Шрифт:
У галоўныя дзверы пачалі калаціць чымсьці цяжкім, як бервяно.
— Бутрым, я не пакіну цябе! — выкрыкнуў Пранціш. — Што за глупства — ты што, адзін збіраешся стрымаць цэлае войска?
— Ды не бойся, там мой сябар, граф Міхайла Разанцаў, я пазнаў ягоны голас, дамоўлюся як небудзь, час пацягну, — нудна прагаварыў Лёднік, падыйшоў блізка да пана Караля Рыся і нешта зашаптаў яму на вуха. Той пачціва пакланіўся, раптам рашуча схапіў Пранціша за параненую руку і выкруціў яе… Вырвіч ускрыкнуў ад болю, у вачах заімглілася… Так, што ўсвядоміў, што яго ганебным чынам нясуць, як мяшок, толькі тады, калі над галавой была не каменная столь, а шэрае ліцвінскае неба.
Пан Рысь асцярожна паставіў драгуна на напоеную дажджыма і спалоханую блізкімі замаразкамі зямлю, падтрымаў за плечы:
— Ісці самі зможаце, ваша мосць? А то ваша рана адкрылася, выбачайце… Але пан Баўтрамей папрасіў так зрабіць, сказаў, што адзінае, што ён просіць — вывесці вас.
Вакол былі дрэвы — сосны, пахіленыя на адзін бок, бо іх карэнні падмывала рачулка, голыя пруты ляшчыны. Непадалёк шарэў будынак гарадской лазні. Самая ўскраіна Вільні, далей ціснуліся хаціны беднаты прадмесця.
Вырвіч адчуў, што па шчоках коцяцца пякучыя слёзы, але яму зусім не было сорамна за гэта. Сорамна было за іншае… І пану Рысі, падобна, таксама, бо і ён плакаў, адвярнуўшы твар з чорнымі, як прыклеенымі, вусамі.
— Як вы маглі кінуць яго аднаго! Я вас заб’ю! І езуітаў гэтых падлючых — таксама! Яны яго атруціць хацелі, а ён жыццё паклаў з-за іхніх інтрыгаў!
Вырвіч не мог крычаць — бо горла пераціскала ад гора і гневу… Пан Рысь скрушна ўздыхнуў:
— Даю слова, што калі адважны пан Лёднік загіне, дазволю Вашай мосці пакараць смерцю й мяне. Але спачатку даю слова, што калі ён застанецца жывы — а я ў гэтым упэўнены, бо, нават калі пачнецца бойка, яго абавязкова захочуць узяць жывым, каб дапытаць — мы яго выратуем! Слова гонару! Нічога не пашкадую…
Пан Рысь памаўчаў, паглядзеў на зусім зняможанага Пранціша:
— А студэнтаў усіх удалося вывесці… Бо ніводзін жаўнер не выйшаў за намі з залы, пакуль апошні з нас не прайшоў сутарэнні і мы не падалі дамоўленага знаку. Як пану Лёдніку ўдалося іх затрымаць? Можа, сапраўды дагаварыліся мірна, як дэкляраваў доктар?
Вырвіч горача захацеў, каб менавіта так і сталася. Доктар жа разумны, ён жа і збіраўся загаварыць зубы нападнікам, прадухіліць сутычку…
Дождж сыпануў халодныя слёзы, але каго ён аплакваў — наўрад сам ведаў.
Што рабілася ў тую злавесную нядзелю ў зале вучонай рады, было пасля апісана не раз, і ва ўсіх падрабязнасцях. Так што даведаўся ў свой час і Пранціш Вырвіч.
Калі дзверы зламалі, і паперадзе жаўнераў забег граф Міхайла Разанцаў, перад ім было нечаканае відовішча: пустое, як трэснуты збан, памяшканне, а на краі бліжняй да дзвярэй лаўкі, у праходзе, сядзеў прафесар Баўтрамей Лёднік, стамлёна абапершыся абедзьвума рукамі на дзяржальна аголенай шаблі, упёртай у падлогу. На худым дзюбаносым твары прафесара люстравалася сусветная туга з дамешкам лёгкай грэблівасці, вопратка была ўпэцканай, і боты па самыя халявы ў гразі, чорныя доўгія валасы звісалі неахайнымі пасмамі… Мала падобнае да прафесарскага аблічча.
— Варфаламей! Што ты тут робіш? А дзе… ўсе? — разгублена папытаўся Разанцаў, даючы свайму войску знак затрымацца.
Лёднік не зварухнуўся.
— Я выконваю свой доўг, Міхайла. Дысцыпліну падтрымліваю. Сабраліся тут студыёзусы ў карты гуляць, давялося паганяць іх.
— У карты? — у голасе Разанцава з’явіліся саркастычныя ноткі. — Ці ў іншыя, небяспечныя гульні? Дзе змоўшчыкі?
— Ваша мосць граф, яны праз тыя маленькія дзверы выбеглі! Чуеце, там тупочуць! — закрычаў нехта з жаўнераў, але калі Разанцаў ступіў крок наперад, Бутрым падняў галаву і цвёрда прамовіў:
— Прабач, сябар, але я не магу даць вам туды прайсці.
— А ты навошта ў гэта ўлез, Варфаламей? — з горыччу спытаў Разанцаў. — Нашто табе змовы магнатаў, езуітаў, каталікоў? Ты ж праваслаўны, вучоны! Жарты скончыліся… Адыдзі!
Вучоныя мужы паглядалі з партрэтаў так абыякава, быццам у іхнім жыцці ніколі не было ні болю, ні нянавісці, ні здрады… Ні пакутлівага выбару: адысціся ўбок і атрымаць спакойнае і шчаслівае жыццё, ці рызыкаваць за такое плыткае паняцце, як гонар, каб не мець нават удзячнасці. Лёднік устаў і скіраваў шаблю насустрач былому аднакурсніку.
— Прабач, не магу…
— Хопіць! — угневаўся пан Міхайла. — Хочаш, каб цябе зараз на кавалачкі пасеклі? За бунтаўнікоў, разбойнікаў, якія цябе ж за чалавека не лічаць?
— Гэта ўсяго толькі юнакі, — цвёрда сказаў Лёднік. — Таленавітыя, шчырыя, палкія, соль, рошчына любой нацыі… Я не магу дазволіць іх знішчыць. І я не хачу забіваць ні цябе, ні тваіх жаўнераў. Давай скончым ладам — не было тут ніякай змовы, я разагнаў гульцоў у карты…
Жаўнеры за дзвярыма раздражнёна гулі, не разумеючы прычыны затрымкі.