Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Сцёпка другі раз скалануўся і вылаяўся, злосна тузануў за аброць. Ён падышоў ужо ўпрытык і рукой ухапіўся за мокры цвёрды хрыбет, ды конь крутануўся задам, не даючыся. «Ах ты, падла!» — сцішана вырвалася ў хлопца злосна-роспачнае, як праклён. Не выпускаючы вяроўкі, ён ўжо болей рашуча аберуч ухапіўся за хрыбеціну, але скочыць зноў не паспеў — конь матлянуўся ўбок.

I тады ззаду ён пачуў глухаватыя, як удары ў зямлю, штуршкі нечых крокаў.

— Хто гэта? — пачулася страхавіта-пагрозлівае. — Што ты робіш?

Сцёпка адскочыў ад каня, але вяроўкі не выпусціў, толькі правай рукой за ствол саўгануў з-за спіны аўтамат. Тут жа ён зразумеў, што аўтамата можна было не чапаць, — да яго бег нехта адзін: невялічкі, у расхрыстанай адзежыне чалавек, босы, як гэта ён адразу пазнаў у змроку па тонкіх, з падкасанымі штанамі нагах. Не адказваючы, Сцёпка счакаў, пакуль той, запаволіўшы бег, нерашуча падыходзіў да яго.

— Куды вы бераце? Гэта мой конь.

Па голасе Сцёпка канчаткова ўпэўніўся, што гэта падлетак, і зноў адчуў сябе амаль спакойным і ўпэўненым. Ён падумаў, што зблізку выгляд яго і асабліва зброя дадуць хлопцу ўсё зразумець без роспытаў.

— А ты хто? А ну падыдзі бліжэй!

Хлопец не дужа рашуча падышоў і спыніўся трошкі воддаль, ва ўсёй сваёй постаці тоячы боязь і недавер. Конь з высока ўзнятай галавой уважліва глядзеў на гаспадара, нібы не цямячы, што тут адбываецца.

— Гэта мой конь. Не бярыце, дзядзька, майго каня.

Сцёпка пацяг за вяроўку, конь нехаця пераступіў, і ён падышоў бліжэй да хлопца.

— Дзе калёсы?

— Калёсы? Дома.

— А дом дзе?

— Дом? Ды вунь за аселіцай.

— А хто дома ёсць?

— Дома мама і бабка.

— А паліцаі ў вас ёсць?

— Ну, ёсць…

Хлопец, мусіць, нешта ўжо зразумеў і ціха стаяў у намоклым, з чужога пляча пінжачку, пакорліва чакаючы ягоных пытанняў. Сцёпка, аднак, падумаў, што калёсы, мабыць, не прыйдзецца браць — Як-небудзь абыдуцца канём, а то налезеш яшчэ на паліцыю. Паглядзеўшы, куды паказваў хлопец, Сцёпка здагадаўся, што тая чорная града непадалёк, якая здалася яму лесам, была вёска, дрэвы, сады: на краі ўгадвалася шэрая святлявая пляма — мусіць, новая страха нейкай будыніны.

— Каня аддамо, — сказаў ён. — Праз пару дзён толькі.

Хлопец, аднак, бадай зусім ужо асмялеў і, ступіўшы на крок бліжэй, запярэчыў:

— Дык нельга мне без каня. Я малако важу.

— Ну, знаеш! Ты малако возіш, а нам трэба чалавека ратаваць. А ну падзяржы свайго злыдня!

— Ды не бярыце, дзядзька, далібог, не хлушу: неяк мне без каня! — запрасіўся хлопец, аднак узяў каня за аброць і прытрымаў. Сцёпка грудзьмі скочыў на конскі карак і з прыемнасцю ашчаперыў нагамі цёплыя бакі.

— Дзядзька, партызаны не робяць гэтак!

Сцёпка тузануў быў за вераўчаны повад, конь паслухмяна павярнуў у патрэбны бок, ды раптам хлопцава нявыкрутка ці можа ягоны папрок нешта кранулі ў Сцёпку.

— Ну, вось што… Айда з намі,— сказаў ён. — Завязём куды трэба і аддамо. Заўтра дома будзеш.

10

Па лесе яны прабіраліся пехатой абодва, ведучы каня на повадзе. Мясціну гэтую падлетак ведаў, ён адразу ж знайшоў сцяжыну на ўзроўку і, расхінаючы рукамі мокрае вецце, упэўнена вёў Сцёпку з канём.

Мусіць, было за поўнач. Ноч яшчэ паглушэла, лес стаіўся, нават не стала чутна шастання кропель, толькі роўна тупалі ззаду конскія капыты, ды ў голлі, спуджана залапатаўшы крыламі, часам кідаўся прэч які-небудзь патрывожаны імі птах. Аднак у лесе па-ранейшаму было мокра, няўтульна і трывожна; дрыготкая золкасць нябачным воглым туманам распаўзалася між кустоў.

Сцёпка настойліва цягнуў за сабой каня, які, аднак, не дужа ахвотна ішоў за чужым. Вядома, каня лепш было б аддаць падлетку, але хто ведаў, што ў таго ў галаве. Зноў жа, у парасніку некалькі часу назад Сцёпка пачуў пах дыму, і гэта пачало яго крыху трывожыць. Добра, калі палілі Брытвін з Данілам, а калі хто чужы? Такое суседства, вядома, не падабалася, і ён трывожліва ўглядаўся ў туманны змрок рова, каб не спазніцца ўбачыць агонь. Ён і сапраўды яго хутка ўбачыў — праз хмызняк кораценька бліснула чырвоная плямка і знікла. Спыніўшыся на момант, Сцёпка падумаў, што, здаецца, гэта яны.

Сапраўды, на краі той самай невялічкай прагаліны ля ручая бліскала маленькае цяпельца, ля якога памалу варушылася сутулаватая постаць у ватоўцы. Учуўшы іх на ўзроўку, постаць крута павярнулася і на хвіліну знерухомела, узіраючыся ў змрок. Але яны ўжо лезлі па схіле ў роў і Сцёпка сцішана прыкрыкнуў на каня, які страхавіта сунуўся на падкурчаных задніх нагах, дзеручы капытамі зямлю. Абое яны з хлопцам прытрымлівалі яго за аброць і хутка спусціліся, збегшы да самага вогнішча.

Брытвін паправіў на плячах нейкую ватоўку і адступіў убок, гойдаючы ззаду, па кустоўі, хісткі змрочны цень.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: