Шрифт:
— Сядайце!
Пан Агалінскі стоячы кіраваў коньмі, ягоныя рудыя валасы развяваліся, як сцяг — капялюш пан дзесьці згубіў. Паланэя першай учапілася за адчыненую дзверцу карэты, спрытна залезла ўнутр. Пранціш і Лёднік паўскоквалі ўжо на хаду.
— З дарогі, лабідуды! Цмока вам перамаглі, а вы яшчэ незадаволеныя! — гарлаў Агалінскі, няшчадна паганяючы коней. — Я пастрашней цмока буду! Пан мой Караль гарадок ваш за гадзіну панішчыць!
Паланэя выпусціла некалькі куляў у вершнікаў, што спрабавалі дагнаць карэту, і іхні імпэт паменшыўся. Нарэшце прамінулі гарадскія вароты — з нагоды свята мост быў апушчаны… Вось колы карэты затрэсліся на каляінах небрукаванага гасцінцу… Потым па даху застукалі яловыя лапы… Уцекачы заехалі ў лес, збочыўшы з наезжанага шляху. Пагоня адстала.
Нарэшце пан Агалінскі спыніў натомленых коней і таксама залез у карэту, шумна выдыхнуў.
— Я нават астралябію пакінуў! Пракляты гарадок…
— Цяпер Дракошчын давядзецца зноў пераймяноўваць у Зембліцу, — задумліва прагаварыў Лёднік, які паспеў ужо выказаць студыёзусу ўсё, што думаў наконт ягоных разумовых здольнасцяў і авантурнасці, збольшага задаволіўся шчырым раскайваннем і сам трохі супакоіўся.
— А што абранцу іхняму цяпер рабіць? — фыркнуў Агалінскі. — Адразу дзяўчаты адскочаць, як блохі з дохлага сабакі.
Паланея засмяялася, і Пранціш не ўтрымаўся ад усмешкі. Хаця на душы было так пагана, так пагана… Аж нудзіла — як на першым курсе, калі яны з Недалужным патрапіліся рэктару за гульнёй у карты, ды яшчэ расклаліся на зручным каменным надмагіллі каля ўніверсітэцкага храму, і раз’юшаны рэктар па старым звычаі загадаў тую калоду карт пашаткаваць, прыправіць бігасам ды скарміць гульцам да апошняй лыжкі.
— Гэх, такую рэдкую жывёліну не пашкадаваў! — дакорліва прагаварыў Лёднік. — Яны калісьці насялялі зямлю, яшчэ да таго, як з’явіліся звыклыя нам звяры. Яшчар гэны, цмокам называны, апошні, можа, са свайго племені застаўся, а ты яго… Як свінню шылам…
Пранціш адвярнуўся, шчокі запалалі… Сапраўды. Забіў старую, хворую, пасаджаную на ланцуг жывёліну…
— Ого, свінню такую забіць! — запярэчыў пан Агалінскі. — Ягоная мосць пан Вырвіч не ведаў жа, наколькі тая пачвара бяспечная… Ён ішоў у смяротны бой, гатовы загінуць! Гэта рыцарская годнасць!
— Адзін французскі кароль, паміраючы, так гэтую годнасць азначыў, ваша мосць: пасля нас — хоць патоп! — раздражнёна прабурчэў Лёднік і з’едліва дадаў: — Але ж я, просты мяшчук, не маю права разважаць пра гэткія высокія матэрыі.
Памаўчаў, неахвотна прамовіў:
— Дарэчы, дзякую вам, пан Агалінскі — вы нас усіх выратавалі.
— Не мог жа я пазбавіцца магчымасці ўласнаручна цябе забіць! — выскаліўся пан Гервасій і ўздыхнуў.
— Гэх, а я так жывога цмока і не пабачыў!
А панна Багінская страшэнна спахмурнела, разглядаючы свае абламаныя пазногцікі, і Пранціш разумеў, чаму: успомніла пра куфры, пакінутыя ў гатэлі Дракошчына. А там жа і нажнічкі-прыціранні, і сукенкі-чаравічкі на выпадак, калі ўдасца вярнуць сабе жаночае аблічча… Так, гэтага паненка яму ніколі не даруе. Сталася яшчэ паганей на душы. Хоць ты вяртайся ў той Дракошчын, каб на кавалачкі заслужана разарвалі.
А Багінская раптам усміхнулася і прамовіла да Пранціша мілым галаском:
— А чаму пан Вырвіч не прынёс галавы цмока якой-небудзь чароўнай даме? Наступны раз не забудзьцеся менавіта так учыніць. Чароўная дама будзе вам удзячная!
РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ
ЛЁДНІК І АБДЫМКІ СВЯТОГА ТАМАША
Трасея трасе, Агнея распальвае, Лядзея выстуджвае, Каркуша корчыць, Гняцея на рэбры ды чэрава кладзецца, Грынуша на грудзі… Нявея — усіх пракляцее, і чалавек жыці ад яе не маець…
На пацямнелым ад вятроў і дажджоў прыдарожным крыжы матлялася тое, што калісьці было клапатліва вытканым рушніком, а зараз здавалася выцвілай да шэрасці туману анучай. А самае пагрознае — выбелены конскі чэрап, які нехта старанна прыбіў да верхняй перакладзіны крыжа, намаляваўшы на лобнай костцы пунсовы крыж. Праз чорныя прагалы вачніцаў глядзела «сястрыца-бясіца» Нявея са страшных аповедаў.
— Дапамажы, святы Віліброрд… Святы Себасціян… Святы Антоній… Святы Хрыстафор… — пан Гервасій Агалінскі перажагнаўся і замармытаў пацеры. Ад таго, што ён згадваў святых, якія лічыліся абаронцамі ад чумы, Пранцішу стала зусім непамысна. Адна справа — калі перад табой ворагі з шаблямi ды стрэльбамі, няхай бы і цэлы натоўп, і іншая — калі вораг нябачны і неадольны…
— Пошасць, — сурова агучыў Лёднік тое, што круцілася ва ўсіх у галаве.
— Трэба было не збочваць з тракту… — паныла прамовіў Пранціш, хаця ясна, што збочыць давялося менавіта з-за ягоных прыгод у Дракошчыне, каб збіць магчымы пераслед.
Раптам Паланэя зусім па-дзявочы завішчэла, паказваючы некуды пальцам — ажно коні спужаліся. Вырвіч угледзеўся — наводдаль, у сівой траве, ляжаў чалавек… Побач яшчэ… Падобна было на тое, што зняможаныя людзі паўзлі да дарогі ў пошуках ратунку. Лёднік падняў руку: