Шрифт:
Між тым стракаты натоўп па запружаных вулках рушыў у цэнтр горада, туды, дзе ўзвышаўся шпіль самага высокага храма.
— Зараз голас падасць! Кармёжка ў яго! — крычалі людзі, штурхаючыся, лезучы ледзь не пад капыты коней. Вырвіч і ягоныя спадарожнікі ўсё-ткі выехалі на пляц з велізарным гатычным касцёлам з чырвонай цэглы і белакаменнай ратушай.
— Ці-ха! — загарлаў нехта, і натоўп замоўк, як поле перад навальніцай. Пранціш стаіўся, чакаючы нейкага шалберства, але ў глыбіні душы так хацелася сапраўднага цуда! І раптам…
Не, гэта было не шалберства. Аднекуль з-пад зямлі пачуўся рык жывой істоты, голас пракаветнай жуды, нечалавечай самоты і прагі… Завішчэла кабета, заплакаў дзіцёнак, зафыркалі коні… Вочы людзей загарэліся самай прыемнай сумессю страху і цікаўнасці.
— Я павінен паглядзець на гэтае страшыдла! — аж стагнаў Амерыканец. Роспыты абнадзеілі: хаця паглядзець на цмока каштуе немалых грошай, але гэта магчыма. Толькі трэба заняць чаргу ў магістраце… І праз пару дзён… Праўда, цмока паказваюць толькі праз спецыяльныя вакенцы ў дзвярах сутарэння, але гісторый пра яго вартаўнікі распавядуць!
Затое ніякія грошы не дапамагалі зняць прыстойныя пакоі хоць у якім гасцявым доме. Толькі неверагодная сума ў дваццаць талераў і напорыстасць пана Агалінскага забяспечылі вандроўнікам адзін пакойчык на ўсіх пад самым дахам гатэлю «Пад залатой курыцай». Вядома, дзеля гэтага з пакою ў нейкі катух адсялілі менш грашавітых гасцей.
Гатэль быў ажно ў чатыры паверхі, прычым заўважалася, што два верхнія дабудаваныя зусім нядаўна, спехам, ясна, з-за наплыву цікаўнікаў. Увогуле, па ўсім горадзе ішло будаўніцтва, то там, то тут бачыліся рыштаванні, дамы ззялі навюткімі фарбамі.
Ці трэба ўдакладняць, што выявы цмока, мяча з дзяржальнам у выглядзе лілеі і юнака з месяцам у лобе прыкрашалі ўсе пакоі гатэля «Пад залатой курыцай», і нават начныя вазы…
Са страўні на першым паверсе папаўзлі спакусныя пахі. Пан Агалінскі расштурхаў стракатую публіку, працярэбліваючыся да стала, які вызваліў таксама вельмі проста, выкінуўшы з-за яго двух дробных мяшчукоў, па вопратцы — ці пісцоў, ці судовых канцылярыстаў.
— Верашчакі і піва!
Верашчака — гэта была самая модная страва, прыдуманая кухарам Аўгуста Саса па прозвішчы Верашчака. Тут яе ўмелі гатаваць, падобна, някепска, мяркуючы па замовах наведнікаў.
Музыкі — лютніст, скрыпач ды ўладальнік басэтлі — выводзілі мелодыю балады, адгадайце, пра каго? — пра цмока і святога Міхаіла… Дым і гуд стаялі у карчомцы не менш, чым у прыдарожнай беларускай, хіба што пілі не гарэліцу, а медавуху, і на месцічах красаваліся не шапкі-магеркі, а капелюшы з пёркамі, і гаварылі не па-беларуску, а на польскай, нямецкай, зрэдзь — галандскай і французскай.
Не паспела таўсманная шынкарка ў белым каптуры памерам з невялікі стог прынесці замоўленыя збаны з півам ды верашчаку ў гліняных місах, наведнікі зараўлі, паўздымаліся з месцаў, выглядаючы кагосьці. Пранціш закруціў галавой і таксама прыўзняўся…
І пабачыў хлапца з паўмесяцам у лобе.
