Шрифт:
— Маю для цябе даручэнне, пан Вырвіч. Неадкладна выпраўляйся ў Вільню з вельмі важным лістом. Ne differas in crastinum. [1]
Сэрца Пранціша радасна забілася: у Вільню! Лічы — дахаты… Туды, дзе непадалёк ад Вострай Брамы стаіць дом з зялёнымі аканіцамі, у якім жыве сям’я Лёднікаў, самых блізкіх яму, хаця й не крэўных, людзей, і дзе заўсёды рады пану Вырвічу гербу Гіпацэнтаўр… А як пані Лёднік рыхтуе рубцы з анісам!
Але тут жа варухнулася і падазрэнне: чаго гэта з лістом пасылаюць не веставога, не ад’ютанта, а падхаружага, у якога шэсць шараговых драгунаў у падначаленні і дзяншчык? Ці няма тут крыўды? Пан Малішэўскі хмыкнуў у вусы:
1
Не адкладай назаўтра (лац).
— Не крывіся, пан Вырвіч, не дзьміся. Пасылаю цябе таму, што ты гэтым ранкам адзіны цвярозы з усяе харугвы, па-другое, даручэнне маё таемнае, ліст магу даверыць толькі чалавеку выпрабаванаму, і ніяк не слузе… А па-трэцяе, не крыўдуй, вашамосць, але… — пан Малішэўскі трохі прамарудзіў. — Лепей табе адсюль з’ехаць.
Вырвіч напяўся:
— Чаму?
Пан паручнік круціў у руцэ срэбны кубак з выбітым на ім гербам — вазіў паўсюль з сабою, нібыта спадзяваўся, што адпітае з фамільнага келіха віно засцеражэ ад праліцця свае крыві. Загрубелы ад зброі палец пана абводзіў абрыс ганарыстага аленя з галінастымі рогамі — ніхто з драгунаў не асмельваўся, нават нападпітку, выказаць куртуазную версію наконт паходжання гэткага «рагатага» герба.
— Учорашні двубой наступствы меў нядобрыя, — неахвотна працягнуў пан паручнік. — Не магу асуджаць тваю мосць за празмерную схільнасць да вучоных жартаў, самотніцтва ды ўхіленне ад сяброўскіх бяседаў, але гэта ўсё ж не дадае пану любові таварышаў. Ведаеш, што ўчора пан Свентажыцкі падчас застолля, вочы прадраўшы, пра цябе крычаў?
Пан Малішэўскі кінуў на Вырвіча насцярожаны позірк.
— Што ты — чарнакніжнік, і наслаў на яго слабасць у нагах. І не, не трэба хапацца за шаблю і зноў бегчы абараняць уласны гонар, наўрад пан Свентажыцкі памятае, што ўчора плявузгаў. Але падобныя рэчы западаюць людзям у памяць, і любую дробязь спалоханы розум пачне вытлумачваць перабольшана. Скажы, пан Вырвіч, — паручнік замяўся, апусціўшы вочы на кубак. Склера вачэй у пана была жаўтаватая, на руках — характэрныя плямы, што сведчыла пра нездаровыя ныркі. — Ты ніколі не быў замешаны ў нечым… вядзьмарскім? Пагаворваюць пра тваё блізкае знаёмства з адным такім… віленскім Фаўстам, доктарам-чарнакніжнікам, які золата ўмее рабіць і мёртвых ажыўляць.
Праўду казалі лаціняне, fama bona volat lente et mala fama respente, добрая слава ў кошыку ляжыць, а благая па дарожцы бяжыць.
— Даю слова гонару пану паручніку, што я добры хрысціянін, гэтак жа, як і мой настаўнік, пан Баўтрамей Лёднік, — холадна прамовіў Пранціш. Пан Малішэўскі сумна кіўнуў галавою.
— Веру пану падхаружаму, і болей пытацца не стану. І пра доктара Баўтрамея Лёдніка чуў, і як ён у Полацку за вялікага гетмана біўся, і колькі хворых ацаліў… Нават жонка мая да яго збіралася сынка везці, калі той пакалечыўся, у старую студню зваліўшыся. Нагаварылі ёй пра цуд-лекара, дык кабета гатовая была ўсё майно аддаць, абы лекаваць узяўся, чарнакніжнік ён ці не… Але не паспелі мы нічога, памёр сынок. Божая воля…
Пан паручнік уздыхнуў, адставіў кубак і палез у шуфляду сакрэтніка.
— Вось пану сто злотых на дарожныя спажыткі, вось ліст… І не спяшайся вяртацца, пан Вырвіч. Пагасцюй у Вільні. Магчыма, цябе аб нечым папросіць той, каму ліст завязеш. Калі спатрэбішся, я прышлю па цябе сам.
