Астравец Сяргей
Шрифт:
Янычарская музыка — гаркавая моцная турэцкая кава, тамтэйшы тытунь, так-так, мультан, ад якога слёзы раптоўныя як пот, паўднёвыя пернасці, ад якіх горла сцінала. Заморскія смакі, экзотыка, тавар з крамак нетутэйшых купцоў. Янычараў у Варшаве немагчыма было ўявіць нават з пасольствам ад галоўнага пашы, не магло быць ніякіх пасольстваў, у Варшаве кватаравала гвардыя імператрыцы.
І дзякаваць Богу, канечне, хоць невядома ніколі як урэшце манета ўпадзе: тварам, гербам, ці лічбай дагары. Янычарскае войска ў сталіцы над Віслай у недалёкай мінуўшчыне азначала б гвалт, кроў, смерць. Не прапусцілі янычарскую навалу магнатэрыя і шляхта каронная і вялікакняская, крылатыя гусары, мушкецёры і швейцарскія найміты. А зараз забудзьцеся назаўсёды на жахлівыя хрысціянскія сны, на дзённыя уявы-жахі, каралеўскія прыдворныя, салонныя дамы і юныя паненкі, на вуліцах Варшавы маршыруе імператарская гвардыя, у казармах трымае порах сухім інфантэрыя і бамбардзіры, стала вострыць шаблі кавалерыя, не спіць варта, гатовая ў любую хвілю запаліць кнаты. Хаўруснае войска ахоўвае бяспеку Яго каралеўскай мосці.
Што мацней адчуваў ён: абражаным сябе пасля жорсткай закуліснай барацьбы за пасад у каралеўскім замку варшаўскім альбо радасць, палёгку, ці зняважаны гонар, сумесь згрызотаў сумлення са здаволенасцю разам? Перамог недабрадзеяў сваіх, адкрытых злоснікаў, так, падтрымка была, і гэта таксама праўда, але не такі ён не здатны сам, каб не мець важкіх шанцаў у часіну бескаралеўя. Так-так, ён — кароль, але кароль на час, так менавіта вызначыў элекцыйны сойм. І час гэты — апошні акт драмы аб каралеўстве, аб усёй Рэчы Паспалітай, як нам вядома цяпер. Будзьма разважнымі: выбары новага караля заўжды такія. Замежны элект шукае апірышча сярод магнатэрыі, шляхты, свой кандыдат — таксама, адначасова — падтрымкі суседніх дзяржаў. Нічога новага ў гэтым няма. Станіславу Аўгусту пашкодзіла, што замест імператара ў Санкт-Пецярбургу была імператрыца, кабета, па-другое, што не сакрэт, усе лічылі іх былымі каханкамі.
Шмат хто, ой нямала прынамсі абываталяў варшаўскіх, сузіраючы сталіцу, якая ашчэрылася чужымі штыхамі, углыбках душы не маглі не задумвацца над вялікай імператарска-атаманскай вайной, і ўява часамі падсалоджвала разынкамі, фінікамі, усходнімі слодычамі падманвала: як імператарская армія ў бясконцых аблогах паўднёвых моцных каменных фартэцый, у палявых баталіях на стэпавых абшарах пакрысе траціць свае моц, здароўе, лічэбнасць ад турэцкіх ятаганаў, ад гарматнай картачы, ад зняможных хвароб, кепскіх харчоў і паганай вады, а таксама праз бяздарную тактыку, аб чым паведамляла салідная газета, атрыманая з Парыжа. Так-так, існавала патаемная мода, не прызнаючыся нікому, марыць квола аб пройгрышах армады, якая ў пэўным сэнсе ахоўвала іх цяпер ад ранейшага турэцкага ворага, ахоўвала супраць іхняй ўласнай волі, так-так, трымала палец на цынгелі дзеля палітычных інтарэсаў Паўночнай Пальміры. Соль мары — каб войскі з Варшавы адклікалі на вайну.
Балі, на якіх не адчуваеш зусім разняволеным, зусім гаспадаром сябе, на якіх нібыта пад прыглядам, кароль мусіў бачыць абавязкова сёння самых моцных (з мядзведжымі абдоймамі) сваіх хаўруснікаў, спадчыну па Сасах, нікуды не падзецца, не адмовіцца ад якіх, не ўцячы. Прэсныя кампліменты, фармальныя ўсмешкі, падцукраныя размовы з келіхам у руцэ. Як жа яны апрыклі: амбасадар са світай, генералы з ад’ютантамі, пецярбургскія дамы са сваімі веерамі і пазяханнем. З’ехаць, з’ехаць, хутчэй з’ехаць з напалову свабоднай сталіцы, з напаўзалежнага існавання ў стары горад над Нёманам, у правінцыю, дзе яшчэ ўдавалася адасобіцца, адчуць сябе гаспадаром, дзе радавала вока, цешыла, абуджала амбіцыі вялікая будоўля, распачатая мілым яго сэрцу Тызенгаўзам Антоніем, пастаўленым кіраваць каралеўскай эканоміяй. Новыя сцены, рыштаванні, драбіны, стосы цэглы, пах свежай вапны і пілавіння.
