Шрифт:
Батыста расцягнуў вусны ва ўсмешцы, ягоныя шэрыя вочы былі халодныя, як ледзяшы.
— Бачу, што пан прафесар не верыць ні ў магнетызм, ні ў магчымасць выхаду ў сусветны эфір. Хоча ўсё вытлумачыць навукова. Але — вось агонь, адна са стыхій… З добра вядомымі і вывучанымі ўласцівасцямі… Але наўрад пан можа навукова растлумачыць, чаму гэты агонь часам не апякае пяшчотную жаночую скуру?
Батыста падняў даланю, скіраваўшы на падсвечнік, зрабіў ледзь заўважны імклівы рух наперад — і дзве скрайнія свечкі згаслі, мутныя кроплі воску пацяглі па бронзавым ствале падсвечніка, быццам перадсмяротныя слёзы па цёмным твары старога фараона. Лёднік спахмурнеў — бо сам жа так і не засвоіў загашванне агню на адлегласці. Так што пахваліцца ў адказ не было чым. Таму зноў пачаў біцца на словах.
— Скокі на гарачых вуголлях — з’ява даволі распаўсюджаная ў свеце, — голас прафесара гучаў, як на лекцыі. — Сам я не бачыў, але чуў ад аднакурсніка-балгарына, што такія скокі ёсць у яго краіне — там гэта практыкуюць у кожнай вёсцы. Уменне перадаецца ў сям’і з пакалення ў пакаленне. Называецца такі звычай несцерыянства, лічыцца хрысціянскім подзьвігам, таньчаць часам з абразамі ў руках. Дзяўчыны нярэдка гэтым займаюцца. Думаю, увесь сакрэт у рухах — калі пераступаць нагамі хутка, трымаючы падэшву паралельна гарачай паверхні, як бы слізгаць, скура не паспявае награвацца і не ўтвараецца апёкаў.
— Значыць, і вы, прафесар, маглі б самі гэтак прайсціся па агні? — мякка спытаўся сіньёр Батыста. — Ведаеце, нам увесь час даводзіцца сутыкацца з энтузіястамі, гатовымі давесці сваю мужнасць і спрыт, якія запэўніваюць, што разгадалі сакрэт фокуса. Калі ж, нягледзячы на папярэджванні, яны кідаліся на вуглі, заўсёды заканчвалася апёкамі. Дык як, прафесар, рызыкнецё?
Езуіты з цікавасцю ўтаропіліся на Лёдніка. Наўрад яны будуць яго стрымліваць — а чаму б не пацешыцца забаўным відовішчам, як упарты дурань шукае гузака? Лёднік трохі пачырванеў. Вырвіч разумеў, што яго настаўніка ажно распірае ад жадання прыняць выклік, але ж розуму да канца не адняло ад азарту спрэчкі. Павінен жа палачанін разумець, што палезе зараз на гарачае вуголле — хутчэй за ўсё зганьбіцца, ды яшчэ і скалечыцца. Пранціш нават стукнуў з усяе моцы ботам па назе доктара, так што той ледзь не засычэў ад болю, але стрымаўся і, апусціўшы вочы, прагаварыў:
— Пасля пэўнай трэніроўкі рызыкнуў бы.
— Вы ж разгадалі сакрэт. A fortiori [10] , кволая кабета таньчыць, не баіцца. Давядзіце, наколькі гэта лёгка! Мы яшчэ не прыбралі абсталяванне, — працягваў пацвельваць Лёдніка італьянец.
— Думаю, панства, не варта выпрабоўваць фартуну перад нялёгкай дарогай, — ціха прагаварыў Шрэдэр, і гэта прагучала, як загад. Італьянец пераможна ўсміхнуўся і замаўчаў. Лёднік злосна падціснуў вусны… Але ўсё-ткі адпомсціўся: калі сіньёр Батыста, з іроніяй гледзячы суперніку ў вочы, пацягнуўся ўзяць відэлец, не змог адарваць металёвы прыбор ад стала. Пранціш памятаў, што былы алхімік здатны на такія фокусы: калісьці пан Агалінскі ў Тамашове гэтак жа не змог дастаць з похваў шаблю пад позіркам доктара. Батыста зрабіў выгляд, што нічога не адбылося, прыбраў руку ад відэльца і пацягнуўся за апельсінам. Цяпер вочы доктара пераможна бліснулі, і Пранціш яшчэ раз выцяў яго пад сталом нагой. Хопіць ужо даводзіць вандроўнаму факіру, хто мацнейшы! Вучоны называецца, акадэмік… Дзіва што ўсё жыццё патрапляў у прыгоды. Тым болей у вачах сіньёры Батысты плёскаўся сапраўдны жах, нібыта зараз адбудзецца забойства. Няўжо яна гэтак свайго мужа баіцца? Па вогнішчы таньчыць, жывую змяюку на шыі носіць, і такая палахлівая… Пані павярнулася да мага, які нешта шаптаў ёй на вуха, позірк Пранціша зараз жа адправіўся ў дэкальтэ, бо карункавая хустачка трохі саслізнула. І драгун заўважыў густа прыпудраны сіняк.
