Вход/Регистрация
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

У Акадэмію доктар заляцеў, як чорны віхор, і адразу кінуўся ў кабінет да рэктара. Пранціш, абліваючыся потам, бег следам, перад вачыма мітусіліся залатыя пчолкі.

А ў калідорах і аўдыторыях пуста, як у каморы пасля каляднага карнавалу… Можа, зманіў Батыста?

Рэктара не было на месцы, знайшоўся толькі намеснік, паўнаваты ўсмешлівы пан, знаўца рыторыкі. Прарэктар, калі выслухаў упэцканага і знерваванага прафесара, збялеў, як варанае яйка.

— Яны там… У зале, дзе вы рабілі даклад… Пан Рысь, ксёндз Марэк… І студэнтаў з сотню, але ўсе правераныя, рэкамендаваныя! Што рабіць? Калі іх тут схопяць — Акадэмію могуць зачыніць!

За зашклёнымі дзверцамі шафы стаялі кнігі па юрыспрудэнцыі — не так даўно гэтую свецкую навуку ўпусцілі ў акадэмічныя муры.

— Вы лепш думайце пра лёс маладых людзей! — раўнуў Баўтрамей. — Іх жа перастраляюць, як куранятаў! А хто выжыве, пасадзяць — і хто быў, і хто не быў. Ключы ад маёй лабараторыі ў каго?

Прарэктар трошкі памарудзіў, потым моўчкі палез у шуфляду стала, пабразгаў там жалеззем і дастаў звязку розных ключоў памерам з добрую вінаградную гронку.

— Ваш — вось гэты, з самай доўгай бародкай… А ад сутарэнняў — з шышачкай…

Паколькі ў начальства аказаліся ўсе ключы, было зразумелым, як у свой час з таемнай лабараторыі Лёдніка знікалі некаторыя каштоўныя рэчы, а менавіта лялька-аўтамат па імені Пандора, і якім чынам рабіліся рэгулярныя ператрусы ў крамольнага прафесара.

— Дзякую, калега, не сумняваўся, што ад вас ніякіх таямніцаў у акадэміі не захаваеш, — не прамінуў з’едліва азвацца Бутрым. — Паспрабуем маладых вывесці такім шляхам.

— Думаю, мне лепей застацца тут… — адвёў вочы прарэктар. — Вы ж разумеце, пан Лёднік, што ў інтарэсах Акадэміі трэба, каб кіраўніцтва не было замешанае… А вось каб вы, калега, узялі на сябе перагаворы!

Знаўца рыторыкі лісліва ўсміхнуўся.

— Вы ж чалавек аўтарытэтны, ваша мосць, з Рапніным і Разанцавым сябруеце! Перастрэньце тых, хто прыйдзе арыштоўваць студэнтаў, патлумачце, што юнакі ўсяго ў карты гулялі, што не было закалоту… Вам павераць!

— Усе мне давер аказваюць, — гнеўна адказаў Лёднік, — Толькі пасля чамусьці ў аддзяку хочуць забіць!

І шпурнуў на стол ліст ад Шрэдэра.

— Спадзяюся, хаця б мае вучні не пацерпяць ад такога даверу!

Ясна, што дапамогі тут не дачакацца, і акадэмікі дружненька запэўняць улады, што нічога не ведалі, студыёзусы самі па сабе сваволілі…

Калі Лёднік, як з шыбеніцы сарваўся, уляцеў у залу вучонай рады, у дарожнай вопратцы, зарослы чорнай шчэццю, а побач быў яшчэ Пранціш з рукой на перавязі, студэнты ў жаху расступіліся, пан Рысь падавіўся ўрачыстым словам, а той-сёй і схапіўся за шаблі.

Тая самая зала, куды харужы Вырвіч з’явіўся, каб паслухаць блюзнерскі даклад прафесара Лёдніка пра крывезварот у арганізме чалавека. Цяжкія лаўкі, высокія скляпеністыя вокны… Вунь там сядзела пані Саламея з малым Алесікам… Там — выкрыкваў свае рэплікі граф Міхайла Разанцаў… А за кафедрай стаяў фанабэрысты прафесар.

За кафедру ён і стаў зноў, сагнаўшы агаломшанага пана Рыся. Лёднік быў па — прафесарску лаканічны, абмалёўваючы сітуацыю. Твары студэнтаў паказвалі гнеў, расчараванне, а часам і страх — юнаку можна адчуваць страх, бо толькі ў ягоным пераадоленні выспявае сапраўдны вой. Вядома, спрабавалі крычаць, што зараз пачнуць біцца — розум не кулеш, у галаву не ўвальеш, але прафесар быў як вопытны вайскаводца і некалькімі словамі суцішыў бунт. Далучыўся і ксёндз Марэк, жыццярадасны таўстун, які выдатна ўмеў натхняць моладзь на патрыятычныя дзействы, але разбіраўся і ў палітычных кампрамісах. Пераможныя бойкі — наперадзе. А пакуль — разумны манёўр дзеля ўратавання вайсковага патэнцыялу і роднай альма матэр. Хто ж будзе вучыцца ў акадэміі Пане Каханку, калі ўсе тут палягуць, не стаўшы кадэтамі? А за таемнай лабараторыяй Лёдніка пачынаўся шлях у сутарэнні, якія вялі за межы ўніверсітэту, ажно да каралеўскіх стайняў.

Ксёндз адамкнуў дзверцы насупраць галоўнага ўваходу ў залу, справа ад кафедры:

— Ціха! Выходзім моўчкі! Бог нас абароніць!

І тут у дзверы залы грукнулі. Пачуўся ўладны голас:

— Адчыніце імем караля!

— Не паспеем… — схаладнеў Пранціш. Лёднік стамлёна перадаў ксяндзу Марэку ключы.

— Паспееце… Давай, Пранціш, ідзі! Ты ведаеш усе хады-выхады…

Студэнты адзін за адным знікалі ў вузкім ходзе. Пан Рысь падскочыў да Лёдніка:

— Давай гасцей пасячэм на капусту!

Прафесар сумна пахітаў галавою.

— Паверце, тут будзе дастаткова войска, каб перабіць усіх. І Акадэмію зачыняць… Нават калі проста вас тут пабачаць, пан Рысь — адразу выявіцца сувязь з князем Радзівілам. Закалот, антыдзяржаўная змова… Расейцам толькі таго і трэба! Падставы ўмяшацца. Можа пачацца сапраўдная вайна! Колькі народу бязвінна і дарэмна загіне… А так — сабраліся студэнты ў карты гуляць, а я іх разагнаў. І акрамя ўсяго — можа, яшчэ атрымаеце сваю бойку, калі на юнакоў нападуць па дарозе. Ну, хутчэй жа сыходзьце!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: