Быкаў Васіль
Шрифт:
Брытвіна ўсё не было, а Даніла, аказваецца, болей не спаў — ціха паляжаў колькі хвілін і глуха абазваўся:
— Чаго яны там?
Сцёпку здалося, што ён гэта спрасоння, але Даніла, услухоўваючыся, уважліва глядзеў у сасоннік.
— Хто?
— Ды вараннё. Схадзіць, можа людзі…
Сапраўды, усё ў тым жа месцы ў гушчары чулася птушыная валтузня, часам кароткі лопат цяжкіх варонніх крылаў; недзе ля таго ж месца засакатала сарока — пэўная адзнака ляснога неспакою, калі не трывогі. Сцёпка ўстаў і з вінтоўкай у руках паціху палез у гушчэчу.
Яшчэ здаля ў кустоўі адчувалася прысутнасць, апроч варання, і яшчэ некага, хоць наўрад ці тут мог быць хто жывы. А вароны ўсё капашыліся, адны ўзляталі на верхавіны сасонак, іншыя адтуль важка ападалі ўніз. Сцёпка падабраў ламачыну і шпурнуў у птушыны гам.
— Кыш вы, праклятыя!
Вароны неахвотна падхапіліся з зямлі, залапатаўшы ў галлі крыламі, але далёка не паляцелі: адны пачалі кружыць наўкола па-над узлескам, другія, нездаволена пракаркаўшы, апускаліся паблізу на сасоннік. Сарока засакатала мацней і трывожней, але гэта ўжо на яго. Сцёпка расхінуў сасновыя лапкі і з непрыемнасцю спыніўся, апанаваны не страхам, а нейкаю нерашучасцю.
Між сасонак на іглістым доле, з якога сям-там прабіваліся жоўтыя іскрынкі кураслепу, ляжаў чалавечы труп. Тут жа таптаўся вялізны груган.
— Кыш!
Гурган неахвотна азірнуўся, пераступіў і, пругка адштурхнуўшыся жылістымі лапамі, замахаў крыламі.
— Карррр, каррррр…
Сцёпка, зацяўшы дыханне, падступіў бліжай: труп быў даўні, мабыць, зімовы ці нават леташні, нейкі пляскаты, бы ўтаптаны ў зямлю. Вопратка на ім, адчувалася, амаль струхлела. Хлопец нядоўга паразважаў, шукаючы адказу на адзінае цяпер пытанне: хто — свой ці чужы? — як раптам згледзеў пад нагамі ў траве невялікі шэра-зялёны лапік. Тады ён ступіў да яго і падняў — то была чырвонаармейская пілотка, сухая і нават пыльная з аднаго і сыраватая з другога, ад зямлі, боку. Увогуле, яна была ўжо нікчэмная, апроч хіба чырвонай эмалевай зоркі, пад якой рудзела невялікая плямка ржы. Сцёпка заглянуў над клапаны, там аказалася ўваткнутая ў падклад іржавая іголка, абматаная чорнаю ніткаю. Хлопец выдзер зорку, а пілотку кінуў.
Ідучы ўгору, туды, дзе застаўся Даніла, ён думаў, што зорку трэба пачысціць ад іржы, і тады можна будзе прымацаваць да шапкі, а то за год партызанства ён так і не прыдбаў сабе ніякіх вайсковых адзнак. Зрэшты, не шмат іх было і ў іншых.
Даніла сядзеў на сваім кажуху і, мусіць, чакаў, углядаючыся ў яго бок. Сцёпка махнуў рукой і паказаў знаходку. Даніла адразу выцягнуў шырокую, у валассі руку.
— Ану…
— Цэленькая, камандзірская, пэўна.
Узяўшы зорку, Даніла нейкі час з цікавасцю пакруціў яе ў руках.
— Да, гэта сама… Харошая звяздэчка.
I, нічога не кажучы болей, на вачах у хлопца сунуў яе ў кішэню сваіх суконных, густа залапленых штаноў.
— Гэта ж мая! — разгублена сказаў Сцёпка.
Даніла выскаліў доўгія пракураныя зубы:
— Гы! Была твая, стала мая.
— Ты што? Аддавай!
Але Даніла, як і раней, нязрушна сядзеў на сваім кажусе і толькі нахабнавата ўхмыляўся маленькімі сярод чорнага дрымучага касмыцця вачмі.
— Давай! — крыкнуў Сцяпан.
— А не крычы. Вунь камандзір ідзе.
Сапраўды, збоку ад іх над растапыранымі галінамі сасонак з’явілася галава Маслакова.
— Тоўкач, сюды!
— Давай! — з апошняй рашучасцю патрабаваў Сцяпан, але тут жа зразумеў, што марна, і, сцяўшы ў сабе крыўду, падаўся да Маслакова. — Ну, пачакай!..
Маслакоў ужо быў павярнуўся, каб ісці, як ззаду, хапаючы кажух, сумку і абрэз, падхапіўся Даніла.
— Таварыш камандзір, чакайце!..
Не цямячы, у чым справа, камандзір спыніўся, сышоў ніжэй да партызана, і калі Сцёпка, пастаяўшы, таксама вярнуўся да яго, Маслакоў ужо прымацоўваў на шапку тую ягоную зорку.
— Ну, дзякуй. А дзе ўзяў?
— Ды вунь Тоўкач падарыў,— хітра жмурачы шчылінкі-вочы, нявінна сказаў Даніла.
«От падла!» — падумаў Сцёпка, але не сказаў нічога. Для Маслакова зоркі яму было не шкада — Маслакову ён аддаў бы і шапку. I тым не менш хлопцу стала чагосьці няёмка і — галоўнае — крыўдна.
8
Бралася на змярканне, у хвойніку прыкметна цямнела, неба скрозь засцілалі аблокі, некалькі кропель упала на шыю і рукі — відавочна збіраўся дождж. Першы вясновы дождж, не халодны і не ветраны; яму, помніцца, некалі радаваліся людзі, бо пасля ўсё навыперадкі зелянела, аж шапацела, пускаючыся ў рост.
Цяпер жа, аднак, дождж не радаваў, здаецца — наадварот, нават устрывожыў іх камандзіра трупы. Усё ў тым сасонніку Даніла са Сцёпкам узышлі на верх выспы і следам за Маслаковым апусціліся на калені пад крайняю ад прагаліны хвойкай. Побач сядзеў Брытвін і нерухома глядзеў кудысь між хваёвага голля.
Там была дарога і мост.
— Ну што? — ціха спытаў Маслакоў.— Не відаць?
— Ні чарта не разбярэш. Каб бінокль…
Яны ўсе стаіліся, углядаючыся туды, дзе святлявая стужка дарогі, вынікшы з сасонніку збоку ад гэтае выспы, бегла па невысокім на лужку насыпе да моста — доўгага шэрага збудавання з бярвення, што выглядала адсюль, нібы агромністы чарвяк, які споўз з дарогі ў ваду і спыніўся.