Дакладна такога, як на малюнках. Гожы, бы каралевіч, залатыя валасы да плеч акуратна падвітыя, пунсовы камзол з золатам, дылея з гарнастаевай аздобай… За юнаком рушыла світа, таксама прыгожа прыбраныя шляхціцы, а ўжо як дзяўчаты пазіралі на гэтага ганарыстага прыгажунчыка! А той стаў пасярэдзіне карчмы, падняў уладна руку — белыя карункі манжэта ажно сляпілі, і прамовіў у раптоўнай паважлівай цішыні:
— Вельмішаноўнае панства, землякі мае ды госці нашага слаўнага горада! Заўтра апоўдні запрашаю ўсіх у ратушу, на чарговае выпрабаванне лілейнага мяча! Мы вызначым, ці настаў час мае смяротнай бойкі з паганай пачварай, якая захапіла наш няшчасны горад. Прыходзьце, каб малітвамі шчырымі святому арханёлу Міхаілу, драконаборцу, падтрымаць мяне ў памкненні вызваліць родны горад!
Прысутныя зараўлі, загулі… Нехта крыкнуў: «Віват пану Дамініку Ранглінскаму, абранцу!». Вокліч падхапілі… Пранціш перастрэў позірк Паланэі, якім яна праводзіла фанабэрыстага прыгажуна, і сэрца ў яго здрыганулася…
Ды што за халера такая ў гэтым мястэчку робіцца?
Пан у барвовым палінялым жупане і з носам таго ж колеру, па вымаўленні — з Валыні, ахвотна растлумачыў усё недасведчаным прыезджым. Цмока проста так забіць няможна, бо ён жа пасланы гораду ў пакаранне за грахі! Але Гасподзь калі і папускае пакуты, дае і сродак выбаўлення. Таму было прароцтва, што народзіцца хлопчык з месяцам у лобе, які ў прызначаны час цмока заб’е, і неадменна мячом з дзяржальнам у выглядзе лілеі, які захоўваецца ў ратушы ў спецыяльнай зашклёнай шафе. А здарыцца гэтая смяротная бойка толькі тады, калі ў дзень святога Міхаіла меч у руках абранца заззяе анёльскім агнём!
І тут вогненны анёльскі меч…
Лёднік фыркнуў, дэманструючы свае скептычныя адносіны да рамантычнай гісторыі. Пан Агалінскі ажно падскокваў ад радасці, што, магчыма, пабачыць жывога цмока… А Пранціш змрочна думаў — вось жа, камусьці шанцуе па жыцці, прызналі таго Дамініка абраным, носяцца з ім, як з залатым яйкам, дзеўкі гатовыя са спадніцаў выскачыць ад захаплення… А наперадзе таго чакае сапраўдны подзьвіг, пра які будуць спяваць лірнікі і пісаць паэты!
Спаць Вырвічу і Лёдніку давялося на падлозе, кінуўшы на яе сяннік, бо ў пакоі змяшчалася толькі два ложкі. Пан Агалінскі, простая душа, пачаў быў бурчэць, што спешчаных юнакоў, кшталту пана Палонія Бжастоўскага, якраз і трэба ўкладаць на падлогу, дый на ложку цалкам можа двое легчы, і Пранціш доўга пацяшаўся, уяўляючы, што было б, каб Паланэю ўклалі ў ложак да пана Гервасія, і той «эмпірычным спосабам» даведаўся, што з імі падарожнічае дзеўка ў мужчынскім касцюме. Не тое, каб гэта было нечуванай справай… У неспакойную эпоху спрытныя дамы, адпраўляючыся ў падарожжы, часцяком пераапраналіся ў мужчынскае — так куды бяспечней. Але сам Вырвіч быў упэўнены, што ён бы так не падмануўся… Даўно б выкрыў авантурную даму! Нават па тым, што, каб патрэбу справіць, ілжэ-хлопец адбягаецца ад спадарожнікаў, як ад медзвядзёў, ды сарамліва хаваецца за кусты…