10
Тым больш (лац).
Цяпер Пранціш быў упэўнены, што перад ім актрыса са Слуцкага тэатру. Егіпецкую прынцэсу біць не сталі б. У душу аспідам запаўзала расчараванне. Мужычка ў парыку… А ён ужо намроіў сабе… З другога боку, яна жонка графа, значыць, сапраўдная графіня, бо паводле Статута жонка пераймае стан мужа. А з гэтым фанабэрыстым панам Батыстам варта пазмагацца, куртуазныя перамогі шляхціца ўпрыгожваюць.
Вячэра скончылася прачытанай панам Шрэдэрам малітвай, усе, акрамя Батыстаў, зноў апранулі маскі і адправіліся па пакоях. Пранціш так і прыліп вачыма да танклявай грацыёзнай постаці егіпецкай прынцэсы. Нечакана граф затрымаў Пранціша:
— Ваша мосць, я мушу пайсці з панам Гросам, вырашыць важнае пытанне, зрабіце ласку, праводзьце маю жонку.
Самазваная егіпцянка зараз жа працягнула Пранцішу тонкую прахалодную ручку… Лёднік фыркнуў і адправіўся за слугою, які нёс перад ім ліхтар, у свой пакой. А драгун у п’янкім прадчуванні галантна падставіў пані руку і павёў у другі бок. Цені ад свечкі, што гарэла ў ліхтары лёкая, беглі па сценах калідора, завешаных габеленамі, як прывіды закаханых мінулых стагоддзяў, што гэтаксама поўніліся палкіх прадчуванняў, выпраўляючыся на начныя спатканні, гарэзнічалі і дурэлі, утваралі подзьвігі і пракуды дзеля сваіх каханых, але ўсе ператварыліся ў тло, і ў лепшым выпадку засталіся ад іх халодныя парадныя партрэты…
Дарэмна, відаць, драгун вырашыў, што пані Серафіна баіцца свайго мужа. Таму што яна шчодра дарыла свайму кавалеру позіркі і ўсмешкі, і абапіралася на ягоную руку даволі цвёрда. І не адняла сваёй ручкі, якую Вырвіч насмеліўся пацалаваць ля дзвярэй пакоя. Больш за тое…
— Зайдзіцеся да нас на хвілю, — прамовіла таямнічым голасам прынцэса. — Мужа не будзе яшчэ доўга.
Пранціш на нейкае імгненне прамарудзіў — у пастку звычайна заманьваюць менавіта такім ласкавым, шматабяцальным галаском, але калі гэта шляхціц баяўся спакуснага спаткання з прыгожанькай дзеўкай! Гэта ж не з князёўнай Багінскай, калі зайдзі далёка па сцяжынцы Амура — галаву страціш у самым найпростым сэнсе. А з гэтай панечкай, няхай яна на агні таньчыць, Пранціш свайго не ўпусціць… Магчыма, яна проста пазнала гожага нямецкага юнака, з якім перамігвалася калісьці ў Слуцкім тэатры?
У пакоі, не забыўшыся замкнуць дзверы на ключ, пані Серафіна запаліла свечкі ў падсвечніку на сакрэтніку з чорнага дрэва і павярнулася да госця, які не збіраўся траціць час дарэмна і прыабняў пані:
— А ты мяне, мусіць, пазнала…
Прынцэса самую трошачку разгубілася, цень спалоху мільганула ў светла-зялёных вачах:
— Можа, пан нагадае, дзе мы сустракаліся з вашай мосцю? У Парыжы? У Рыме на карнавале?
Пранціш прыцягнуў красуню да сябе і прашаптаў ёй на вушка:
— У Слуцку… У тэатры… Гадоў шэсць таму… Ішла рэпетыцыя… Ты, Міхалішыўна, была на сцэне, з такой выразнасцю і майстэрствам іграла царэўну Наўсікаю, а я сядзеў у зале, і глядзеў на цябе, не адрываючыся… Я пазнаў бы цябе ў любым уборы!