Але ёсьць нейкая заканамернасьць у тым, што людзі, якія сьвядома адышлі ад нацыянальнай культуры, ад свайго народа, зьдзекуюцца зь яго найбольш, хутчэй імкнучыся зьнішчыць у ім усё самабытнае і адметнае. I няма страшней для народа за такіх вось выпладкаў, якія вядуць барацьбу з ім, пры выпадку сьцьвярджаючы: «Не надо нам этого. Не надо. Ведь я тоже белорус и ничего страшного со мной без “мовы” не происходит».
Дыскусія наконт беларускай мовы ў 1926 годзе паказала нам глыбокія гістарычныя карані «тоже белоруссизма». Прадбачваючы з хадою дэмакратызацыі і паступовы працэс беларусізацыі — вяртаньня беларускай мове правоў рэальнага ўжытку ва ўсіх сферах грамадскага жыцьця, мы павінны ведаць, што гэты шлях не будзе лёгкі і просты і што знойдуцца беларусы празь «ять», якія будуць спрабаваць спыніць кола гістарычнага разьвіцьця з мэтаю павярнуць яго хаду ў іншы бок.