Вход/Регистрация
Уліс з Прускі
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Так ліло і так шугаў град, што здавалася, быццам раскалолася неба. Жанцы пахаваліся ў ляшкі. Жудасна было назіраць, як гэтае халоднае, ледзяное каменне абрынулася з неба, ламаючы і прыбіваючы дадолу нязжатае і бездапаможнае жыта, усцілаючы яго белым зімнім покрывам. Чутно было, як у вёсцы закрычалі куры і завыў ураднікаў сабака. Пахаладнела. Людзі разгубіліся — не ведалі, што рабіць: заставацца ў полі ці бегчы ў вёску. Першая апомнілася Марыля, кінулася дадому, яе непакоіла — што там? Падворак выглядаў не зусім звычайна. Град раставаў і станавіўся шэрым. З падворка ў агарод плылі дажджавыя ручайкі. Свіння з парасятамі схавалася ў хлеў, зарыўшыся там у кучу мінулагодняй саломы і бульбянога бадылля. Куры знаходзіліся ўжо на седале, чаго з імі днём ніколі не здаралася. Пад дрэвамі ляжала абабітае градам мокрае голле. Усе з жахам казалі, што такога граду яшчэ не было. Насланнё нейкае…

Праліўся з чыгунка і засквірчэў на агні кіпень; бульба, відаць, ужо добра ўварылася, і Кужалі збіраліся вячэраць. Гаспадыня дастала чыгунок з печы і паставіла на стол, побач — міску салёных агуркоў. Пара з чыгунка густым воблакам шуганула пад столь, агарнуўшы прысутных. Скрозь пару відаць было, што верхнія бульбінкі падгарэлі — іх тут называлі «асмалкамі».

— Можа, спачатку картахлянкі пахлёбаеце? — не то спытала, не то загадала Марыля.

— Давай картахлянку, — згадзіўся Міхаль.

Картахлянка — саленаватая вада, у якой варылася бульба.

— А дзяўчаты дзе? Клічце дзяўчат!

У Кужалёў чацвёра дзяцей: Лявонка — старэйшы сын і тры дачкі: Тоня, Фядорка і маленькая Барбарка — яшчэ ў калысцы. Лявонка выбег за парог, гукнуў, і адразу ж з'явіліся малыя — Тоня з Фядоркай. У абедзвюх на шыі чырванелі пацеркі, нанізаныя з ягад рабіны.

— Мыйце рукі і сядайце за стол! У пяску капаліся…

Праз некалькі хвілін уся сямейка была ў зборы. Кірыла сеў на чале стала — на покуці, набожна склаў рукі і прачытаў «Ойча наш», потым адгарнуў настольнік, якім была накрыта вялікая, як тут казалі, булка жытняга хлеба, узяў яе ў рукі, пяшчотна прыціснуў да грудзей і пачаў ашчадна наразаць шырокія скібы, кладучы перад кожным.

Міхаль з Марыляй перахрысціліся на абраз і таксама селі. Дзеці адразу пацягнуліся за хлебам.

— Хлеб есці не спяшайцеся! — напомніў Кірыла.

Ён уважліва сачыў, каб, не дай Бог, крошка якая не ўпала на падлогу. Тады яе шукалі і, знайшоўшы, хрысціліся, як бы просячы прабачэння за гэткі грэх.

— О, каб такі хлеб ды на круглы год, было б няблага! — заўважыў Кірыла.

— Нічога, калі і мякіны крыху дамяшаем — здаравей! — пажартавала Марыля, і ўсе засмяяліся.

Каб хлеба атрымлівалася больш, у муку дабаўлялі не толькі мякіну, але і лебяду, якую для гэтага сушылі і малолі, а часам нават і сасновую кару. Але і такога хлеба не хапала. У пераджніўны час заставаліся толькі высеўкі — рэшткі ад прасеянай праз рэшата мукі, якая ішла на хлеб. Гэта было проста вотруб'е з мякінаю ды асцюкамі.

— Падай, сынок, дзеду лыжку, — падказала Лявонку маці,— а то забываеш…

Лявонка падаў, і Кірылу падумалася, што вось ужо і падлеткам стаў яго ўнук, — выцягнуўся, і голас агрубеў. Елі моўчкі, строга па чарзе апускаючы лыжкі ў чыгунок з картаплянай пахлёбкай. Марылю радаваў добры апетыт сямейнікаў, асабліва дзяцей.

— Еш, Лявонка! А то хутка паедзеш ад нас, між чужых людзей будзеш…

Гэта была даўняя мара, каб Лявонка паступіў у народнае вучылішча (такое было ў Камянцы) ды, калі пашанцуе, вывучыўся на настаўніка. Асабліва настойваў Кірыла. Ён ужо заплаціў бацюшку паўрубля за метрыку, адвёз патрэбныя паперы і даведаўся, калі трэба з'явіцца на экзамен. Вярнуўшыся дадому, радасна абвясціў: «Прашэнне прынялі. Цяпер — як на экзамене сябе пакажа». Марыля падтрымала свёкра: «Дзіва што — выдатнік!» Настаўнік Фама Фаміч хваліў Лявонаў: «Талковы ў вас хлопец. Галава не на вошы. Такому вучыцца трэба!..» Кужалі — ні сама Марыля, ні Кірыла з Міхалём — не ўмелі ні чытаць, ні пісаць і моўчкі пакутавалі ад гэтага. Калі трэба было распісацца, ставілі крыжыкі.

Кірыла, хлёбаючы картахлянку, паглядзеў на ўнука:

— Хай, таго, вучыцца. Можа, калі-небудзь хлеб будзе есці з навукі. Вунь Зміцер Зуб з Бабіч, кажуць, ужо там. — Счакаўшы крыху і як бы падумаўшы пра нешта, дадаў: — Без навукі цяпер, брат, жыццё засмокча так, што толькі шапка на паверхні застанецца…

Марыля падтрымала яго:

— Хай хоць адзін з Кужалёў у людзі выйдзе!

Міхаль увесь час неяк сумна пасміхаўся, а потым, адклаўшы ўбок лыжку, сказаў:

— А раптам панам будзе?!

Ад нечаканасці ўсе зарагаталі, нават малыя — Тоня з Фядоркай.

— Ну, але, — як бы ў тон яму, згадзіўся Кірыла, — я пан, ты пан, а хто свіней пасвіць будзе?

Ізноў усе засмяяліся.

Пасля картахлянкі прыступілі да самой бульбы, гаворка ж не перапынялася і не мяняла свайго кірунку.

У Міхаля наконт Лявонкавай будучыні былі свае меркаванні:

— Мужыку працаваць трэба — не яго справа навукай займацца. Бяры цэп у рукі, і не трэба вялікай навукі.

— Так то яно так, але трэба, можа, і наперад глядзець, — не пагадзіўся з сынам Кірыла.

— Цяпер вунь пра Амэрыку гавораць, — памаўчаўшы, сказаў Міхаль.

— Пра што? Пра якую яшчэ Амэрыку? — не зразумела Марыля.

— Ёсць такая краіна за морам, шмат дзён трэба ехаць, — патлумачыў Міхаль, — але надта багатая і справядлівая. Чалавека не крыўдзяць і кожнаму рады.

Кірыла скептычна хітнуў галавой:

— Нешта не верыцца, каб адзін чалавек не крыўдзіў другога.

— Яно б і тут жыць можна было б, каб зямлі хапала, — падала голас Марыля.

Паступленне Лявонкі ў вучылішча накладвала на сямейнікаў новыя абавязкі. Кірыла добра ведаў пра гэта.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: