Вход/Регистрация
Авантуры студыёзуса Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Дурань, куды кідаецца! — каментаваў скрозь зубы дзеянні Амерыканца Лёднік. — Прапусціў у галаву — каб мазгі меў, дык без іх застаўся б.

Пранціш таксама нерваваўся: яму і самому хацелася б вось так, па-мужчынску… Каб захапляліся, каб панна Паланэя кусала ад хвалявання вусны… Эх, быць бы такім жа плячыстым, як пан Гервасій! Ці хоць высокім, як Лёднік. Затое ў спрытнасці студыёзусу роўных няма. Вось у гэты момант бойкі ён на месцы Амерыканца прысеў бы ды збоку…

Лёднік тузануў вучня за рукаў.

— Не ўздумай і ты нешта ўчыніць! Бачу, загарэўся… Толькі рыпніся — уласнаручна па галаве дам.

— Оў! — зараўлі вакол. Альбанчык патрапіў такі кулаком з усяе моцы ў сківіцу лорду. Лорд бразнуўся на падлогу, як ссечанае дрэва.

Сто пяцьдзесят фунтаў, перададзеныя ад пераможцы Пранцішу, студыёзус, навучаны горкім досведам, схаваў за пазухай, пад кашулю. Пан Гервасій з тварам, перамазаным чырвонай юхай, хадзіў па коле, шырока ўсміхаючыся разбітымі вуснамі, біў сябе ў грудзі, парослыя рудой поўсцю, і крычаў:

— Агалінскія не здаюцца! У славу пана Караля Радзівіла любога паб’ю! Жыве Беларусь!

Нехта сунуў замежнаму байцу бутэльку, як відаць, не з гарбатай, пан Агалінскі прагна прысмактаўся і зусім павесялеў.

— Давайце! Ну, гоў-гоў па вашаму. Хто наступны?

Лепей бы ён гэтага не зведаў. За прыз наступнага боя выйшаў змагацца сапраўдны Галіяф. Не меншы за Ватмана. Ягоная фізіяномія здавалася сабранай з кавалачкаў, лобныя косткі выступалі наперад, як у малпы, ніжняя сківіца была падобнай да кавадла. Маленькія вочы Галіяфа глядзелі невыразна, без злосці, без цікавасці.

— Ну, давай, малпа лонданская! — пан Гервасій з налёту ўрэзаў Галіяфу ў сківіцу-кавадла.

А той як не заўважыў. Нават галавой не паматаў. Панна Агалінская завішчэла, калі волат раптам выкінуў наперад сваю даўжэзную руку і, здаецца, лёгенька стукнуў пана Гервасія ў плячо, а той і пакаціўся…

Цяпер Пранцішу ўжо не хацелася самому быць у коле. Змаганне выглядала безнадзейным. Агалінскі кідаўся, лупіў — Галіяф ягоных удараў не заўважаў. Затое пан Гервасій раз за разам валіўся з ног, відаць, успамінаючы свой двубой з полацкім бычком у двары карчмы.

— Заб’ю! — хрыпеў Амерыканец, калі яго за ногі адцягвалі з пляцоўкі.

— Нічога, паўтары сотні фунтаў — добры ўнёсак, — суцяшаў Лёднік. — А гэты доўбня — падобна, тутэйшы чэмпіён, заўсёды перамагае.

— Вашамосць вельмі мужна трымаліся, — запэўніла Амерыканца Багінская.

— А замуж за мяне пойдзеш? — весела прахрыпеў Агалінскі, гледзячы на «нявесту» адзіным не запухлым вокам. — Я за жонку сваю яшчэ не так буду біцца!

У Пранціша ажно сэрца спынілася. Але Паланэйка толькі какетліва засмяялася.

— Ах, пан Агалінскі, хіба да такіх размоваў цяпер…

Пакуль Лёднік абмацваў Амерыканца, ставячы дыягназ, пакуль прыкладаў мазі, Галіяф сапраўды ўклаў яшчэ аднаго суперніка, чырванатварага, падобнага да бочкі, і атрымаў яшчэ дзвесце фунтаў і званне галоўнага сённяшняга пераможцы. Прычым чырванатвараму пашанцавала куды меней, чым пану Агалінскаму: Лёднік, кінуўшы вокам на бязвольнае цела, запэўніў, што ў небаракі зламаная шыя. Наўрад выжыве.

Пасля невялікага перапынку затрубіла труба, зусім як пры пабудцы ў казармах. Людзі зноў ажывіліся, заварушыліся, зазвінелі манетамі.

— Ну, усё, мая чарга, — вельмі будзённа сказаў Лёднік і рушыў наперад.

Цяпер біліся майстры халоднай зброі.

Супернікі тут таксама распраналіся да пояса — каб не было спакусы паддзець пад кашулю які панцыр, што часам рабілі. А без кашулі прафесара Лёдніка можна было прыняць за разбойніка-катаржаніна — з ягоным наборам разнастайных шнараў і жылістым, падцягнутым целам. Прафесар звязаў цёмныя валасы ў хвост і застыў у расслабленай паставе, апусціўшы шаблю.

— Містэр Айсман! — аб’явіў кіраўнік.

Вырвіч, нягледзячы на нярвовасць, ледзь не засмяяўся ад такога псеўданіму: ён ужо ведаў, што айс — гэта па-ангельску «лёд». Вядома, прафесару Віленскай акадэміі без патрэбы, каб у Еўропе даведаліся пра ягоныя подзьвігі ў якасці вулічнага байца.

Першым супраць «містэра Айсмана» выйшаў таксама немалады ваяр са слядамі шматлікіх ран, узброены палашом. Ён біўся разважна, спрактыкавана… Але супраць Лёдніка доўга пратрымацца не мог. Некалькі хвіляў — і палаш на падлозе. Мала хто здолеў нават прасачыць імклівыя рухі «містэра Айсмана». Пераможаны паважліва пакланіўся, як стары ваяр старому ваяру, і нават пажадаў удачы. Першыя пяцьдзесят фунтаў адправіліся да студыёзуса за пазуху.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: