Шрифт:
Вырвіч пастараўся не паказаць расчаравання. Падобна, полацкага Фаўста не адразу ўдасца ўгаварыць. А патрабаваць, каб выканаў дадзенае слова, пакуль не хацелася — Пранцішу ўсё яшчэ было трохі сорамна за нядаўнія нядобрыя пачуцці да доктара, які любіў яго, як родны бацька.
У пакой забег малы Алесік, быццам уварваўся ветрык:
— Пан бацька, пані маці! Спадар Лі прыслаў яшчэ адну страву!
За малым гаспадаром сунуўся Хвелька, старанна несучы на выцягнутых руках цяжкі гліняны гаршчок, накрыты бялюткім ільняным рушніком. Ад гаршчка распаўсюджваўся незразумелы, рэзкі водар. Але на таўсманным твары слугі чамусьці не адлюстроўвалася зацікаўленасць у змесціве пасудзіны, хаця Хвелька не ўпускаў ніводнага выпадку перахапіць смачненькі кавалак. Гаршчок быў урачыста пастаўлены на стол, зняты рушнік і накрыўка… Сямейства насцярожана схілілася над падарункам, вывучаючы кітайскае смакоцце. На нейкі час запанавала маўчанне.
— Спадар Лі не сказаў, як гэта называецца? — папытаўся доктар. Алесік, які ўскараскаўся на зэдлік, каб зазірнуць у гаршчок, заківаў галавой:
— Гаварыў! Фан… фін… цзя… ця…
— Ясна… — уздыхнуў доктар. — Ну, хто пакаштуе?
Хвелька сціпла адыйшоўся ўбок.
— У мяне пячонка хворая, пан доктар ведае!
— А з чаго гэта зроблена, Бутрым? — папытаўся Пранціш, разглядаючы бела-чырвона-зялёную куламесу.
Лёднік уцягнуў доўгім носам вохкую пару:
— A prima facie [6] , кураціна тут дакладна ёсць. Лі неяк распавядаў пра нацыянальную страву «Цмок, тыгр і фенікс», якая рыхтуецца з курыцы, коткі і змяі…
6
На першы погляд (лац).
Хвелька гучна зглынуў, нібыта яго заванітавала. Пранціш скрывіўся.
— Ты што, думаеш, твой кітаец корміць графа Разанцава варанымі коткамі і змеямі?
— Ну, не так радыкальна, — меланхалічна прагаварыў Лёднік, пацягнуўся за доўгай лыжкай, памяшаў ёю ў гаршчку, ад чаго і Пранціш адчуў, як нешта падступіла пад горла. За лыжку чапляліся доўгія белыя локшыны, падобныя да чарвякоў, што плавалі ў чырвонай падліўцы. А самае застрашлівае — боўталася чыёсьці вока. Круглае, з вішню, з чорным зрэнкам, яно быццам пазірала з гаршка, ад гэтага не было зразумелым, хто каго збіраецца з’есці. Адразу ўспомніўся суддзя Юдыцкі, які выплёўваў пажаваныя кавалкі на паднос.
— У кітайскай кухні спалучаюцца неспалучальныя элементы, — адкашляўшыся і тыцнуўшы лыжкай у варанае вока, пачаў лекцыю прафесар. — Напрыклад, у страве «Буда пералятае праз сцяну» у адным гаршку знаходзяцца плаўнік акулы, кальмар, качаціна, кураціна, свіная нага, бараніна, парасткі бамбука, грыбы і яшчэ немаведама што. Паводле легенды, адзін падарожны гэткім чынам схаваў у гаршку ўсе свае прыпасы, і атрымалася такая смачная страва, што на яе пах з бліжэйшага кляштара палезлі праз сцяну манахі, апраўдваючыся, што гэтак зрабіў бы і сам Буда.
— Я не хачу гэта… з вачыма… есці! — рашуча заявіў Алесік. — Я бліноў хачу!
— Колькі галодных людзей былі б шчаслівыя мець такі пачастунак на стале! — строга сказаў Лёднік, які сам, аднак, не спяшаўся несці лыжку ў рот. — І спадар Лі пакрыўдзіцца… Кулінарыя — таксама від мастацтва!
— Усё, заканчвайце дзівіцца! — рашуча заявіла Саламея. — Спадар Лі — жартаўнік, ён спецыяльна прысылае такія… спецыфічныя стравы. Помніш, Бутрым, як ты мінулы раз соду глытаў пасля ягоных прыправаў? Маіх бліноў хопіць на ўсіх.
Палачанка ўзяла рушніком са стала цёплы гаршчок і паставіла на падлогу.
— Піфагор, любіш кітайскую кухню?
Руды сабака падсунуўся да гаршчка, прынюхаўся, падціснуў хвост, пакрыўджана гаўкнуў і выбег з пакою. Пранціш не стрымаў смеху.
— Гэтую страву трэба назваць не «Буда пералазіць праз сцяну», а «Піфагор уцякае на двор».
Куды ўрэшце адправіліся кітайскія далікатэсы, Вырвіч не высвятляў.
Гасіў уночы прафесар свечку кулаком на адлегласці ці не, невядома, але наўрад. Таму што, калі ў горадзе зніклі агні самым звычайным спосабам, у дом з зялёнымі аканіцамі прыбеглі ад чарговага пацыента, якому стала кепска, і Лёднік, сабраўшы доктарскую валізку і прачытаўшы кароткую малітву святому Панцеляймону-ацаляльніку, адправіўся ратаваць яшчэ адно чалавечае жыццё, і, пэўне ж, начхаць няшчаснаму хвораму было на ўсе гумаральныя і магнетычныя тэорыі, на вучоныя дыспуты і на блюзнерствы ягонага лекара.
Але калі драгун Вырвіч прадраў нараніцу свае блакітныя сумленныя вочы, гаспадар з дому ўжо сышоў. Пані Саламея патлумачыла — выклікалі ў дэканат. Трохі трывожна, вядома, але ж вось-вось пачатак навучальнага году, у прафесуры справаў шмат. Вырвіч хадзіў па доме, пазяхаючы, і падумваў, ці не падацца ў карчомку…
І тут вярнуўся гаспадар. Прайшоў хуткім крокам праз вітальню, здымаючы на хаду капялюш і перавязь з шабляй.
— Вырвіч, у кабінет!
Да бабкі не хадзі — здарылася нешта паганае.
Прафесар глядзеў на свайго былога ўладальніка, як бацька кінутай нявесты на здрадлівага жаніха.
— Калі я прысягаў вашай мосці, што паеду з вамі ў Гутаўскі кляштар, я не думаў, што патрапляю ў такую пастку. За трыста дукатаў мяне Юдыцкаму запрадаў? Мая цана ўзрасла за апошнія гады?
Вырвіч разгубіўся. Ён жа долю доктара не ўзяў… За ім пакінуў права вырашаць. У чым драгун горача і паспрабаваў пераканаць Лёдніка. Прафесар махнуў рукой.
— Ну, усё роўна позна на малако дзьмуць, калі кіпнем апёкся… Мне даюць адпачынак на месяц. Каб я мог выканаць богаўгодны ўчынак, суправадзіць хворага ў паломніцтва, за што мне абяцана, аказваецца, трыста дукатаў. Калі я не еду — маю кафедру закрываюць. Зусім. Яшчэ і студэнтаў, з якімі я індывідуальна займаўся — каторыя з бедных — вытураць з Акадэміі.