Шрифт:
Вырвіч засмяяўся ўспамінам. Лёднік задумліва пакруціў ліст.
— Баяцца табе цяпер няма чаго. Як Пане Каханку за мяжу ўцёк, Юдыцкі ўплыву мае мала. Да таго ж ягоны стрыечны брат, рэчыцкі суддзя, утварыў бяды — зрабіў наезд на сеймік, дзе яго не хацелі маршалкам выбіраць, людзей пасек. Каб яго схапіць, расейскія войскі запрасілі. Дык узялі пана толькі ў радавой усыпальніцы — сядзеў на труне прадзеда з двума пісталетамі. Цяпер, кажуць, на расстрэл асудзілі — надта ўсё жорстка і беззаконна, ніхто не заступіўся. І наш Юдыцкі ад брата паспяшаўся адрачыся: маўляў, хоць і скруха на сэрцы, але пан-брат сам вінаваты, закон парушаць нельга. Такія, як суддзя, ворагаў і сяброў мяняюць, бы модная паненка кавалераў. Ты ведаеш, што ён яшчэ ў мінулым годзе да мяне на прыём прыходзіў?
Вось табе на! Вырвіч успомніў, як Лёднік, едучы ў турэмнай карэце на расправу, «прыпёк» Юдыцкага дыягназам, што ў таго пячонка не ў парадку, і мужчынскай сілы няма.
— Ну і як, вярнуў суддзі мужчынскую сілу?
Доктар нават не пасміхнуўся.
— Прабач, пан Вырвіч, але лячэнне пацыента — справа між ім і доктарам.
Пранціш аж пачырванеў. Вось зануда гэты былы алхімік… Мала, што лечыць колішняга смяротнага ворага, дык яшчэ ад найбліжэйшага свайго сябра падрабязнасці хавае.
— Адзінае — калі Юдыцкі пачне ў які закалот намаўляць, не лезь! — задумліва прамовіў Лёднік. — Пане Каханку зараз у эміграцыі, але ж сувязь тут мае ўвесьчасную. Чуў, можа, што на гузіках ягоных быў выціснены дэвіз — «Fiducia amicorum fortis», моцны вернасцю сяброў?
— Але не жончынай, — зласліва зазначыў Пранціш. — Пані Тарэза з Ржавускіх за мужам у выгнанне не паехала, на балях у Панятоўскага скача, каралю амуры строіць. А атрыманыя ад Радзівіла лісты ў каралеўскім палацы ўслых зачытвае, каб усе пасмяяліся.
Лёднік уздыхнуў.
— Што ж, дзе густа, дзе пуста. Мне расказвалі, што ў гэтай пані ў спачывальні вісіць жалезная клетка, куды яна садзіць ворагаў — каб цешыцца іхнімі стогнамі ды крыкамі, зусім як князь Геранім Радзівіл. Нездарма Пане Каханку ад жонкі ў кляштары хаваўся. Затое альбанчыкі, сябры радзівілаўскай банды, маёнткі пана ў арэнду бяруць, пільнуюць, прыбытак пану пасылаюць… Так што Радзівіл пусціў чутку па ўсёй Еўропе, што ў яго маецца неразменны залаты дынарый памерам з жорнаў. Патоцкія і Браніцкія таксама лезуць смаліцай у вочы, пра карону мараць. І Панятоўскаму яшчэ доўга давядзецца за моц свайго трону змагацца. А грошай у яго на гэта няма.
Вырвіч здзівіўся.
— Як гэта — у караля ды грошай няма!
Васковы чалавек з адзіным вырачаным вокам дакорліва глядзеў на Лёдніка, сына полацкага гарбара, які разважаў пра палітыку без усялякай трапятлівасці.
— Тое, што шляхцюку — гара залатая, каралю абакрадзенай дзяржавы, які хоча рэформаў — каціныя слёзы, — стамлёна гаварыў Лёднік. — Сам падумай: прыбыткі ад партоў, капальняў ды падаткаў ідуць толькі на дзяржаўныя патрэбы. Уласных жа маёнткаў у караля паменела, дый ладу ў іх няма. А расейцы, хоць зброяй падтрымаюць, рэформы фінансаваць не стануць. Нашто ім добрыя законы ды моцная эканоміка ў дзяржаве, якую яны зжэрці збіраюцца? Вось, прызначыў Цялок сябрука, Антона Тызенгаўза, адміністратарам сваіх уладанняў, а той узяўся люстрацыі, рэвізіі зямельныя, праводзіць. А ты ўяві, колькі каралеўскіх земляў патрошку паадразалі сабе ўсялякія! Так што незадаволеных нават па гэтым будзе шмат. Дысідэнцкае пытанне таксама так проста не вырашыцца…
— Дык расейцы ж уціск праваслаўя галоўным злачынствам абвяшчаюць, а ягоную абарону — сваёй галоўнай задачай! — нагадаў Пранціш. — Мяне ў харугве за тое, што я не каталік, ледзь у расейскія шпегі не запісалі.
Лёднік цяжка ўздыхнуў.
— Разанцаў распавёў мне па сакрэце, канцлер Панін гаварыў, што не варта асабліва пашыраць тут правы пратэстантаў ды праваслаўных — бо сяляне з Расіі пачнуць збягаць. Патрэбна толькі з дысідэнтаў партыю, прыхільную імперыі, стварыць. Нікому насамрэч справы няма, добра нам ці блага жывецца. А тут, што ў Кароне, што ў Літве — нават у адной партыі няма згоды. Кароль марыць скасаваць ліберум вета, ягоныя дзядзькі Чартарыйскія баяцца з гэтае нагоды страціць сімпатыі шляхты… Пане Каханку з-за мяжы прыхільнікаў вярбуе… Карацей, на гэтым тле такія можна закруціць інтрыгі, што край крывёй зальецца. Заўтра пойдзеш да Юдыцкага — будзь асцярожны.
— Што ты мяне за дурня маеш? — пакрыўдзіўся Пранціш. — От зараз пану суддзі душу пачну адкрываць, як куфры са старымі кілімамі, ажно моль паляціць. І ўвогуле — як ты з гэтым расейскім графчыкам-баярынам так сышоўся? Не б’ецеся за палітыку?
Лёднік паціснуў плячыма.
— Разумны чалавек заўседы будзе паважаць перакананні іншага. А наконт баярына ты не маеш рацыі. Бацька Міхайлы простым купцом быў, яго цар Пётр Першы дваранінам зрабіў, у Галандыю вучыцца паслаў. І Міхайла ўсяго дамогся без пратэкцыі, уласным розумам.
Вось яно што… «Новыя дваране» — балючая тэма і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Расеі. Лёднік са сваім «свежым» шляхецтвам не быў выключэннем — яшчэ ў 17 стагоддзі, пасля Гадзяцкае уніі, шляхецтва ад сойму Рэчы Паспалітае атрымалі некаторыя камандзіры сялянскіх атрадаў, якія біліся з маскоўцамі. Напрыклад, Мурашкі, Драні, што ў шляхоцтве зрабіліся Дранеўскімі. Але шмат было і тых, хто яшчэ «за Сасамі» проста купляў патэнт набілітацыі, ці выслужваўся не вайсковым подзвігам, а фаварыцтвам. А Панятоўскі, відаць, маючы на ўвазе прыклад Пятра І, шчодра надаваў шляхецтва невысакародным саслоўям, вядома, спадзеючыся прыдбаць сабе верных прыхільнікаў.