У гарадзенскай рэзідэнцыі, у зусім новым вялікім палацы цяпер перабудова, адпаведна яго густам і патрэбам, там ён адчуваў сябе амаль у свабодзе, хаця яна не магла быць суздром сапраўднай, лёгкай, але як ілюзія яго бадай задавальняла ў вельмі вялікай ступені, не хацелася яе страціць таксама. Так, Горадня была Яго каралеўскай мосці эканоміяй, яго тэрыторыяй, яго маленькай прыватнай краінай. Так, не зважаючы, у якім краі, каралеўстве, ці царстве, ці зусім азіяцкай дэспатыі стаіць горад — ён зменшаная мадэль, узор усёй вялікай краіны, у якой цяпер знаходзіцца, з яе законамі, парадкамі, звычаямі, з яе палітычным уладкаваннем і рэлігійнай будовай.
Гарадам уласціва закладаць падмуркі, будавацца, замажнець і рабіцца праз гэта ласым кавалкам, здабычай, вайсковым трафеем. Некаторым шчасціць перажыць захоп, знявагу, рабункі, разбурэнні, акупацыю, іншыя перастаюць існаваць, ад сценаў, вежаў і храмаў застаюцца крушні і зарастаюць быльнягом. Здараецца, ад магутнага багатага места толькі жменя хацін, збудаваных на гарэлішчы або, у лепшым разе, яно ператвараецца ў мястэчка, захаваўшы герб, але без ратушы, без дзыгара на ёй, час больш не адмерваецца, горад апынаецца ў гістарычнай твані, у шлаку. Жыхары не могуць патлумачыць нават самім сабе: адкуль мог узяцца герб з арламі, цяльцом або афрыканскімі львамі. Ці не памылка часам цудоўны гербавы шчыт з незвычайнай выявай? Ці не згубіў яго ў несамавітай мізэрнай мясціне хтось, ступаючы аружна па раздарожжах гісторыі?
Бывае, гарады вандруюць, уласна назва іхняя, альбо аднолькавае імя атрымліваюць розныя гарады больш-менш па-суседску, ці на істотнай адлегласці. І калі ў хроніцы ці ў летапісе пра горад з такім назовам захаваецца якаясь згадка — вельмі важная, ці наадварот, цьмяная, нязначная, амаль выпадковая, папросту радок, пазнейшыя даследчыкі зацята псуюць дзіды ў акадэмічных спрэчках, пасылаюць баявых сланоў і калясніцы, штурмавыя вежы і сценабойныя машыны, выкарыстоўваюць хмары крытычных стрэлаў і ледзьве не славуты грэцкі агонь, які надзвычай цяжка пагасіць, робяць запальна ўсё магчымае, каб давесці сваю рацыю, каб перамог іхні менавіта погляд на тое, які менавіта горад называўся ў сівых вяках, напрыклад, Горадзень, Горадня, Гародня?
І не мінула ста гадоў пасля дэпартацыі апошняга караля, як вучоным мужам заманулася ў навуковых дыспутах і ў часопісах спрачацца нагвалт, атакоўна высоўваць свае аргументы, свае доказы таго, ці з’яўляецца раней каралеўскі горад над Нёмнам той самай летапіснай Гародняй, дзе трубы граюць, як напісаў аднойчы безназоўны манах-летапісец? Спрэчка здарылася не проста філалагічнага кшталту, вучоныя па яе выніках меліся вызначыць век, назваць дату пачаткаў Горадні: яна, ці не яна? Бойка атрымалася сапраўды нежартоўная, хоць для масцітых прафесараў, прызнаных знаўцаў у адпаведнай галіне, пытанне не ўяўлялася зусім каляным гарэшкам, таямніцай з мноствам пячатак і нарэшце агучаны адказ быў амаль відавочным. Але спрэчка патрэбна, каб вылузалася ісціна, як фасоліна, як боб. Хоць агульнавядомая рэч: часта баламуцяць дылетанты з апломбам.