Шрифт:
Паўза.
Папсуева. Ну што, Віктар Паўлавіч?
Вяршыла. Прадпрыемства мы знойдзем. Не ў цяжкай, дык у лёгкай прамысловасці. Пусцім па графе «тавары народнага спажывання».
Папсуева. А хто будзе заказчыкам?
Уваходзіць разгубленая Нюра.
Нюра. Нікога няма, Віктар Паўлавіч… Ніводнага чалавека! Усе кабінеты пустыя…
Паўза.
Вяршыла. А дзе яны?
Нюра. Не ведаю… Зніклі кудысьці.
Вяршыла. Як гэта зніклі? Усе?
Нюра. Усе…
Вяршыла. I члены калегіі таксама?
Нюра. I члены калегіі…
Вяршыла. Дзіўна… Можа, яны на прафсаюз ным сходзе?
Папсуева (з сарказмам). Або на канцэрце мастацкай самадзейнасці!..
Вяршыла. Пакіньце вашы жартачкі, Тамара Цімафееўна!.. Да абедзеннага перапынку яшчэ гадзіна, а людзей ужо няма!
Папсуева. Я не здзіўлюся, калі праз гадзіну наша міністэрства ўспыхне, як бочка з порахам! Ад кароткага замыкання, шаравой маланкі, вібрацыі ці гравітацыі! I мы ператворымся ў попел разам з гэтай (паказвае на крэсла, апарат і дынамікі)… фігай.
Вяршыла (ледзь стрымлівае сябе). Будзем заканчваць абмеркаванне. Вы, Тамара Цімафееўна, як я разумею, — супраць?
Папсуева. Як кожны разумны чалавек на маім месцы. Катэгарычна!
Міралюбаў. Значыць, вы, Тамара Цімафееўна, — разумны чалавек? Гома сапіенс? А ўсе мы — малпы! Папугаі! Кракадзілы?! (Пачынае лічыць, каб супакоіцца.) Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем…
Вяршыла. Спакойна, Ягор Фёдаравіч! Не забывайце, што Тамара Цімафееўна — намеснік па пярэчаннях. I мы яшчэ раз пераканаліся, што яна не дарма есць свой хлеб…
Міралюбаў. За тое, што Тамара Цімафееўна піша «забараняю!» — у яе адны падзякі! За тое, што я пішу «дазваляю!» — у мяне адны вымовы! Сем строгіх з апошнім папярэджаннем! Адзінаццаць строгіх з занясеннем. Без занясенняў я ўжо і не лічу!..
Папсуева (са здзекам). Кожнаму сваё, Ягор Фёдаравіч!
Міралюбаў. Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць… дзевяць… Віктар Паўлавіч! Я хацеў бы ведаць! Чаму чалавека не садзяць у турму, не вешаюць, не расстрэльваюць за тое, што ён забараняе? Чаму яго з усіх бакоў абсыпаюць падзякамі за тое, што ён губіць? Думкі! Прапановы! Ідэі! Вынаходніцтвы!
Папсуева (з іроніяй). Вы мяне маеце на ўвазе, Ягор Фёдаравіч?
Міралюбаў. У тым ліку і вас, Тамара Цімафееўна!
Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Тут не месца выра шаць такія пытанні.
Міралюбаў. А дзе месца? Дзе? Скажыце! I я туды адразу ж пабягу! Палячу! Папаўзу! Адзін, два, тры, чатыры, пяць…
Другая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Пяты раз звоняць будаўнікі.
Вяршыла. Скажыце, што я заняты! Што мяне няма!
Другая тэлефаністка. Але яны ведаюць, што вы тут і што вы прымаеце наведвальнікаў.
Вяршыла. Тады скажыце ім, што я… памёр!
Другая тэлефаністка (разгублена). Так прама і сказаць?
Вяршыла. Так прама і скажыце. Узяў і памёр! Часова…
Другая тэлефаністка (па тэлефоне). Вы ведаеце… Ён памёр… Узяў і памёр… Часова…
Вяршыла. Проста канец свету! Не хочуць думаць! Не хочуць ні за што адказваць! Кожны другі ідзе на работу, а галаву дома пакідае! (П’е ваду з графіна.) Прабачце… Ягор Фёдаравіч, вы за апарат?
Міралюбаў. Аберуч! Гэта адкрыццё веку! Электрычнасць, лазер і атамная энергія, разам узя тыя!
Папсуева. Нарываецеся на чарговую вымову, Ягор Фёдаравіч. Не хапае ранейшых?
Міралюбаў. А хоць сто!.. Мы з вамі разглагольствуем пра перабудову дзяржавы! Свету! Сусвету! А пачынаць трэба з чалавека! Хто ён? Наво шта ён? Што ён можа?
Папсуева. I «кліентаў» перарабляць будзеце?
Міралюбаў. Ідыётаў — таксама, Тамара Цімафееўна. Трэба ад іх пазбаўляцца! Любымі сродкамі!