Вырвіч ледзь стрымліваў гнеў і крыўду. Фактычна, яму ветліва паведамлялі, што могуць адправіць у адстаўку. Але — на каго крыўдаваць? Пан Малішэўскі да яго па-добраму, ратуе ад непрыемнасцяў. Сябе самога трэба вінаваціць. Упадабаў расцвельваць невукаў псеўдафіласофскімі гутаркамі… Самому весела, а дурні ўсё ўсур’ёз прымаюць. І кот з вусамі, а ганяецца за мышамі.
Пранціш ганарыста выпрастаўся, усміхнуўся зухавата.
— Няхай пан паручнік не сумняецца, выканаю як найлепей! А каму перадаць ліст?
— Ягонай мосці, пану суддзі Міхалу Юдыцкаму, асабіста ў рукі.
Пан паручнік пасля нейкі час гадаў, ці яму падалося, ці ягоны падначалены, бясстрашны пан Вырвіч сапраўды збялеў і разгубіўся, калі пачуў адказ на зусім простае пытанне? Але на вуліцы завішчэла нейкая дзеўка, зараўлі п’яныя галасы… І чарадзейны падхаружы вылецеў у пана Малішэўскага з галавы, як злятаюць воляю першага ж ветрыка пухнатыя парушынкі з лысай галавы дзьмухаўца.
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
ДАКЛАД ПРАФЕСАРА ЛЁДНІКА
Зала Віленскай акадэміі была напоўненая вучонымі людзямі, бы куфэрак ліхвяра — чужымі манетамі. Здавалася, ад назапашанай тут мудрасці багавейліва трымціць нават паветра. Праўда, чамусьці да багавейлівасці адчуваўся ладны дамешак зусім іншага пачуцця. Праз высокія вокны шчодра прасявалася святло сонца, не ў змозе пазалаціць строгую вопратку, драўляныя лаўкі ды насцярожаныя позіркі.
— Такім чынам, той шлях, які пазначыў Вязалій, аддаючы перавагу досведу і практычнаму спазнанню анатоміі, аказаўся куды больш плённым, чым шлях Галена, які вывучаў анатомію чалавека на трупах жывёлаў, што не ёсць ідэнтычным.
Голас дакладчыка, высокага фанабэрыстага пана ў чорнай прафесарскай мантыі і акуратным белым парыку, з драпежным носам, цёмнымі пранізлівымі вачыма і пагардлівымі вуснамі, гучаў упэўнена, як у пераможнага вайскаводцы. Хаця слухачы — шмат хто ў чорных сутанах — пазіралі на пана за кафедрай хто з жахам, хто з гневам, хто са шчырым здзіўленнем, як на жаўнера, які адзін бяжыць супраць цэлай арміі, узброены нават не вогненным мячом, а звычайнай шабелькай. Ад некаторых імёнаў, якія называліся, прысутных ажно перасмыкала. Той-сёй дык і жагнаўся. Дакладчык жа захоўваў непарушны спакой. Не звярнуў аніякае ўвагі, і калі цяжкія дубовыя дзверы прыадчыніліся, і ў залу асцярожна ўвайшоў малады драгун, чый русявы чуб зухавата выбіваўся з-пад шапкі, пры левым баку пагрозна паблісквала шабля, а чырвоныя боты нахабна рыпелі і цокалі па каменнай падлозе падкоўкамі. Іншыя вучоныя мужы незадаволена заазіраліся на прыпозненага наведніка, якога аніяк нельга было западозрыць у любові да прыродазнаўчых навук, хутчэй у тым, што зараз утворыць шляхецкага шуму. Але малады чалавек сціпла прысеў на апошнюю лаўку аўдыторыі, каля таксама нечаканых слухачоў — кабеты ў кунтушыку з цёмна-зялёнага шоўку, уздетым на светлую сукню, у парыку, прыкрашаным толькі зялёнай стужкай, і цемнавокага хлопчыка гадоў пяці ў нямецкім касцюмчыку, страшэнна важнага і сур’ёзнага. Па-праўдзе, кабета ў сціплым, але густоўным уборы магла апрануць радно альбо сает з залатой парчы, і аднолькава падавалася б казачнай каралевай. Такую велічную прыгажосць не псавалі нават гады — слухачка была не юнай, але час ад часу на яе тонкі профіль, дасканалыя ружовыя вусны, чорныя бровы, якія ганарыста ўзляталі над нясцерпна сінімі вачыма, аглядаліся і студэнты, і старыя прафесары. Але сінія вочы былі скіраваныя толькі на змрочнага дзюбаносага дакладчыка, які працягваў цвеліць аўдыторыю.