Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Камандзір палка са стоенай злосцю абвёў позіркам камандзіраў у траншэі.

— Лейтэнант Маркін!

— Я вас слухаю, — адклікнуўся зводдаль начальнік штаба.

— Камандуйце батальёнам!

— Ёсць! — не вельмі ўпэўнена адказаў Маркін.

— Навесці ў батальёне парадак і атакаваць вышыню. Да трынаццаці ноль-ноль далажыць аб узяцці. Ясна?

— Ясна! — упалым голасам выціснуў Маркін, і Валошын адхіснуўся ад сценкі.

— Якім гэта чынам ён яе возьме да трынаццаці? — бесцырымонна ўмяшаўся ён ужо не ў сваю справу. — Вунь на суседняй немцы. Яны б’юць батальёну ў фланг і спіну. Спярша трэба ўзяць вышыню «Малую».

Камандзір палка змераў яго амаль ненавісным поглядам.

— Якім чынам узяць вышыню? Магу параіць. Выстраіць батальён і сказаць: бачыце вышыню? Там будзе абед. У абед туды прыязджае кухня. I возьмуць!

— Таварыш камандзір палка! — пачуўся рашучы голас з дальняга канца траншэі.

Усе са здзіўленнем павярнулі галовы ў бок незнаёмага маёра, які, дзіўна заварушыўшы плячыма пад запэцканым паўшубкам, сказаў:

— Таварыш камандзір палка. Адну хвілінку… Я не згодны!

«Цікава, з чым ён не згодны, гэты конскі доктар?» — міжвольна падумаў Валошын. Аднак ветэрынар, астматычна сапучы грудзямі, ужо праціскаўся па траншэі бліжэй да камандзіра палка.

— Я не згодны са зняццем камандзіра батальёна.

— Вы? — здзівіўся Гунько. — Хто вы такі?

— Я ўпаўнаважаны штадыва, маёр ветэрынарнай службы Казькоў.

«Во як?» — зусім ужо недаўменна падумаў Валошын, які зусім не разлічваў на чыю-небудзь абарону, і цяпер заступніцтва гэтага ветэрынара з’явілася ўсё ж прыемным для яго суцяшэннем.

— Ну і што? — холадна кінуў камандзір палка. — Ну і што, што вы ўпаўнаважаны? Камандзір батальёна не забяспечыў выканання баявой задачы, вось я яго і адхіляю ад пасады. Дарэчы, з ведама камандзіра дывізіі.

— Вы памыляецеся! — рэзка сказаў маёр. — Я быў у батальёне і бачыў усё сваімі вачамі. Камандзір батальёна дзейнічаў правільна.

— Многа вы разумееце! — сказаў камандзір палка. — Тут я гаспадар, і я прымаю рашэнні. Вось са сваім намеснікам. Маркін!

— Я, таварыш маёр!

— Выклікайце камандзіраў падраздзяленняў, стаўце задачу!

— Ёсць выклікаць камандзіраў падраздзяленняў! — як рэха, адгукнуўся Маркін, і гэты яго паслухмяны адказ, нібы вядро сцюдзёнай вады, вярнуў да Валошына адчуванне няўхільнай рэальнасці.

У адно імгненне і з усёй выразнасцю ён зразумеў, што вось зараз ці, можа, праз некалькі хвілін стараннасцю гэтага паслухмянага Маркіна будзе канчаткова пагублены яго батальён. I каб не дапусціць гэтага, ён ухапіўся за апошні свой аргумент, іншых довадаў у яго не засталося.

— А снарады для батарэі нам выдзелены? Батарэя сядзіць без снарадаў, хто падавіць іх кулямёты? — злосна загаварыў ён, з адкрытай варожасцю гледзячы ў вочы камандзіру палка.

— Снарады я вам не раджу! — сказаў той. — Няхай іх лепш пашукае ў сябе камандзір батарэі.

— Батарэя — не снарадны завод, — цвёрда сказаў ззаду Іваноў.— Усё, што было, я ўжо выпусціў.

— Так ужо і ўсё?

— Да апошняга снарада. Можаце праверыць. Настала пакутная паўза. Камандзір палка заклапочана паглядзеў у бакі, але тут жа хутка ўспомніў:

— Раз няма снарадаў, то — па-пластунску! Па-пластунску зблізіцца з праціўнікам і гранатамі закідаць траншэю. Зразумелі?

— Так точна! — з гатоўнасцю, хоць і без жаднага ўздыму паўтарыў Маркін.

— Гранаты ў байцоў ёсць?

— Ёсць.

— Таварыш кампалка, — зноў заварушыўся ў траншэі ветэрынарны маёр. — Пад такім агнём немагчыма нават і папластунску. Я бачыў…

— Мне напляваць, што вы бачылі! — ускіпеў Гунько. — Вы не для таго прысланы ў полк, каб перашкаджаць выкананню баявой задачы.

— Я прысланы кантраляваць яе выкананне, — раззлаваўся і ветэрынар. — I я буду дакладваць камандзіру дывізіі. Вы няправільна ставіце задачу…

— Не вам мяне вучыць, таварыш маёр ветслужбы! Маркін! Усіх у ланцуг! Камандзір батарэі, загадваю: ні на крок не адставаць ад камандзіра батальёна. Кулямёты… Дзе кулямёты ДШК?

— Тут. На сваіх пазіцыях, — азірнуўся Маркін.

— Кулямёты — упярод! Усяму батальёну паўзком упярод! Панялі? Толькі ўпярод!

— Паняў, таварыш маёр, — адказаў зводдаль Маркін, і да Валошына ўсё з большай выразнасцю даходзіў фатальны сэнс, што адбывалася цяпер у гэтай траншэі.

Уявіўшы сабе, які цяжар кладзецца на былога яго начштаба, ён непрыемна паморшчыўся — наўрад ці з ім Маркін справіцца. Але цяпер гэта яго не датычыла, ён перастаў быць камандзірам батальёна і ні за што больш не адказваў. Ён быў тут чалавек старонні.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 153
  • 154
  • 155
  • 156
  • 157
  • 158
  • 159
  • 160
  • 161
  • 162
  • 163
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: