Шрифт:
Лёднік пацёр мнагамудры свой лоб, стамлёны ад думання, насунуў глыбей капялюш і ледзь на развітанне не пажадаў ляльцы дабранач.
Перад тым, як выйсці з пакою, Пранціш затрымаўся, падыйшоў да Пандоры, хуценька расшпіліў на яе спіне сукенку, сунуў руку ў механізм і, пакуль не бачыў Лёднік, спрытна выкруціў тую дэтальку, якую яны з прафесарам вынайшлі, разам з нейкім шпіндзялёчкам. Так, на ўсялякі выпадак. Лялька — уласнасць прафесара, значыць, не павінна слугаваць іншым!
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
СТРАШНАЯ ТАЯМНІЦА ЛЁДНІКА
Чалавек, які гаворыць проста і зразумела, можа, вядома, падацца разумным і нат мудрым, як старажытны грэк Сакрат. Хаця спадар, які пакорліва прымае на палыселую галаву памыі, выплюхнутыя жоначкай з глінянай місы, — а менавіта такое здаралася з панам Сакратам, — наўрад можа назвацца мудрым. Іначай альбо міса ў яго доме была б залатая, і справу з памыямі мела прыслуга, а не гаспадыня, альбо кабета дзесяць разоў падумала б аб наступствах, якія мудры чалавек можа зарганізаваць, нат не пералічваючы крыўдзіцелю зубы.
Не, наймудры чалавек — гэта той, у каго з дзесяці словаў зразумее прасцец дай Бог каб два. І абавязкова ўся прамова перасыпана лацінай, як сала — кменам. А калі прамоўца яшчэ і выгляд мае фанабэрысты ды пагрозны, на галаве — акуратны белы парык, на плячах — аксамітную мантыю, а на грудзях паблісквае залаты доктарскі ланцуг — усё, мудрасць тут пераліваецца цераз край, і аніяк не можа змясціцца ў нетрывалыя сасуды студэнцкае свядомасці, занятай няскончанай на перапынку гульнёй у косткі. От яшчэ б раз кінуць, дакладна б Венера выпала!
— Вырвіч! Пра што я толькі што распавядаў?
Русявы студыёзус глядзеў сумленна-сумленна, аж хацелася яму адразу дыплом выдаць і каленам пад азадак накірунак з акадэміі надаць, бо дастане, падшыванец, усіх прафесароў да пячонкі, пакуль давучыцца.
Эх, сыйшоў аднойчы харобры шляхціц Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр са слаўнага шляху сармацкага рыцарства — заміж таго, каб галовы ворагам шастапёрам прабіваць, штудзіруе Платона ды Блажэннага Аўгустына, і вось вынік — трэба пасля лекцый, калі ўсе сумленныя студыёзусы расцякаюцца ўбакі ад Акадэміі, як воды Чэрмнага мора падчас бегства габрэяў з Ягіпту, валачыся ў сутарэнні да шкоднага пана Лёдніка. А між тым астрагалы — косткі для гульні — проста пякуць скрозь кішэню, так хочацца іх пусціць у справу… А цяпер, калі не ўратуе святы Франтасій, зноў давядзецца ўскрываць дыяфрагму чарговага трупа, здабытага ў турэмнай ці бальнічнай трупярні, ды пералічваць услых лацінскія назовы цягліцаў ды костак — Лёднік узяў сабе аднойчы ў галаву, што з цягам часу зможа зрабіць Вырвіча сваім пераемнікам і ў медычнай справе.
Не, як шкада, што ў Лёднікаў пакуль няма нашчадка! Баўтрамей, напэўна, замест бразготкі ў калыску пакладзе з аднаго боку мікраскоп, з другога — стэтаскоп, каб вывучаў спадчыннік прыродазнаўчыя навукі ад нараджэння.
Праўда, была адна прываба ў пакаранні — дзесьці там, сярод колбаў ды хірургічных прыстасаванняў, сядзела таямнічая Пандора, і можна, упрасіўшы прафесара альбо прычакаўшы момант, прымусіць яе ажыць…
Дзверы ў лабараторыю аказаліся расчыненымі, пасярод пакоя са скляпеністай столлю стаяў Бутрым, як верставы слуп. Васковая паненка знікла. Затое рэзрух — як пасля пераможнага паходу гунаў праз Рым. Шафы парасчыняныя, усё з паліцаў скінутае на падлогу. Колбы і прабіркі хрумсцяць пад нагамі, бы сухія косткі. Сталы і крэслы перавернутыя, паперы рассыпаныя па падлозе, быццам са столі ішоў папяровы дождж…
Той, хто гэта ўчыніў, нічога не шукаў — просто даваў знак: ведайце, вучоныя пацукі, сваё месца.
Пранціш раз’юшана вылаяўся.
— Пан Богуш, няйначай! Я выклічу яго на двубой!
— Супакойся, хлопец. Усё роўна нічога не дакажаш, — змрочна прагаварыў Лёднік. — Сам падумай — без дазволу рэктара хто б сюды прайшоў, такі вэрхал учыніў ды здаровую скрынку вынес? Я не гаварыў табе… — Лёднік трохі прамарудзіў. — Учора прафесар Папроцкі ўгаворваў мяне паказаць яму цікавую машыну, якую я вывучаю ў сваім кабінеце. Маўляў, ён у механіцы добра разбіраецца, аўтаматамі цікавіцца, пару студэнтаў кемных ёсць, могуць дапамагчы. А я адмовіўся, баюся, рэзкавата. І, магчыма, дарэмна.
Лёднік вінавата адвёў вочы.
— Ну, пашкадаваў я таямніцай дзяліцца. А каб паказаў — можа, не было б і гэтага нападу. Добра, мы паспелі ўсё ж вывучыць цікавы прэцэдэнт. І атрымалі малюнак…
Пранціш зласліва пасміхнуўся:
— Затое злодзеі яго не атрымаюць!
І паказаў Лёдніку дэталь са шпіндзялёчкам, забраную з Пандоры. Прафесар толькі галавой пакруціў і прамармытаў нешта наконт таго, што ваўка хоць з залатой лыжкі кармі, да кашы не прывучыш. Але дэталь забраў.
Вырвіч яшчэ раз азірнуўся наўкол.
— Слухай, чаму б не звярнуцца да тых паноў, што тэстамент прывозілі? Ягоная мосць Міхал Казімір дакладна ж хацеў, каб менавіта ты лялькай заняўся.
Прафесар падштурхнуў нагою павалены жалезны падсвечнік, і той загрымеў па камянях, як павалены Галіяф.
— Да каго ты зараз звернешся, калі ўсе п’яныя, як бэлі? Пане Каханку пастанавіў, што два гады будзе па бацьку хаўтуры спраўляць, вар’ят няшчасны. Цела яшчэ тут, а каля Нясвіжу ўжо цэлы горад з намётаў ладзяць шляхетныя аматары папіць-паесці надарэмшчыну. Не, абаронцаў у нас тут не знойдзецца. І Саламеі не кажы… Хвалявацца пачне. А я яе і так сёння скрыўдзіў… Яна прасіла калі не аддаць ляльку князю Радзівілу — дык хоць дапусціць да яе калегаў. А я на яе налаяўся…