Вход/Регистрация
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Ты — проста тыповы ліцвін, — Лёднік быў вельмі сур’ёзны. — Такі лёс народаў, якія жывуць на раздарожжы, на сутыччы культур і цывілізацый. Нас топчуць, як трыпутнік, а мы ўстаем. Нам прыўлашчваюць розныя назовы, а мы застаемся сабою. Павер, на нас гэта не скончыцца. А наконт тваёй бяздарнасці… Паслухай, многія за ўсё сваё жыццё не задаюць сабе такіх пытанняў, якія мучаць цябе. Гэта яны няздары — а не ты. А калі пачаў думаць — значыць, рашэнне знойдзецца. Шлях сам цябе абярэ. Дарэчы… — Лёднік з няёмкасцю хмыкнуў, — ты не назваў яшчэ адзін свой талент… Літаратурны.

У Пранціша аж шчокі запалалі.

— Адкуль ты…

— Ну, не ўсё згарае на попел у нашым каміне… — адвёў вочы доктар. — Паслухай, ты дарэмна так саромешся сваіх паэтычных практыкаванняў, — вельмі сур’ёзна сказаў Лёднік. — Улада над словам мала каму даецца… Тым болей на гэтай зямлі, дзе ліцвінам увесь час спрабуюць навязаць іншую мову і іншую веру. А памятаеш прамову Мялешкі? Альбо дзённік Еўлашоўскага? Дасціпна ж напісана, прыгожа гучыць? Старажытны кітайскі мысляр Канфуцый аднойчы сказаў: калі словы трацяць сэнс — людзі трацяць свабоду. Можа быць, пан Прантасій, гэтая зямля, дзе столькі паданняў, легенд і дзівосных авантураў, чакае, каб загаварыць тваймі вуснамі на той мове, якая ёй Богам дадзеная? Каб зразумела і Паланэя Багінская, і млынароўна Саклета, знаўца зёлак… Варта толькі перастаць пераймаць кагосьці — і пісаць ад сэрца… Падумай…

Вырвіч фыркнуў: бачыў ён прыдворных паэтаў, кшталту пана Матушэвіча, якія спявалі дыфірамбы сваім апекунам альбо сачынялі куртуазныя гісторыйкі для іх пацехі. Вядома, золата ім сыпалі жменямі… Але ж, калі што, як блазнаў, маглі адлупцаваць. А пісаць сур’ёзныя кнігі, кшталту даўжэзнай павучальнай гісторыі пра Трыстрама Шэндзі альбо скандальнай «Новай Элаізы»… Куды там драгуну!

Тут жа ў галаве прамільгнула здрадлівая думка: «А чым кепскі драгун? Вунь Русо лёкаем быў… Магчыма, Пранціш Вырвіч станецца беларускім Мальерам альбо Буало!».

У галаве адразу закруціліся новыя радкі, як мухі вакол разлітага сочыва…

«У сэрцы трымціць залатая страла неспагады. Чароўная Дама цябе лекаваць не збярэцца. Ты мусіш забыцца на ўласныя раны і звады, Айчыне ў ахвяру прынесці разбітае сэрца».

А да бліжэйшай карчмы пад красамоўнай назвай «Кілбасы» яны не звярнулі. Хаця Вырвіч ужо без ранейшай агіды ўспамінаў нават застолле ў суддзі Юдыцкага і «вачасты» пачастунак кітайца. Што азначала — даўно варта перакусіць. Хаця б пасёрбаць жур з вяндлінай… Ці хоць локшыны зжаваць…

Пан Зыгмунд Грос дэкляраваў, што заначуюць у вельмі добрых умовах, у маёнтку з гасціннымі гаспадарамі. Цікавіцца іх імёнамі таксама не выпадала — па трыста дукатаў доктару і драгуну заплацілі не за роспыты.

Фурман скіраваў коней на лясную дарогу, яліны пачалі рабіцца ўсё вышэйшымі, падобнымі да цёмных шатроў, з якіх маглі выскачыць антыкаўды з вывернутымі ступакамі альбо высозазныя макробіі. У прыцемку Пранціш разгледзеў, што пасярод дарогі бялеюць дзве постаці, быццам прывідныя вартавыя. Гэта аказаліся мармуровыя скульптуры — адна выяўляла багіню мудрасці Мінерву, пра што сведчыла змрочная лупавокая сава на плячы, другая — багіню-цнатліўку Артэміду, якая сціскала тонкай мармуровай рукой лук. Паміж пагрознымі вартаўніцамі чарнела каваная брама. Нехта дыхтоўна агарадзіў свой маёнтак, чый чарапічны дах віднеўся над дрэвамі. Жалезныя прэнты агароджы ішлі ў лес, як быццам прараслі пасеяныя зубы цмока.

Фурман спыніў коней і некалькі разоў пратрубіў у ражок. Доўга чакаць не давялося — двое слуг падбеглі да брамы і, нават нічога не пытаючыся, расчынілі вароты. Значыць, чакалі…

Калі госці трохі праехалі па прысадзе да двухпавярховага будынка з двума алькежамі і паўкруглай каланадай, Вырвіч азірнуўся. Браму зачынялі, і ад гэтага зрабілася трохі няўтульна, як быццам яны добраахвотна аддаліся ў палон. Пранціш скасавурыўся на Лёдніка: фанабэрысты профіль доктара ў прыцемку мог напалохаць: не варта ноччу з такім панам сустракацца. Нічога, удвох яны нават з Аіду выберуцца!

З карэты данёсся ціхі стогн.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

ЯК ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ У СУТАРЭННІ МЕНСКУ СПУСКАЎСЯ

Дарога да маёнтка была ўся ўсыпаная сасновымі шышкамі.

Старажытныя грэкі лічылі шышку сімвалам Сусвету.

Такі вось Сусвет, складзены з мноства лушпінак і схаваных паміж імі зярнятак — зародкаў будучых дрэў.

А што дзіўнага? Для кагосьці ўся светаістасць — гэта двор ягонага магната, для кагосьці — утульная канапа… А хтосьці лічыць вянцом усяго поўны куфаль піва, і гатовы жыць у пеннай дабрадатнасці ажно да анёльскіх сурмаў…

Праўда, працягваючы алегорыю з шышкай, надта няпэўны лёс у такога калючага Сусвету — зваліцца з галінкі, і дзе апынецца? Раптам вось так, як гэтая шышка, трапіць у лоб маладому драгуну і пакоціцца пад капыты ягонага каня?

Пранціш ціха вылаяўся і пацёр выцяты лоб рукавом. Маёнтак, дзе яны мусілі заначаваць, падабаўся яму ўсё меней. Калісьці кёльты высаджвалі сосны ўздоўж дарог, каб гэтыя светлыя дрэвы ў цемры пазначалі шлях…

А тут нават сосны здаваліся цёмнымі і змрочнымі.

Не надта здзівіла назва гэтага месца — Чорныя Сосны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: