Шрифт:
— Дзякуй табе, Божа!
Грос цалаваць знойдзенае не стаў, проста схаваў куфэрак за пазуху. Рэліквія нейкая, відаць.
Пранціша заўважна штурханулі ў спіну.
— Чаго стаіш, як даўбень, ідзі насі!
Вырвіч пакорліва прыняў ад здаровага спадара з насунутым на твар капюшонам невялікую, здавалася б, скрыню… І ледзь не паваліўся з ёю на падлогу: мусібыць, нямко-прыслуга Базыль і звык цягаць такі цяжар, але шляхціц Вырвіч гэтак падарвецца! Пранціш патрос сваю ношку: манеты, здаецца. А ўявіць, колькі ісці да выхаду!
Але з’явілася некалькі ручных калёсцаў, напэўна, загадзя падрыхтаваных у сутарэннях, і справа пайшла хутка. Вырвіч паспеў два разы адвезці гружаную каламажку да выхаду — так ужо чакалі трое, перадаючы адзін аднаму ўздоўж лесвіцы каштоўнасці…
Калі Пранціш вярнуўся апошні раз, ён заўважыў, што пан Шрэдэр, які так і стаяў ля ўваходу ў скарбніцу, побач з ліхтаром, заплюшчыў вочы і паціху абсоўваецца на падлогу… Падобна, здарылася тое, пра што папярэджваў Лёднік: скончыўся часовы эфект лекаў, і цяпер хвораму станецца яшчэ горш… Чаму ж Грос марудзіць даць мікстуру?
Пранціш нагружаў сваю каламажку, удаючы, што цалкам паглынуты гэтым працэсам, а сам пільна прыглядаўся. Грос стаў над старым, на ягоным твары можна было нават прачытаць некаторую разгубленасць. Рука палезла ў кішэню каптана, нерашуча дастала бутэлечку з чырвонай вадкасцю, але шкляніца вярнулася на месца. Між тым апошнія скарбашукальнікі пакідалі сутарэнне. Толькі Пранціш дагружаў срэбныя талеркі. Грос агледзеўся, потым нахіліўся над панам Шрэдэрам, крануў за шчаку — галава старога бязвольна апусцілася на плячо. Відаць, Зыгмунд вырашыў, што Шрэдэру засталося нядоўга. Выпрастаўся і прагаварыў урачыста, як над свежай магілай:
— Вы выканалі сваю місію, настаўнік. Золата паслужыць нашым мэтам. Дзякую вам. Цяпер я не павінен умешвацца ў Божую волю. Прабачце. Усе мы — ганчакі Божыя. Амін.
Павярнуўся і пайшоў, скасавурыўшыся, праўда, на фальшывага нямко, які грузіў сабе каламажку ў скарбніцы і нібыта нічога не разумеў у сітуацыі.
Вось навалач!
Стары вытрываў нялюдскія пакуты, каб золата дасталося вам дзеля вашых інтрыгаў, і цяпер можа спакойна паміраць! Ганьба!
Вырвіч вывез са скарбніцы нагружаныя калёсцы, да якіх быў прымацаваны ліхтар, і прыпусціў за Зыгмунтам Гросам. Каламажка грымела, падскокваючы на каменні, і ледзь не збіла пана Гроса. Той вылаяўся на няўклюднага слугу, што прыціснуў яго да сцяны і выкуліў палову дабра на падлогу, і рушыў далей.
Пранціш, кінуўшы калёсцы, бегма вярнуўся назад. Пан Шрэдэр усё гэтак жа сядзеў, заплюшчыўшы вочы, толькі чуваць было няроўнае дыханне. Вырвіч паднёс ліхтар бліжэй: вусны старога аж сінія… Драгун зняў накрыўку са шкляніцы, спрытна выкрадзенай з кішэні паскудніка Гроса, адмераў дваццаць кропель… Давялося пашчыраваць, каб прымусіць старога праглынуць лекі.
Нейкі час нічога не адбывалася — Вырвіч нават падумваў, што давядзецца адмераць яшчэ дзесяць кропляў. Але талент Лёдніка не схібіў. Вусны хворага здрыгануліся, збліснулі шэрыя вочы, ён глыбока ўздыхнуў… Толькі цяпер Пранціш уцяміў, што знаходзіцца тут патаемна, у абліччы нямога Базыля… Але запозна: стары пазнаў увішнага драгуна. Зноў заплюшчыў вочы і прагаварыў ціха:
— Божая воля праяўляецца праз тыя інструменты, якія Ён абірае. Дзякую, пан Вырвіч.
Пранціш адкашляўся.
— Што цяпер? Магчыма, пану лепей не паказвацца на вочы гэтаму… Гросу?
Стары раптам нявесела засмяяўся.
— Няхай вашамосць за мяне не баіцца. Усё сапраўды ў Божай волі.
Устаў, трымаючыся за сцяну, правёў рукой па спацелым ілбе.
— Ваш старэйшы сябар — сапраўдны геній. Думаю, што змагу дайсці да выхаду. Праўда, другой порцыі такіх цуда-лекаў я, бадай, не перажыву.
І пайшоў паціху, не выказваючы ніякага абурэння ўчынкам Зыгмунда Гроса, які яго яшчэ і настаўнікам назваў. Нічога сабе вучанічок!
Пранціш параўняўся са сваёй перакуленай каламажкай, хуценька паскідваў на яе падсвечнікі і талеркі і неўзабаве дагнаў Шрэдэра, які ішоў памалу, трымаючыся за сцяну. Наперадзе пачуліся галасы. Стары азірнуўся на Пранціша і прагаварыў:
— Не прымайце блізка да сэрца, вашамосць, з’явы, сэнсу якіх не разумееце. Я мог учыніць — і ўчыняў — такое ж, як Зыгмунд, калі мэта патрабавала ахвяраў. Але тут не павінна быць хібаў. А Зыгмунд схібіў. Паспяшаўся, — на твары старога з’явілася ўсмешка, але весялосці ў ёй было не больш, чым у выскале аголенага чэрапа. Падобна, у пана Гроса з’явяцца праблемы…
Ды яшчэ хутчэй яны могуць з’явіцца ў Пранціша Вырвіча, калі пан Шрэдэр зараз яго выдасць.
Але езуіт прамаўчаў. Толькі скупа ўсміхнуўся пану Зыгмунту Гросу, які выказаў стрыманую радасць ад таго, што настаўнік па волі Божай акрыяў. А супраць тае волі не папрэш. У сваю чаргу пан Шрэдэр быццам забыўся, што вучань пакінуў яго паміраць, нібыта такі ўчынак быў сам сабой зразумелым. Засталося спадзявацца, што забіваць свайго настаўніка наўпрост пан Зыгмунд не мае права. Вырвіч падгледзеў, якімі спакойнымі ўсмешкамі і позіркамі абмяняліся езуіты, і ў чарговы раз падумаў: ну і кубло гадзючае… Што за людзі? Быццам звычайныя чалавечыя пачуцці для іх не існуюць.