напрыклад, пэрліны сучаснай літаратурнай мовы: «фракцыя інтэрнацыяналістаў канстатавала каласальныя дэфекты эвакуацыі». Ад рускай мовы ў беларускай гэтую фразу адрознівае толькі вымаўленьне. Як бы хто сьпецыяльна памкнуўся выправіць «памылкі» мовазнаўцаў 20-х гадоў, выканаць зьдзеклівы пастулат «Белорусса» аб «извращении русского языка...».
Найбольш абсурдным лічыць П. Бузук погляд «Белорусса» на ўтварэньне беларускай мовы. «“Белорусс” павінен ведаць, — піша прафесар, — што ніхто з гары загадамі не ўтварае мовы. Галоўныя рысы беларускай мовы былі ўжо ў XIV ст., а некаторыя і да пачатку пісьменнасьці». Што да запазычаных слоў, то і тут прафесар Бузук патрабуе асьцярожнасьці ў высновах, бо часта «гэта — агульная спадчына 2-3 моў, як і фанетычныя і марфалагічныя асаблівасьці».
На беларускую ж літаратуру і пісьменьнікаў, якія, на думку «Белорусса», не апраўдваюць мэтазгоднасьці існаваньня мовы, П. Бузук выказаў вялікія спадзяваньні, у чым, сёньня мы сьмела гаворым, і не памыліўся.